Эксперты — аб задачах, пастаўленых кіраўніком дзяржавы перад урадам.
У аўторак Прэзідэнт прыняў з дакладам Прэм’ер-міністра. Абмяркоўвалася шырокае кола пытанняў, якія датычацца не толькі выканання ўрадам даручэнняў кіраўніка дзяржавы, а ў цэлым паспяховага функцыянавання эканомікі ў сучасных умовах. Аляксандр Лукашэнка агучыў Аляксандру Турчыну недахопы ў канкрэтных галінах, спыніўся і на станоўчых момантах. Пытаннем нумар адзін для кіраўніка Савета Міністраў Прэзідэнтам вызначана прамысловасць. «Арганізоўвайце, напружвайце, прадавайце», — канкрэтызаваў задачу беларускі лідар, арыентуючы на павелічэнне экспарту. Акрамя таго, у Палацы Незалежнасці, ішла размова аб рэалізацыі складскіх запасаў, узаемадзеянні з Казахстанам у авіяцыйнай сферы. Аляксандр Лукашэнка праінфармаваў, што ў выкананне пастаўленай раней задачы ў Нацыянальным банку фарміруецца група, якая будзе аналізаваць сітуацыю ў эканоміцы. Кіраўнік дзяржавы вельмі паглыблены ў тэму, а таму яго даручэнні — прадметныя і на перспектыву.
Аб важнасці задач, пастаўленых Прэзідэнтам перад Аляксандрам Турчыным і ў цэлым перад урадам, падзяліліся меркаваннямі нашы эксперты.
«Харчовая бяспека — найважнейшы складальнік нацыянальнай бяспекі»
Як адзначыла член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і бяспецы, старшыня Гомельскай абласной арганізацыі рэспубліканскага грамадскага аб’яднання «Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа» Ала СМАЛЯК, прымаючы з дакладам Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына, Прэзідэнт у тым ліку звярнуў увагу на работу аграпрамысловага комплексу — кантроль вытворчасці, продажу, экспарт.

«У прыватнасці, кіраўнік дзяржавы ўказаў, што аб’ёмы вытворчасці свініны аднаўляюцца недастатковымі тэмпамі, а аб’ёмы вырабленага сметанковага масла на складах пакуль яшчэ застаюцца вялікія, — канкрэтызавала сенатар. — Пытанне забеспячэння якасным і бяспечным харчаваннем у патрэбных аб’ёмах — у цэнтры пастаяннай увагі нашага Прэзідэнта. Харчовая бяспека — найважнейшы складальнік нацыянальнай бяспекі. Гэта стрыжань стабільнасці, дабрабыту, аснова ўстойлівага развіцця краіны, захавання здароўя і якасці жыцця людзей».
Па словах Алы Смаляк, Беларусь на працягу многіх гадоў дэманструе прыклад сістэмнага, прадуманага падыходу да харчовай бяспекі. «Сёння мы маем высокую ступень самадастатковасці ў вытворчасці асноўных для нас відаў харчавання, — удакладніла яна. — Напрыклад, па вытворчасці збожжа і гародніны на душу насельніцтва наша краіна ўваходзіць у пяцёрку краін-лідараў СНД. Хаця яшчэ ў 1990-я (як многія памятаюць, а маладыя пакаленні з цяжкасцю ўяўляюць) пустыя паліцы ў прадуктовых магазінах былі рэальнасцю».
У фокусе пастаяннай увагі кіраўніцтва краіны, як адзначыла парламентарый, — удасканаленне, падтрымка аграрнага сектара, укараненне сучасных тэхналогій у вытворчасць і перапрацоўку, рацыянальнае выкарыстанне зямельных рэсурсаў. «Прымаюцца ўсе меры для таго, каб у людзей заўсёды быў шырокі выбар прадуктаў харчавання — якасных, бяспечных і, безумоўна, смачных і карысных», — канкрэтызавала Ала Смаляк.
Сенатар акцэнтавала ўвагу на тым, што Беларусь узмацняе свае пазіцыі як удзельнік міжнароднага рынку харчовых тавараў. «Наша краіна здольна пастаўляць на экспарт шырокі асартымент высакаякаснай прадукцыі, — удакладніла яна. — І попыт, запыт на тавары пад маркай „Зроблена ў Беларусі“ пастаянна расце». У якасці прыкладу член Савета Рэспублікі прывяла запуск новай лініі па вытворчасці цукерак з сухога малака, якія падабаюцца спажыўцам у Паднябеснай, Калінкавіцкім малочным камбінатам у супрацоўніцтве з кітайскім партнёрам. Мяркуецца, што рэалізацыя праекта дасць магчымасць прадпрыемству ў тым ліку нарасціць экспартную выручку.
«У беларускай прадукцыі добрае імя і надзейны імідж»
Аляксандр Лукашэнка звяртаў увагу, што пытанне нумар адзін для ўрада — прамысловасць. Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па прамысловасці, энергетыцы, транспарце, сувязі і лічбавым развіцці Палаты прадстаўнікоў Юрыя ПАНФІЛАВА, удзельная вага прамысловасці ў ВУП краіны складае трэцюю частку. «Па сутнасці, гэта драйвер эканомікі, — падкрэсліў дэпутат. — Замясціць чымсьці падзенне прамысловых паказчыкаў будзе складана. Таму Прэзідэнт і нацэльвае ўрад, Прэм’ер-міністра на неабходнасць актывізацыі работы ў гэтым кірунку».

Асаблівай прапрацоўкі, на думку парламентарыя, патрабуюць меры па прасоўванні беларускай прадукцыі на знешнія рынкі. «Прэм’ер-міністр адзначыў, што рост будзе забяспечаны, — канкрэтызаваў Юрый Панфілаў. — Аднак кіраўнік дзяржавы арыентуе на паскарэнне гэтага працэсу. Арганізацыя эфектыўнай работы нацэльвае ўсіх на выкананне задач, пастаўленых Прэзідэнтам».
Юрый Панфілаў звярнуў увагу на тое, што прадукты айчыннай вытворчасці сёння з’яўляюцца своеасаблівым брэндам Беларусі на міжнароднай арэне. «Аб гэтым, у прыватнасці, сведчыць камандзіроўка Старшыні Палаты прадстаўнікоў у В’етнам, дзе вялікая зацікаўленасць у нашай прадукцыі, найперш машынабудаўнічага профілю, — канкрэтызаваў дэпутат. — Рыхтуецца візіт у адказ в’етнамскай дэлегацыі ў Беларусь: там вельмі цэняць нашы кампетэнцыі ў гэтай галіне. Паездка ў Егіпет засведчыла, што дзелавыя колы гэтай краіны вельмі зацікаўлены ў пастаўках аўтатэхнікі МАЗа (там створаны сэрвісныя цэнтры гэтага прадпрыемства). МТЗ таксама зацікаўлены ў пастаўках прадукцыі на гэты рынак. Адным словам, наша прадукцыя на знешніх рынках вельмі запатрабавана. У яе добрае імя і надзейны імідж, бо мы не толькі прадаём, мы суправаджаем нашу прадукцыю яшчэ і сэрвісна».
«Наша эканоміка годна справілася з выклікамі часу, якія выпалі на гэты перыяд»
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па бюджэце і фінансах Палаты прадстаўнікоў Святлана БАРТАШ звярнула ўвагу на тое, што эканоміка — адзін са складальнікаў нацыянальнай бяспекі краіны, які патрабуе сістэмнай работы. «2025 год — апошні год пяцігодкі, у гэты перыяд закладваюцца асноўныя параметры далейшага развіцця краіны на найбліжэйшую і сярэднятэрміновую перспектыву, — праінфармавала яна. — Падводзячы кароткі вынік, можна адзначыць наступнае: наша эканоміка годна справілася з выклікамі часу, якія выпалі на гэты перыяд. Гэта і ковід, і санкцыі, і пошук новых рынкаў збыту, і іншае».

Па словах дэпутата, у свеце запатрабавана якасная прадукцыя. «Яна мае свой цэнавы сегмент, патрэбнасць у пастаўках, аб’ёмах, таму невыпадкова бягучая пяцігодка аб’яўлена пяцігодкай якасці, — патлумачыла Святлана Барташ. — Мы ўсе разумеем, наколькі гэта важна. Кіраўнікі прадпрыемстваў, якія карыстаюцца сыравінай, хочуць якасную прадукцыю для таго, каб вырабіць годны прадукт і рэалізаваць яго. Людзі хочуць купіць якасны тавар. Таму Прэзідэнт і трымае ўсе пытанні, можна сказаць, на ручным кіраванні: вельмі пільна сочыць за эканамічнымі паказчыкамі».
Дэпутат адзначае, што па выніках даклада Прэм’ер-міністра Прэзідэнту дакладна прасочваецца тэндэнцыя на пошук новых рынкаў збыту, своечасовага прыняцця рашэнняў па аб’ёмах вытворчасці канкрэтнага віду прадукцыі, якая не павінна ісці на склад, а будзе знаходзіць свайго спажыўца.
«За апошнія гады наша краіна ў развіцці АПК паказала прарыў, — канстатавала парламентарый. — Я прадстаўляю Брэстчыну, таму магу смела аб гэтым гаварыць. Аб’ёмы вытворчасці, сыравіны для нашых малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў узраслі ў некалькі разоў, і гэта прадукцыя запатрабавана. Мы гаворым і аб іншых таварах, паслугах. Мы гаворым аб жыцці нашых выбаршчыкаў, грамадзян, якія працуюць на прадпрыемствах: за аб’ём прадукцыі, якая вырабляецца, яны хочуць своечасова атрымаць і заробак, і прэмію. А на ўзровень жыцця нашых грамадзян уплываюць падаткі, якімі мы фарміруем бюджэт краіны».
Дэпутат нагадала, што бюджэт мае сацыяльную скіраванасць. «Тое, як будзе развівацца наша ахова здароўя, наколькі мы можам удасканальвацца ў адукацыйным працэсе, як мы можам дапамагчы нашым грамадзянам у добраўпарадкаванні месцаў пражывання, залежыць ад нашых падаткаў, якімі мы ў далейшым можам кіраваць сацыяльнай палітыкай дзяржавы, — заўважыла Святлана Барташ. — Таму актуальнасць тэмы развіцця эканомікі ніколі не будзе страчана, яна заўсёды будзе на вастрыі, бо гэта даходы нашых выбаршчыкаў і якасць жыцця».
«Такая патрабавальнасць — залог будучых поспехаў»
Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, дырэктара Бярозаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіццёвага навучання і рэабілітацыі Таццяны ІГНАЦЮК, рабочы даклад Прэм’ер-міністра Аляксандру Лукашэнку з’яўляецца не проста справаздачай, а своеасаблівай зверкай гадзіннікаў усёй вертыкалі ўлады. «Мінулая сустрэча стала яскравым прыкладам таго, як павінен працаваць гэты звязак: з абсалютным разуменнем стратэгічных задач і цвёрдым фокусам на іх практычным выкананні», — акцэнтавала ўвагу сенатар.

Парламентарый нагадала, што Прэзідэнт дакладна абазначыў «пытанне нумар адзін» для ўрада: «Арганізоўвайце, напружвайце, прадавайце!». «Гэта лаканічная формула, якая адносіцца да ўсіх нас, — канцэнтрат нашай бягучай эканамічнай палітыкі, — лічыць Таццяна Ігнацюк. — Размова ідзе не проста аб нарошчванні экспарту, а аб мабілізацыі ўсіх рэсурсаў, уменні знаходзіць новыя рынкі і надзейна ўтрымліваць старыя».
Член Савета Рэспублікі ўпэўнена, што даручэнне аб стварэнні ў Нацбанку спецыяльнай аналітычнай групы з’яўляецца мудрым крокам для прыняцця ўзважаных рашэнняў на аснове глыбокага аналізу. Па меркаванні Таццяны Ігнацюк, ва ўмовах турбулентнай сусветнай эканомікі нам як ніколі патрэбен дакладны прагноз і апераджальнае дзеянне.
«Беспрэцэдэнтная ўвага да аграпрамысловага комплексу сведчыць аб найвышэйшым прыярытэце харчовай бяспекі краіны, — канстатавала парламентарый. — Упэўнена, што такая патрабавальнасць — гэта залог будучых поспехаў. Яна дысцыплінуе, мабілізуе і канцэнтруе на галоўным. Нам ёсць чым ганарыцца ў аграпрамысловым комплексе, але няма мяжы дасканаласці. Задачы, пастаўленыя Аляксандрам Рыгоравічам, — наш агульны арыенцір на наступны рывок у развіцці. Гэта і ёсць наша формула ўстойлівасці: адзінства, адказнасць і жорсткі кантроль на карысць кожнага жыхара Беларусі».
Па словах сенатара, галоўны вынік гэтай сустрэчы для кожнага з нас у тым, што прымаюцца канкрэтныя, узважаныя рашэнні. «У тым, што на самым высокім узроўні гучыць выразнае патрабаванне з выканаўцаў за вынік, — дадала Таццяна Ігнацюк. — А гэты вынік — і ёсць стабільнасць у нашым жыцці, упэўненасць у заўтрашнім дні і рэальныя перспектывы для нашых дзяцей. Менавіта такі — прадметны і патрабавальны — дыялог улады з’яўляецца залогам нашага ўстойлівага развіцця».
«Поспехі ў сельскай гаспадарцы — вынік зладжанай работы на ўсіх узроўнях»
Асобна падчас даклада Аляксандра Турчына Прэзідэнту гучала тэма сельскай гаспадаркі. Кіраўнік дзяржавы звяртаў увагу, што ўраджайнасць вышэйшая, чым у папярэднія гады. І гэта нягледзячы на ўмовы надвор’я, якія сёлета не спрыялі хлебаробам.
Намеснік старшыні Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Андрэй БАЛЫШ удакладніў, што прыстойны вынік атрыманы ў найскладанейшых умовах. «Гэта бачна і па намалоце збожжа, ідзе ўборка плодаагародніннай прадукцыі, нарыхтоўка травяных кармоў, кукурузы, — канкрэтызаваў ён. — Гэта не выпадковасць, а заканамернасць. Пачынаючы з 2000-х гадоў, калі паступова пачалі працаваць праграмы адраджэння вёскі, аграбізнесу, сітуацыя ў сельскай гаспадарцы з кожным годам паляпшалася. Гэта вынік зладжанай работы на ўсіх узроўнях».

Што датычыцца экспартнага патэнцыялу сельскай гаспадаркі, дэпутат пагаджаецца з Прэм’ер-міністрам, які адзначаў, што сёння складана канкурыраваць на сусветным рынку харчавання. «Па кожным кірунку — ці гэта жывёлагадоўля, ці раслінаводства — ёсць годныя прадстаўнікі, — патлумачыў Андрэй Балыш. — Але дзякуючы таму, што прадукцыя беларускай вытворчасці з’яўляецца якаснай і смачнай, яе пазнаюць і з задавальненнем спажываюць».
У аснове высокіх паказчыкаў у рабоце аграпрамысловага комплексу, па меркаванні парламентарыя, — няпростыя рашэнні, прынятыя Прэзідэнтам яшчэ ў далёкім 1994 годзе, накіраваныя на захаванне нашых прамысловых гігантаў. «На МТЗ, „Гомсельмашы“ вырабляюць высакаякасную, канкурэнтаздольную сельскагаспадарчую тэхніку, — адзначыў дэпутат. — Ва ўмовах, калі з боку недружалюбных краін ідзе адкрыты эканамічны шантаж, у кааперацыі з Расійскай Федэрацыяй мы ствараем неабходныя запчасткі — у выніку няма праблем, чым пасеяць і чым узараць».
Андрэй Балыш звярнуў увагу на тое, што з боку дзяржавы аказваецца падтрымка спецыялістам аграпрамысловага сектара. У прыватнасці, ажыццяўляецца забеспячэнне іх жыллём. Акрамя таго, свой плённы ўнёсак у развіццё сельскай гаспадаркі робіць беларуская навука, айчынная селекцыя. «У сукупнасці ўсе гэтыя фактары — залог паспяховай дзяржаўнай палітыкі ў аграрным кірунку», — падкрэсліў дэпутат.
«Парламент гатовы да канструктыўнай работы з урадам»
Чарговы рабочы даклад Прэм’ер-міністра Аляксандра Турчына Прэзідэнту Беларусі, па меркаванні члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці, рэктара Гродзенскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Ігара ЖУКА, пацвярджае зладжанасць і эфектыўнасць узаемадзеяння дзяржаўных органаў у рэалізацыі стратэгічных задач.
«Аляксандр Лукашэнка дакладна акрэсліў праблемы, якія патрабуюць неадкладнай увагі: нягледзячы на тэмпы рост ВУП у 101,6 %, экспарт тавараў упаў на 2,5 %, а на складах застаюцца нерэалізаванымі 30 тысяч тон сметанковага масла, — канкрэтызаваў сенатар. — Дадзена даручэнне аб навядзенні парадку ў пытанні паставак свініны, пастаўлена задача жорсткага кантролю за аднаўленнем аб’ёмаў».
Кажучы аб сітуацыі з авіяпералётамі праз Беларусь прыватных казахстанскіх авіякампаній, Ігар Жук падкрэсліў, што Прэзідэнт даў зразумець: мы гатовы да дыялогу з дружалюбным Казахстанам, але нацыянальныя інтарэсы, уключаючы ўзаемнасць у абслугоўванні нашых авіяперавозчыкаў, павінны ўлічвацца няўхільна.

«Асаблівую важнасць мае даручэнне Прэзідэнта аб стварэнні ў Нацбанку аналітычнай групы для незалежнай ацэнкі эканамічнай сітуацыі, — перакананы парламентарый. — Гэта рашэнне ўзмоцніць эфектыўнасць кантролю і дапаможа ў выпраўленні становішча ў такіх галінах, як прамысловасць і сельская гаспадарка. Парламент падтрымлівае такі патрабавальны курс і гатовы да канструктыўнай работы з урадам для дасягнення пастаўленых мэт».
Вераніка КАНЮТА