На працягу больш як васьмі дзесяцігоддзяў Беларусь застаецца астроўком міру. Па ўсім свеце адзін за адным палыхаюць узброеныя канфлікты, побач з намі ідзе гарачая вайна, а ў нашай краіне — ціха і спакойна. І ўсё дзякуючы асабістым намаганням кіраўніка дзяржавы, які, як ён неаднойчы гаварыў сам, на працягу ўсяго прэзідэнцтва рыхтуецца да вайны толькі з адной мэтай — каб яе больш ніколі не было на шматпакутнай беларускай зямлі. Вельмі вялікую цану за Перамогу ў апошняй, Вялікай Айчыннай вайне, заплацілі беларусы: загінуў кожны трэці. Дагэтуль падзеі 1941 — 1944 гадоў — незагойная рана для нас, ужо новых пакаленняў, якія ніколі не бачылі вайны, але на генетычным узроўні ўсвядомілі, што вайна — самае жудаснае, што можа быць, а мір — найвялікшая каштоўнасць, якую трэба берагчы. І гэта сваім уласным прыкладам дэманструе Аляксандр Лукашэнка, які, нягледзячы на шматлікія правакацыі, пагрозы і спробы ўцягнуць Беларусь у вайну, робіць усё для таго, каб наша краіна заўсёды заставалася такой прыгожай, спакойнай і, самае галоўнае, мірнай.
Асабліва востра каштоўнасць мірнага жыцця адчуваецца ў памятныя, святыя для кожнага з нас даты. Днямі маштабныя мерапрыемствы з нагоды 85-й гадавіны пачатку Вялікай Айчыннай вайны адбыліся ў Брэсцкай крэпасці, дзе і стары, і малы адчуў і веліч подзвігу нашых продкаў, і горыч страт. Наперадзе не менш значная дата, ужо ўрачыстая, тоесная нашай незалежнасці, — 82-я гадавіна вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Яшчэ адна нагода — згадаць подзвіг нашага народа, пакланіцца магілам загінулых, ускласці кветкі да помнікаў і, вядома, у чарговы раз задумацца пра тое, якое шчасце жыць у мірнай Беларусі. Пра важнасць мірнага суіснавання, выключную ролю ў гэтым беларускага лідара, а таксама неабходнасць захавання і абароны гістарычнай памяці разважаюць нашы эксперты.
— Беларусі патрэбны мір. Заўтра, праз год, заўсёды. Нам важна выстаяць і не даць сябе ўцягнуць у канфлікты. Час выбраў нас. Выбраў, каб мы збераглі незалежнасць нашай зямлі і ўсё створанае многімі пакаленнямі да нас. Усё, чым мы разам ганарымся і захапляемся.
Аляксандр лукашэнка падчас цырымоніі ўскладання вянкоў і кветак да манумента Перамогі ў рамках патрыятычнай акцыі «Беларусь памятае!», 9 мая 2024 года.
«Згуртаванне нашага грамадства зробіць нашу краіну менш уразлівай для розных атак»
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў Ірыны ДАЎГАЛА, здрадзіць памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны — злачынства. У сучасных умовах, як падкрэсліла дэпутат, за гістарычную памяць трэба змагацца.

«Вялікая Айчынная вайна — гэта не проста подзвіг нашых продкаў, а і гісторыя, — лічыць Ірына Даўгала. — Гісторыя для кожнага чалавека, як другое прозвішча: яна гаворыць аб тым, хто мы ёсць, таму ведаць яе мы абавязаны. Мы павінны ведаць, чые мы дзеці, па якой зямлі ходзім, якой працай і ратным подзвігам яна стала наша. І нашы продкі, якія прайшлі Вялікую Айчынную вайну, займаюць у гісторыі нашай Радзімы, у нашай асабістай гісторыі найважнейшае месца. Гісторыю вайны неабходна ведаць для таго, каб пераняць у адважных і патрыятычных продкаў усе самыя лепшыя рысы і быць гатовымі абараніць Айчыну».
Парламентарый падкрэсліла, што памяць аб подзвігу нашых продкаў — тое, што нас збліжае. «У гэтыя дні мы, нашчадкі гераічнага пакалення, становімся адзіным цэлым, — лічыць дэпутат. — Мы ідзём да мемарыялаў і воінскіх пахаванняў, каб ускласці кветкі і схіліць галовы, аддаць даніну павагі і памяці загінулым воінам, працаўнікам тылу, старым і дзецям, — усім, хто цаной свайго жыцця здабываў доўгачаканую Перамогу дзеля мірнага неба над галавой».
Дэпутат адзначыла, што наш Прэзідэнт, спалучаючы ў сабе цудоўныя веды ў міжнародных адносінах і сучаснай геапалітычнай сітуацыі, а таксама ва ўнутраных справах краіны, цвёрда, упэўнена і пераканаўча стаіць на пазіцыі захавання міру і ўрэгулявання ўсіх пытанняў выключна мірным шляхам, у тым ліку прапаноўваючы Мінск як пляцоўкудля вырашэння любых канфліктаў. «Калі прааналізаваць практычна ўсе выступленні нашага лідара на самых розных пляцоўках (няхай гэта будуць міжнародныя форумы, мерапрыемствы Саюзнай дзяржавы або ў нашай краіне), ён заўсёды ў аснову ставіць пытанне захавання міру», — удакладніла парламентарый.
Яна заўважыла, што Аляксандр Лукашэнка не пакінуў без увагі занепакоенасць жыхароў Гомельскай вобласці ў сувязі з ультыматыўнымі заявамі Зяленскага. «Яго просьба гамяльчанам — „не хвалявацца і не турбавацца“ — яшчэ раз даказвае бездакорнае выкананне нашым кіраўніком дзяржавы сваёй місіі, як гаранта Канстытуцыі, — лічыць дэпутат. — Менавіта таму ў кожнага з нас павінна быць разуменне, што толькі згуртаванне нашага грамадства, выкарыстанне ўсіх нашых рэзерваў для рэзультатыўнага развіцця эканомікі, сацыяльнай сферы зробіць нашу краіну менш уразлівай для розных атак».
«Мір для нас — гэта неабходнасць, умова існавання»
Як звярнула ўвагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктар Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі Таццяна ІГНАЦЮК, парадокс нашага часу ў тым, што ва ўмовах глабальнай турбулентнасці, калі свет літаральна звініць ад напружання каля нашых граніц, Беларусь застаецца астраўком спакою. Адказ на пытанне — як нам гэта ўдаецца, на погляд парламентарыя, хаваецца ў генетычнай памяці нацыі і ў выверанай дзяржаўнай палітыцы.

«Пытанне не ў тым, каб проста „не ваяваць“, пытанне ў тым, каб стварыць грамадства, устойлівае да правакацый звонку і канфліктаў унутры, — растлумачыла сенатар. — Нашы апаненты часта спрабуюць разыграць карту адрозненняў — у веравызнанні, у поглядах, у вопыце пакаленняў. Аднак захаваць мір можна толькі разам, нягледзячы на гэтыя адрозненні. Гэта не лозунг, гэта наша рэальнасць».
У аснове гэтай устойлівасці, па словах Таццяны Ігнацюк, ляжыць дакладнае ўсведамленне цаны пытання. «Мы — народ, які перажыў генацыд, — канстатавала яна. — У кожнай беларускай сям’і ёсць свой куток памяці, свая незагойная рана, таму мір для нас — гэта не абстрактнае дабро, а неабходнасць, умова існавання. Мы не чакаем вайны, мы вельмі добра ведаем, што гэта такое. Менавіта гэтыя веды прымушаюць нас шанаваць дыялог, бяспеку і прадказальнасць, якія сёння гарантуе дзяржава, забяспечваючы мірнае неба і незалежнасць праз баланс цвёрдай абароны і адкрытасці да саюзаў».
Гаворачы аб захаванні спакою ў краіне, член Савета Рэспублікі адзначае ў гэтым ролю нашага лідара. «Калі Беларусь — гэта карабель, які ідзе скрозь шторм, то ў гэтага карабля ёсць капітан, які не дазваляе збіцца з курсу, — лічыць Таццяна Ігнацюк, маючы на ўвазе цвёрдую стратэгію нашага Прэзідэнта. — Аляксандр Лукашэнка рэалізуе ўнікальную канцэпцыю „прэвентыўнай міратворчасці“. Гэта палітыка, пры якой дыпламатыя заўжды працуе на апярэджанне.
Знакамітая фраза „дрэнны мір лепшы за любую вайну“ — гэта не проста рыторыка, гэта філасофія кіравання дзяржавай у XXІ стагоддзі. Наш Прэзідэнт асабіста кантралюе не толькі ўмацаванне абараназдольнасці, каб ні ў каго не ўзнікла спакуса праверыць нашы граніцы на трываласць, але і сацыяльную сферу. Бо галодны, пазбаўлены працы і перспектыў чалавек — лёгкая здабыча для дэструктыўных сіл. Прэзідэнт трымае руку на пульсе сацыяльнага самаадчування людзей, разумеючы, што ўнутраная стабільнасць — гэта і ёсць галоўны ўклад у глабальную бяспеку».
Гэта, па словах сенатара, мудрасць кіраўніка, які разумее: вайна пачынаецца не са стрэлу, а з разбурэння розумаў і збяднення кашалькоў. «Намаганні Аляксандра Лукашэнкі па навядзенні мастоў паміж Усходам і Захадам, яго асабістая ўцягнутасць у перагаворныя працэсы — гэта цяжкая, незаўважная воку праца, вынікам якой з’яўляецца наша з вамі магчымасць жыць пад мірным небам», — канстатавала Таццяна Ігнацюк.
«Захаванне гістарычнай памяці і праўды мае вырашальнае значэнне для будучыні»
Па словах члена Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Палаты прадстаўнікоў, генеральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзіма ГІГІНА, агучаных у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё», адносіны да даты — 22 чэрвеня — з’яўляюцца найважнейшай часткай самаідэнтыфікацыі беларусаў. Па словах дэпутата, аб гэтым сведчаць сустрэчы ў працоўных калектывах, якія паказваюць, наколькі глыбока тэма Вялікай Айчыннай вайны да гэтага часу адклікаецца ў сэрцах людзей.
«Гэта памяць важная заўсёды, — падкрэсліў парламентарый. — Дзень усенароднай памяці ахвяр Вялікай Айчыннай вайны і генацыду беларускага народа — гэта памяць аб тых падзеях і трагедыі, якая складае частку нашай самаідэнтычнасці. Кожная ваенная падзея асацыюецца з пэўнымі месцамі, складаецца са знакавых сімвалаў. Перамога — гэта салют, парад, Красная плошча ў Маскве. Карэнны пералом — гэта Сталінград, поле пад Прохараўкай. Мы памятаем аперацыю „Баграціён“ як сімвал вызвалення, а Брэсцкую крэпасць — як агульнасаюзны сімвал мужнасці ў першыя дні варожага нашэсця».
Вадзім Гігін падкрэсліў, што ахвяр генацыду немагчыма і нельга забыць. «Захаванне гістарычнай памяці і праўды мае вырашальнае значэнне для будучыні, — акцэнтаваў увагу ён. — Бо, як неаднаразова заяўляў Аляксандр Лукашэнка, менавіта памяць з’яўляецца галоўнай абаронай ад паўтарэння падобных жахаў».
Па словах дэпутата, у адрозненне ад многіх замежных палітыкаў, якія выкарыстоўваюць абцякальныя фармулёўкі для таго, каб адысці ад адказаў, заявы беларускага лідара, у тым ліку аб захаванні ў Беларусі міру, заўсёды рацыянальныя, зразумелыя і адлюстроўваюць цвёрдую пазіцыю Прэзідэнта.
«Ацэнкі Аляксандра Рыгоравіча адрозніваюцца менавіта яснасцю і выразнасцю фармулёвак, — удакладніў Вадзім Гігін. — Гэта не той палітык, які, імкнучыся адысці ад адказу, нагаворыць нешта, а потым „вы самі разбірайцеся“. Прэзідэнт Беларусі гаворыць зразумела, рацыянальна, з разумным, гаспадарскім падыходам — калі мы за мір, то мы за мір. Кіраўнік дзяржавы дакладна гаворыць аб тым, што пагражае планеце, калі мір не будзе дасягнуты ў найбліжэйшы час. Ніякіх ваганняў — толькі пазіцыя моцнага і ўпэўненага дзяржаўнага дзеяча».
Вераніка КАНЮТА