Гэты рэгіён заўсёды знаходзіўся ў зоне асаблівай увагі Аляксандра Лукашэнкі. Як клапатлівы бацька зямлі беларускай, ён заўсёды дбаў пра тое, каб людзі жылі тут не горш, чым у іншых рэгіёнах краіны.
Шырокая праграма мерапрыемстваў, прысвечаная рэгіянальнаму развіццю, гэтым разам з удзелам кіраўніка дзяржавы адбылася ў Мазырскім, Петрыкаўскім і Нараўлянскім раёнах. Прэзідэнт наведаў шэраг сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, ацаніў ход рэалізацыі некаторых інвестыцыйных праектаў, удзяліў увагу пытанням медыцыны і адукацыі, агучыў канкрэтныя даручэнні па развіцці аграсэрвісаў і кандытарскай галіны краіны. Аб асноўных пасылах гэтай вялікай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць, а таксама аб ўвазе кіраўніка дзяржавы да рэгіёна разважаюць нашы эксперты.
«Прэзідэнт і Палессе — гэта дзве часткі аднаго цэлага»
Па словах намесніка старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і сродках масавай інфармацыі Ірыны ДАЎГАЛА, трапяткое стаўленне кіраўніка дзяржавы да Палесся праглядаецца ва ўсім: у адносінах да арганізацыі, дысцыпліны і культуры вытворчасці, найперш у сельскай гаспадарцы, да забяспечанасці сельгастэхнікай і ў вельмі цёплых адносінах да людзей, палешукоў.

Яскравым таму пацвярджэннем, як падкрэсліла дэпутат, з’яўляецца вялікая камандзіроўка Прэзідэнта ў Гомельскую вобласць. «Развіццё Прыпяцкага Палесся на парадку дня не першы год, — канстатавала Ірына Даўгала. — З 2010 года ў краіне пачалася рэалізацыя пяцігадовай Дзяржаўнай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця і комплекснага выкарыстання прыродных рэсурсаў Прыпяцкага Палесся. Ужо ў самой назве праграмы размова ідзе аб рэсурсах, а гэта значыць, што неабходна было ўкараняць і новыя тэхналогіі, і меліярацыю зямель, аб чым неаднаразова гаварыў Прэзідэнт падчас наведвання Гомельскага рэгіёна».
Парламентарый нагадала словы беларускага лідара, які адзначаў, што толькі за кошт Палесся можна накарміць усю краіну. «Важна, што людзі не проста вераць кіраўніку дзяржавы, а ідуць за ім, з непадробнай радасцю дэманструючы свае дасягненні і поспехі на кожным аб’екце», — акцэнтавала ўвагу яна.
Паслядоўная дзяржаўная палітыка, па словах дэпутата, дае свае вынікі. «Тут у сукупнасці можна гаварыць і аб праграмнай дзейнасці, і аб рэгіянальных асаблівасцях, і аб рэалізацыі так званага інвестыцыйнага партфеля „Адзінраён — адзін праект“, што з’яўляецца ініцыятывай нашага Прэзідэнта, — канкрэтызавала яна. — Разнапланавасць наведвання аб’ектаў (а гэта і сельгаспрызначэнне, і харчовая перапрацоўка, і сацыяльная сфера) толькі падкрэслівае развіццё палескага рэгіёна па ўсіх кірунках. Аднак у цэнтры застаецца чалавек».
Багацце любой краіны, як заўважыла Ірына Даўгала, заключаецца ў наяўнасці ўнікальных рэгіёнаў. «У нашай краіне — гэта Палессе, бо гэта месца сілы і фарміравання нацыянальнага кода, — падкрэсліла парламентарый. — У Беларусі абсалютна ва ўсім свой шлях. Можна лічыць, унікальны беларускі шлях. Больш як за паўтара дзясятка гадоў рэалізацыі ўжо не адной праграмы развіцця Прыпяцкага Палесся палешукі, дзякуючы сваёй працы і падтрымцы Прэзідэнта, ператварылі балотны край у квітнеючае Палессе. Аднак, як сцвярджае кіраўнік дзяржавы, нам патрэбны новы прарыў, трэба мяняць філасофію адносін да гэтых зямель».
Намеснік старшыні пастаяннай камісіі лічыць важным, каб у людзей было не проста жаданне жыць на сваёй зямлі, а была патрэба працаваць і развіваць свой край. «Родная зямля дае нам нешта большае, чым проста фізічную прысутнасць, — адзначыла дэпутат. — Яна дорыць адчуванне спакою і бяспекі».
«Стваральная палітыка Беларусі будуецца на працавітасці і любові да сваёй зямлі»
Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага РУП «Фармацыя» Людміла САПЕГА звярнула ўвагу на тое, што рабочая паездка Аляксандра Лукашэнкі ў Гомельскую вобласць была звязана з прыняццем прынцыповых кіраўнічых рашэнняў па развіцці Прыпяцкага Палесся. «Візіт кіраўніка дзяржавы чарговы раз пацвердзіў, што Гомельскі рэгіён знаходзіцца ў цэнтры асаблівай увагі Прэзідэнта, а яго развіццё разглядаецца выключна праз прызму канкрэтных спраў і ўзважаных падыходаў», — падкрэсліла сенатар.

Парламентарый адзначыла, што праграма знаходжання кіраўніка дзяржавы на Гомельшчыне была максімальна насычанай. «Аляксандр Лукашэнка дэталёва вывучыў стан спраў у самых розных сферах жыцця рэгіёна, — канкрэтызавала яна. — Пры абмеркаванні рэалізацыі праектаў у рамках ініцыятывы „Адзін раён — адзін праект“ Прэзідэнт падкрэсліў, што новыя вытворчасці — гэта той фундамент, які павінен утрымліваць людзей на месцах, адначасова забяспечваючы рост іх дабрабыту. Асаблівая ўвага была ўдзелена пытанням меліярацыі і эфектыўнага выкарыстання зямель у пацярпелых раёнах. Патрабаванне Аляксандра Лукашэнкі нязменнае: жалезная дысцыпліна, выкананне тэхналогій і атрыманне максімальнай аддачы з кожнага кавалка зямлі».
Людміла Сапега нагадала, што беларускі лідар праінспектаваў і сацыяльныя аб’екты, у тым ліку медыцынскія і адукацыйныя. «Пытанні якасці жыцця, даступнасці медыцынскага абслугоўвання, забеспячэння жыллём маладых спецыялістаў у малых гарадах у ходзе паездкі былі абазначаны як прыярытэтныя, — удакладніла член Савета Рэспублікі. — Пры гэтым Аляксандр Лукашэнка арыентаваў мясцовую вертыкаль улады на ўзважаныя падыходы: „Нам не патрэбны рэкорды дзеля лічбаў, нам патрэбны вынік, які адчуе кожны чалавек“. Былі дадзены даручэнні па дадатковым стымуляванні дзелавой актыўнасці ў раёнах і аптымізацыі работы некаторых галін. У прыватнасці, стварэнні малочнатаварных комплексаў, адраджэнні аграсэрвісаў, аптымізацыі бальнічнай сеткі».
Традыцыйна важнай часткай паездкі, па словах сенатара, сталі прамыя зносіны Прэзідэнта з жыхарамі рэгіёна. «Людзі бачаць і цэняць тую каласальную работу па адраджэнні гэтых зямель, якая пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі была праведзена за 40 гадоў, — лічыць парламентарый. — У сваю чаргу Прэзідэнт адзначыў стойкасць і працавітасць гамяльчан, падкрэсліў, што дзяржава будзе і ў далейшым падтрымліваць тых, хто хоча працаваць на сваёй роднай зямлі».
Галоўным вынікам візіту кіраўніка дзяржавы на Гомельшчыну, па меркаванні сенатара, стала канстатацыя таго, што прынятае дзесяцігоддзі таму рашэнне не кідаць гэтыя землі, а змагацца за кожны гектар, за кожную вытворчасць было адзіна правільным. «У Гомельскую вобласць укладзены каласальныя дзяржаўныя сродкі: праведзена маштабная газіфікацыя, пабудаваны сучасныя дарогі, створана ўнікальная медыцынская інфраструктура і перадавыя аграпрамысловыя комплексы, — канкрэтызавала Людміла Сапега. — Сёння гэта жывы край, які развіваецца, які паспяхова прайшоў этап ліквідацыі наступстваў аварыі і трывала стаў на шлях інтэнсіўнага эканамічнага развіцця. Візіт кіраўніка дзяржавы паказаў, што стваральная палітыка Беларусі будуецца на працавітасці і любові да сваёй зямлі.
«У раёнах Прэзідэнта чакаюць з нецярпеннем»
Як адзначае старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па экалогіі і прыродакарыстанні Жанна ЧАРНЯЎСКАЯ, многія гады запар Прэзідэнт прыязджае ў рэгіёны, якія пацярпелі ад аварыі на ЧАЭС. «Маштабная праграма сёлетняй чатырохдзённай камандзіроўкі ўключала некалькі раёнаў, розныя аб’екты і прадпрыемствы — ад аграпрамысловага комплексу да кандытарскай фабрыкі», — канстатавала дэпутат.

Парламентарый акцэнтавала ўвагу на тым, што чырвонай ніткай праз усю паездку кіраўніка дзяржавы праходзіць тэма рэгіянальнага развіцця. «Аляксандр Рыгоравіч падрабязна прааналізаваў стан спраў у АПК, перапрацоўцы сельгаспрадукцыі, работу з зямлёй, асаблівую ўвагу ўдзяліў дысцыпліне, — канкрэтызавала яна. — Не абышлося без крытыкі і падвядзення вынікаў па выкананні раней пастаўленых задач. Размова ішла і аб эфектыўнасці кіравання ў вобласці, і аб існуючым патэнцыяле раёнаў, на якія пункты росту трэба звярнуць увагу».
Па словах Жанны Чарняўскай, размова ішла і аб землях, што пацярпелі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС, якія паступова вяртаюцца ў гаспадарчы абарот, з улікам адпрацаванай сістэмы. «Для паўднёвых рэгіёнаў Гомельшчыны ключавымі галінамі эканомікі з’яўляюцца сельская і лясная гаспадаркі, перапрацоўка сельгаспрадукцыі, абапіраючыся на якія неабходна развіваць гэтыя раёны», — удакладніла дэпутат.
Старшыня пастаяннай камісіі падкрэсліла, вялікая камандзіроўка кіраўніка дзяржавы на Гомельшчыну ў чарговы раз паказала, што ў раёнах Прэзідэнта чакаюць з нецярпеннем. «Людзі вельмі ўдзячны Аляксандру Рыгоравічу за яго асабісты ўдзел у адраджэнні пацярпелых раёнаў, — заўважыла Жанна Чарняўская. — Бо мы памятаем, што яшчэ ў дзевяностыя гады кіраўніку дзяржавы прапаноўвалі махнуць рукой на гэтыя землі, але ён быў катэгарычна супраць і паставіў прынцыповую задачу — аднавіць землі. Некалькі дзесяцігоддзяў пытанні сацыяльна-эканамічнага развіцця і жыццядзейнасці насельніцтва знаходзяцца ў фокусе ўвагі Прэзідэнта. І, як паказвае час, рашэнне аказалася правільным».
«У Гомельскай вобласці — магутны прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял»
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, намесніка старшыні Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Ксеніі ПАНЦЮХОВАЙ, чатырохдзённая рабочая паездка кіраўніка дзяржавы ў Гомельскую вобласць стала не проста серыяй інспекцый, а дэманстрацыяй стратэгічнага падыходу да развіцця рэгіёну, які непарыўна звязаны з гісторыяй, эканомікай і бяспекай краіны. «Маршрут наведвання кіраўніка дзяржавы ахапіў Мазырскі, Петрыкаўскі і Нараўлянскі раёны, дзе былі ўзняты тэмы ад рамонту сельгастэхнікі і навядзення парадку на зямлі да стандартаў сацыяльнай інфраструктуры», — канкрэтызавала сенатар.

Парламентарый адзначыла, што традыцыйная ўвага да Гомельшчыны не выпадковая і грунтуецца на постчарнобыльскім адраджэнні і росце дабрабыту жыхароў гэтых тэрыторый. «Нароўні з выплатамі льгот і кампенсацый, гарантаваных насельніцтву дзяржавай, інвестыцыямі ў сацыяльную сферу, мерапрыемствамі па радыяцыйнай абароне, дзяржаўная палітыка накіравана на ўмацаванне эканамічнага патэнцыялу пацярпелых рэгіёнаў», — удакладніла Ксенія Панцюхова.
Па меркаванні члена Савета Рэспублікі, для кіраўніка дзяржавы прынцыповым з’яўляецца не проста захаванне жыцця на гэтых тэрыторыях, а іх паўнацэннае адраджэнне. «У Гомельскай вобласці — магутны прамысловы і сельскагаспадарчы патэнцыял, — звярнула ўвагу яна. — У апошнія гады зроблены нядрэнны задзел: праведзены маштабнае тэхнічнае пераўзбраенне і мадэрнізацыя шэрагу прамысловых прадпрыемстваў, уведзены сучасныя малочнатаварныя комплексы, набыта новая сельскагаспадарчая тэхніка. Моцная эканоміка аказвае значны ўплыў на сацыяльную сферу, дабрабыт і ўзровень жыцця нашых грамадзян. Рабочая паездка кіраўніка дзяржавы мела прыкладны характар — асабіста пракантраляваць выкананне раней гэтых даручэнняў, асабліва ў сацыяльнай сферы».
Вераніка КАНЮТА, Наталля КАПРЫЛЕНКА