Гэта лета — лёсавызначальнае для больш чым 48 тысяч маладых беларусаў. Менавіта столькі абітурыентаў сёлета гатовы прыняць беларускія ВНУ. Набыццё маладым чалавекам вышэйшай адукацыі, прафесіі мае вялікае значэнне не толькі для яго сям’і, але і для ўсёй краіны. Як бы банальна гэта ні гучала, але ад дзейнасці вышэйшай школы залежыць будучыня дзяржавы. І зусім не дзіўна, што дадзеная сфера знаходзіцца пад пастаянным кантролем Прэзідэнта.
У графік кіраўніка дзяржавы ўключана нямала мерапрыемстваў, прысвечаных сістэме адукацыі. Ёсць і традыцыйныя, напрыклад, кожны год Прэзідэнт заслухоўвае даклад аб правядзенні ўступнай кампаніі.
«Мы выдатна ведаем, якое значэнне мае згаданая падзея ў адказнай сям’і. Самі праз гэта праходзілі. Вельмі важна забяспечыць такую сістэму, якая б пераконвала нашых людзей у справядлівасці правядзення ўступнай кампаніі, — сказаў Аляксандр Лукашэнка, заслухоўваючы адпаведны даклад у маі гэтага года. — Я не сумняваюся, што будзе сумленна. Хоць несумленна і не было».
Кіраўнік дзяржавы часта паўтарае, што ўсё павінна быць выбудавана ў інтарэсах чалавека, нельга нікога страціць ці не заўважыць.
Але пры гэтым падкрэслівае: мы павінны рыхтаваць спецыялістаў, якія патрэбны для сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны, а не даваць дзецям адукацыю толькі дзеля адукацыі.
Аддача ад сістэмы адукацыі ёсць. Але ёсць і над чым працаваць
«Задачу ведаеце: наша моладзь павінна вучыцца і працаваць тут. І перастаньце бегаць да мяне з нейкімі чарговымі навацыямі. Народ разброду і хістання ў адукацыі не прыме. Таму ціха, спакойна працуем у ВНУ. Яшчэ раз падкрэсліваю: праграмы, падручнікі, выкладчыкі. І выходзіць здаровы нармальны выпускнік, які можа працаваць у тых сферах вытворчасці, дзе ён марыў працаваць да паступлення. Зроблена для сферы вышэйшай адукацыі шмат. Створаны ўмовы. Навуковыя школы, інтэлектуальны патэнцыял сёння беражом як зрэнку вока. Таму мы ўсе: абітурыенты, студэнты, іх бацькі, нашы прадпрыемствы і арганізацыі, ды і я ў тым ліку маем права чакаць аддачы», — адзначаў кіраўнік дзяржавы на сустрэчы з членамі Рэспубліканскага савета рэктараў устаноў вышэйшай адукацыі ў лютым 2024 года.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Вячаслаў Даніловіч адзначае, што вышэйшая школа не толькі адказвае за падрыхтоўку спецыялістаў, але і выхоўвае патрыётаў, грамадзян нашай краіны. Таму сістэма адукацыі для любой дзяржавы мае ключавое значэнне. І беларускі прыклад з асабістай увагай Прэзідэнта да развіцця і функцыянавання сістэмы адукацыі — таму пацвярджэнне. «Аддача ад сістэмы вышэйшай адукацыі, безумоўна, ёсць. Я не хачу ніякім чынам сказаць, што ўсе праблемы вырашаны. Праблемы ёсць, але яны паступальна вырашаюцца, — падкрэсліў Вячаслаў Даніловіч. — Сёння вялікая ўвага ўдзяляецца менавіта якасці адукацыі. І ў першую чаргу падрыхтоўцы спецыялістаў, якія патрэбны нашай эканоміцы, нашаму грамадству. Напрыклад, ствараюцца інжынерныя класы, паколькі ўзрасла неабходнасць у такіх спецыялістах. Вельмі важна для падрыхтоўкі сапраўдных прафесіяналаў, што ва ўстановах вышэйшай адукацыі аддаецца значная ўвага практыцы. Гэта таксама патрабаванне Прэзідэнта — каб маладыя людзі ўжо на першым-другім курсах маглі прайсці практыку і зразумець, ці правільны выбар яны зрабілі. Абсалютна здаровы падыход, і ў гэтым плане сістэма адукацыі ў нас удасканальваецца. Важна, што мы адышлі ад радыкальных рэформаў у сістэме адукацыі. Гэта сфера мае вельмі вялікае значэнне для дзяржавы, і тут трэба дзейнічаць досыць акуратна, каб не разбураць тое, што ёсць, а ўдасканальваць, паступальна і стваральна развіваць сістэму адукацыі».
Галоўнае — вучыцца
На цырымоніі ўзнагароджання выпускнікоў і выкладчыкаў ВНУ Прэзідэнт паабяцаў правесці сур’ёзную данастройку ў гэтай сферы. Бо час такі — спыняцца нельга, каб нармальна канкурыраваць, трэба пастаянна павышаць планку. Пытанне не толькі адукацыйнае, але і эканамічнае — краіне патрэбны кваліфікаваныя спецыялісты, здольныя якасна працаваць на карысць эканомікі. Эканоміка, як мы памятаем, на чале ўсяго. І тут дробязяў не бывае.
«Наш Прэзідэнт па адукацыі педагог. Ён як ніхто ведае ўсе плюсы і мінусы беларускай сістэмы адукацыі. У яго таксама ёсць эканамічная адукацыя, і як чалавек, які нясе адказнасць за дзяржаву, ён разумее, якія спецыялісты патрэбны нашай эканоміцы. Менавіта таму кіраўнік дзяржавы пастаянна робіць акцэнт на падрыхтоўцы прафесіяналаў, без якіх не можа жыць краіна. Гэта перш за ўсё сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, спецыяльнасці інжынерна-тэхнічнага профілю, медыцынскія і педагагічныя.
І Прэзідэнт з’яўляецца гарантам даступнай адукацыі для ўсіх слаёў насельніцтва, — адзначыла Галіна Бяляева, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў, заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь. — У нашай краіне на ўсіх узроўнях адукацыя бясплатная, што дазваляе маладым людзям атрымліваць прафесію, незалежна ад дабрабыту іх бацькоў. Галоўнае — вучыцца. Для тых, у каго не атрымалася паступіць на бюджэт, ёсць магчымасць платнага навучання. Прычым сума, якую плацяць бацькі, не складае нават 50 % ад той сумы, што вылучае дзяржава на навучанне аднаго студэнта».
Галіна Бяляева расказала, што на адным з мерапрыемстваў казахстанскія калегі ацанілі вялікую ўвагу, якая ўдзяляецца ў нашай краіне прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Яна адзначыла: павагу да людзей рабочых спецыяльнасцяў грамадству прывівае менавіта кіраўнік дзяржавы, не забываючы пры гэтым і аб вышэйшай адукацыі. «Прэзідэнт настройвае выкладчыкаў на тое, што трэба рыхтаваць сабе змену з маладых спецыялістаў. Для мяне як педагога гэта вельмі важна, таму што я ганаруся дасягненнямі сваіх вучняў, радуюся, калі яны выбіраюць прафесію настаўніка», — адзначыла парламентарый.
Галіна Бяляева звярнула ўвагу на тое, што традыцыйна перад пачаткам навучальнага года кіраўнік дзяржавы ўдзельнічае ў Рэспубліканскім педагагічным савеце, дзе канкрэтна абазначае праблемныя пытанні, якія неабходна вырашаць для далейшага ўдасканалення сістэмы адукацыі. І гэта вельмі важна для саміх педагогаў. «Вялікая заслуга нашага Прэзідэнта ў тым, што мы змаглі захаваць найлепшае ад савецкай сістэмы адукацыі.
І гэта пацвярджаюць нашы калегі з іншых краін. Але мы стараемся і ўлічваць патрабаванні новага часу, што цэніць сама моладзь, якая разумее: Беларусь — унікальная краіна для развіцця іх патэнцыялу», — дадала яна.
Прамы ўклад ва ўмацаванне кадравага патэнцыялу
У ВНУ вучацца чатыры гады, а працуюць нашмат больш. Таму ў падрыхтоўцы спецыялістаў павінны быць зацікаўлены і самі арганізацыі і прадпрыемствы. Прэзідэнт неаднаразова даручаў удзяліць пільную ўвагу мэтаваму навучанню. «Ад гэтага мы нікуды не сыдзем, таму што нам патрэбны і настаўнікі, і ўрачы, і аграномы, і заатэхнікі на канкрэтным месцы ў канкрэтным рэгіёне. І людзі, якія жадаюць паступаць у ВНУ і несці абавязацельствы па мэтавым прызначэнні, ёсць. Іх хапае, таму трэба падтрымліваць», — падкрэсліваў беларускі лідар на адной з нарад.
- Сёлета ў навучальныя ўстановы будзе залічана каля 6,5 тысячы мэтавікоў на ўзроўні вышэйшай адукацыі і 6,9 тысячы — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай. Выгада відавочная: малады чалавек з мэтавым накіраваннем не проста паступае ў ВНУ, а ўжо з першага курса ведае, дзе пачне свой прафесійны шлях, прычым месца ён выбірае сам свядома. І арганізацыі лягчэй вырашаць праблему забяспечанасці кадрамі. А паколькі студэнтам трэба праходзіць вучэбную практыку — можна не чакаць чатыры гады, а падчас навучання пачаць знаёміцца са спецыфікай прафесіі на практыцы.
«Сістэма вышэйшай адукацыі ў нашай краіне дэманструе ўпэўненае развіццё, і шмат у чым гэта заслуга асабістай увагі і стратэгічнага курсу кіраўніка дзяржавы, — адзначае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы, першы намеснік генеральнага дырэктара ААТ „Магілёўхімвалакно“ Канстанцін Сіроцін. — Дзякуючы яго ініцыятывам мы бачым рэальныя вынікі: ад празрыстасці і кантраляванасці прыёмных кампаній да гарантаванага працаўладкавання выпускнікоў. Асабліва хочацца сказаць пра механізм мэтавага навучання, які не толькі павышае якасць падрыхтоўкі спецыялістаў, але і забяспечвае іх запатрабаванасць у ключавых галінах эканомікі. Гэта прамы ўклад ва ўмацаванне кадравага патэнцыялу краіны. Усе названыя меры — яркае пацвярджэнне таго, што вышэйшая школа развіваецца ў адпаведнасці з запытамі часу, а падтрымка з боку дзяржавы гарантуе маладым спецыялістам упэўненасць у заўтрашнім дні».
Важны абмен вопытам
Нашы ВНУ валодаюць добрай навуковай і тэхналагічнай базай, у студэнтаў ёсць усё неабходнае для атрымання новых ведаў і кампетэнцый. Але ж час не дазваляе спыняцца ў сваім развіцці. Таму супрацоўніцтва з замежнымі ўніверсітэтамі — ключавы кірунак у дзейнасці беларускіх устаноў адукацыі. І гэта знаходзіць падтрымку на самым высокім узроўні. Прыкладам стала сустрэча Прэзідэнта з рэктарам Пекінскага ўніверсітэта Гун Цыхуанам. «Зразумела, што Беларусь — не „дзяржава ў капсуле“. Нам неабходна інтэнсіўна развіваць адносіны з такімі вядучымі ВНУ, як Пекінскі ўніверсітэт і іншыя вышэйшыя навучальныя ўстановы Кітая. Таму што ўсе цудоўна разумеюць, што на аснове адукацыі фарміруюцца будучыя спецыялісты. У першую чаргу ў галіне прыродазнаўчых навук, а таксама ў сферы праграмавання. Без гэтых кірункаў ствараць новыя тэхналогіі, прадукцыю, віды паслуг проста нельга», — адзначыў аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё». Ён звярнуў увагу на тое, што сёння вядзецца вялікая канкурэнтная барацьба менавіта ў сферы навукі. «А без добрай сістэмы адукацыі стварыць магутную, фундаментальную, прыкладную навуку проста немагчыма. І таму, вядома, у кіраўніка дзяржавы гэта пытанне стаіць на першым месцы», — дадаў эксперт.
Сістэма дае ўпэўненасць
Непасрэдна і ўскосна пытанні падрыхтоўкі спецыялістаў Прэзідэнт закранае на розных мерапрыемствах: прызначаючы кіраўнікоў райвыканкамаў, наведваючы прадпрыемствы, разглядаючы развіццё кожнай асобнай сферы. І гэта нядзіўна, бо сам Аляксандр Лукашэнка неаднаразова называў сістэму адукацыі дзяржаваўтваральнай галіной. Сёння наша вышэйшая адукацыя — не проста прыступка да дыплома, а надзейны трамплін у паспяховую будучыню для моладзі і магутны кадравы рэзерв для краіны, звярнула ўвагу Таццяна Ігнацюк, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі. «Ключавы фактар гэтага поспеху — пільная ўвага кіраўніка дзяржавы да развіцця сістэмы вышэйшай адукацыі. Асабістая ініцыятыва і падтрымка Аляксандра Рыгоравіча дазволілі выбудаваць унікальную мадэль падрыхтоўкі спецыялістаў, дзе якасць ведаў — абсалютны прыярытэт. Мы бачым гэта ў эфектыўнасці мэтавай падрыхтоўкі, якая дакладна закрывае запыты рэгіёнаў і галін. Мы цэнім абсалютную празрыстасць і кантраляванасць прыёмнай кампаніі — гэта гарантыя сумленнасці і роўных магчымасцяў для ўсіх абітурыентаў. І ганарымся гарантыяй першага працоўнага месца, якая здымае з выпускнікоў груз нявызначанасці, дазваляючы адразу прымяняць веды на практыцы. Сістэма, створаная па ініцыятыве Прэзідэнта, дае ўпэўненасць: студэнту — у заўтрашнім дні, работадаўцу — у кваліфікацыі кадраў, краіне — у сваёй будучыні. Такі комплексны падыход забяспечвае якасную падрыхтоўку сапраўдных прафесіяналаў, гатовых развіваць усе сферы жыцця Беларусі. І ў гэтым — наша ўстойлівасць і наш патэнцыял», — адзначыла сенатар.
Фота krupki.by