«Прэзідэнт, па сутнасці, адчыніў новыя дзверы»
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр ЛУКАШЭНКА:
«У сучасных рэаліях глабальнай трансфармацыі, калі моцнымі гэтага свету адкрыта ігнаруюцца і парушаюцца нормы міжнароднага права, незалежным краінам неабходна ўзаемадзейнічаць больш цесна, кансалідаваць намаганні, накіраваныя на абарону свайго суверэнітэту і паляпшэнне дабрабыту нашых грамадзян».
Падчас перагавораў у Пхеньяне з паўночнакарэйскім лідарам Кім Чэн Ынам, 26 сакавіка 2026 года.
Афіцыйны візіт Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі ў КНДР стаў важнай падзеяй у агульным геапалітычным раскладзе, пачаткам новага этапу ў развіцці супрацоўніцтва дзвюх нашых краін.
Аб тым, наколькі важныя для нашай краіны вынікі гэтага візіту, якія ў ім закладзены пасылы і сэнсы, разважаюць прадстаўнікі экспертнай супольнасці.
«Цягам літаральна аднаго-двух-трох гадоў мы туды заходзім»
Дэкан факультэта журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, палітолаг Аляксей Бяляеў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа-радыё» адзначыў:
— Аляксандр Лукашэнка, скажам так, пратаптаў новую сцежку! Мы ведаем, што візіты Прэзідэнта ў краіны далёкай дугі ў апошнія гады адбываюцца дастаткова часта. Але пры гэтым ён ездзіць у даволі экзатычныя, на першы погляд, дзяржавы, пра якія ў нас у інфармацыйным полі гавораць мала. І часта гэта краіны, з якімі на момант візіту практычна няма сур’ёзных, глыбокіх адносін. А далей пачынаецца самае цікавае: на працягу літаральна аднаго-двух-трох гадоў мы туды заходзім. Так было, напрыклад, з Афрыкай — пасля візіту ў Зімбабвэ... Або калі ўспомніць Кітай: на світанні сваёй прэзідэнцкай кар’еры Лукашэнка пратаптаў туды «дарожку». Цяпер гэта ўжо фактычна «забетанаваная шаша», па якой ідуць аўтамабілі і цягнікі, а над імі лётаюць самалёты.
— Цяпер робяцца толькі першыя крокі. Прэзідэнт, па сутнасці, адчыніў новыя дзверы, у якія далей павінны накіравацца беларускія бізнесмены, прадпрымальнікі, чыноўнікі для таго, каб пашыраць гэта ўзаемадзеянне, — дадаў дэкан журфака БДУ.
«Гэта не проста сімвалічны візіт»
У візітах падобнага ўзроўню ўсё мае значэнне, нясе сэнсы, у тым ліку і пратакол сустрэчы і іншых мерапрыемстваў.
— Гэта не проста пратакольнае мерапрыемства, таму што работа па падрыхтоўцы візіту вялася дастаткова даўно. Як сустракалі беларускую дэлегацыю і кіраўніка дзяржавы, як быў выбудаваны камунікат у рамках візіту, а таксама дух Дагавора аб сяброўстве і супрацоўніцтве — усё гэта сведчыць аб тым, што гэта не проста сімвалічны візіт, — адзначыў у эфіры «Першага інфармацыйнага» аналітык Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў Антон Дударонак. — Гэта падкрэслівае, што нашы адносіны выйшлі на новы ўзровень. Дамоўленасці пераводзяць сімвалічнае значэнне гэтага працэсу ў канкрэтныя праекты, кантракты і работу на перспектыву.

— Пхеньян давярае тым, хто трымае сваё слова і можа падставіць плячо ў цяжкую хвіліну. Беларусь гэта прадэманстравала. Заявы, якія прагучалі падчас перагавораў, сведчаць аб тым, што нашы сувязі — гэта шматпалярнасць, якая працуе, — акцэнтаваў аналітык БІСД. — І беларускі, і карэйскі бакі казалі пра шматпалярнасць, пра тое, што мы павінны аб’ядноўвацца, каб больш эфектыўна супрацьстаяць новым выклікам і санкцыйнаму ціску. Гэта стварае прастору для развіцця паміж Мінскам і Пхеньянам, якая будзе працаваць далей.
З тым, што да ўсіх аспектаў трэба ставіцца больш глыбінна і што палітыка вырашаецца не проста імгненнымі задачамі, згодны і намеснік начальніка факультэта Генштаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Беларусі, кандыдат ваенных навук Андрэй Багадзель, У эфіры СТБ ён звярнуў увагу на падарункі, якімі абмяняліся лідары дзвюх краін:
— Што значыць падарыць зброю адзін аднаму? Гэта прызнанне статуснасці, мужнасці і, самае галоўнае, вельмі блізкіх саюзных адносін. Не выпадкова Прэзідэнт сказаў ключавое слова — «сябар». Гэта значыць, сёння мы можам гаварыць аб сапраўдным сяброўстве паміж дзвюма дзяржавамі, а самае галоўнае — паміж двума лідарамі. Мы існуём у свеце, у якім ніхто ўжо не звяртае ўвагу на міжнародныя пагадненні, і ўзаемасувязь паміж лідарамі пачынае адыгрываць вельмі важную ролю. Асабліва цяпер, калі трэба будзе пераглядаць сістэму міжнародных адносін, архітэктуру бяспекі, асабістых дамоўленасцяў.

Дзеля здаровага сэнсу і нацыянальных інтарэсаў
Самым важным вынікам візіту Прэзідэнта Беларусі ў КНДР стала падпісанне маштабнага Дагавора аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж краінамі.

— Ва ўмовах беспрэцэдэнтнага глабальнага ціску падпісанне такога дагавора — гэта выразны сігнал усяму свету: суверэнныя дзяржавы выбіраюць шлях партнёрства, заснаванага на ўзаемнай павазе, а не на дыктаце звонку, — адзначае член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве, генеральны дырэктар Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людміла Сапега. — Акрамя таго, Беларусь і КНДР у знешняй палітыцы аддаюць перавагу не дыктату і агрэсіі, а доўгатэрміноваму плённаму супрацоўніцтву. Абедзве краіны робяць стаўку на развіццё рэальнага сектара эканомікі, харчовую бяспеку і высокія тэхналогіі. Супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, прамысловасці і сельскай гаспадарцы, медыцыне адкрывае новыя гарызонты для краін, дзе дабрабыт чалавека працы стаіць у цэнтры дзяржаўнай палітыкі. Падпісанне Дагавора аб сяброўстве і супрацоўніцтве паміж Беларуссю і КНДР — гэта перамога здаровага сэнсу і нацыянальных інтарэсаў брацкіх народаў. Гэта доказ таго, што ў шматпалярным свеце, які фарміруецца, шчырае сяброўства і канструктыўнае ўзаемадзеянне не ведаюць меж.
Член Пастаяннай камісіі па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ, гендырэктар Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Вадзім Гігін лічыць, што ў аснове ўзаемаадносін паміж краінамі ляжыць палітыка агульнасці поглядаў на сусветныя працэсы.

— Важныя і пытанні абароны: нашы краіны паспяхова адстойваюць сваю незалежнасць і суверэнітэт, — заўважыў эксперт у ток-шоу «Будні» на «Альфа-радыё». — Такіх краін у свеце няшмат. Беларусь і КНДР не з’яўляюцца буйнымі па тэрыторыі ці насельніцтву, але нам удаецца абараняць свае інтарэсы і мець уласную пазіцыю ў глабальных справах. Узаемная палітычная падтрымка, якая раней была не такой прыкметнай, цяпер набывае асаблівую каштоўнасць.
Па словах Вадзіма Гігіна, ён не раз чуў меркаванне экспертаў аб тым, што геапалітычны саюз Беларусі, Расіі, Кітая і КНДР — гэта будучыня, аснова сапраўды шматпалярнага свету. Менавіта гэта «вялікая чацвёрка» краін, якія даказалі свой суверэнітэт, якія цесна супрацоўнічаюць і развіваюць актыўнае ўзаемадзеянне, можа стаць вядучым гульцом у фарміраванні новага светаўладкавання.
У тым, што ўзровень узаемадзеяння з КНДР будзе вельмі высокі, можна не сумнявацца. Ён аказваецца такім з усімі краінамі, дзе з візітам пабываў наш Прэзідэнт. Таму што, падкрэсліў Вадзім Гігін, Аляксандр Лукашэнка — адказны палітык з найвышэйшым аўтарытэтам, які знаходзіцца ў цэнтры ключавых геапалітычных працэсаў і рашэнняў:
— Гэта можа камусьці не падабацца, могуць з’яўляцца інфармацыйныя ўкіды — але гэта толькі лішні раз пацвярджае значнасць і самога Прэзідэнта, і Беларусі ў сучасных міжнародных раскладах.