Top.Mail.Ru

Эксперты — аб задачах Прэзідэнта па ўзмацненні абараназдольнасці нашай краіны і важнасці праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл

«Людзі падтрымліваюць курс дзяржаўнай улады на захаванне міру і стабільнасці»


Пытанням ваеннай бяспекі, абараназдольнасці краіны беларускі лідар удзяляе асаблівую ўвагу. Падзеі ў свеце, у тым ліку зусім побач з нашай граніцай, выносяць гэту тэму бадай на першы план. У аўторак, праводзячы нараду па пытаннях аснашчэння Узброеных Сіл і развіцця ваенна-прамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на тым, што ў сучасных умовах самадастатковай можа быць толькі тая дзяржава, якая здольная гарантаваць сваю бяспеку найперш у ваеннай сферы. Хочам мы таго або не, як падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, нам давядзецца ўмацоўваць нашу абараназдольнасць.

Сведчаннем таго, што словы кіраўніка дзяржавы ніколі не разыходзяцца са справай, з’яўляецца маштабная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, якая з 16 студзеня праводзіцца па даручэнні Галоўнакамандуючага. Прэзідэнт на асабістым кантролі трымае ход праверкі, асаблівасцю якой з’яўляецца комплекснасць, раптоўнасць, яе ажыццяўленне ў абход Міністэрства абароны і Генеральнага штаба.

«Ключавым у ваенным канфлікце застаецца салдат»

Старшыня Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Палаты прадстаўнікоў Генадзь ЛЕПЯШКО адзначыў, што праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл дазваляе праверыць стан беларускай арміі, магчымасць рэагаваць на ўсе пагрозы і выклікі, якія могуць быць у адносінах да Рэспублікі Беларусь, гатоўнасць ваеннаслужачых выконваць задачы па прызначэнні.


«Мы бачым, што суседнія краіны захоўваюць сваю несяброўскую рыторыку ў адносінах да нашай краіны, — заўважыў дэпутат. — Акрамя таго, павялічваюць колькасць сваіх Узброеных Сіл, трацяць вялізныя сродкі на пакупку наступальных і дальнабойных узбраенняў. І самае галоўнае, што злучэнні і воінскія часці гэтых краін НАТА набліжаюцца да граніц Рэспублікі Беларусь, граніц Саюзнай дзяржавы». У тым ліку і па гэтай прычыне, як падкрэсліў Генадзь Лепяшко, абараназдольнасці ў нашай краіне ўдзяляецца самая пільная ўвага.

«Падзеі на палях спецыяльнай ваеннай аперацыі паказваюць, што ключавым у ваенным канфлікце застаецца салдат, — канстатаваў генерал-маёр запасу. — Яго аснашчэнне — адзін з галоўных прыярытэтаў у гэтай вайне. У нас для аснашчэння сваіх салдат ёсць усё: і абмундзіраванне, і стралковая зброя, і гранатамёты, і супрацьтанкавыя кіруемыя комплексы. Мы пабудавалі завод па вытворчасці патронаў, таму для сябе будзем ствараць неабходную колькасць боепрыпасаў».

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў заўважыў, што разам з глыбокай мадэрнізацыяй узбраення і ваеннай тэхнікі, якая засталася нам у спадчыну пасля распаду Савецкага Саюза, у Беларусі займаюцца распрацоўкай найноўшых узораў. «Не сакрэт, што мы працягваем мадэрнізацыю ракетнага комплексу «Паланэз», і ў нас у бліжэйшы час з’явіцца свая ракета, — канкрэтызаваў ён. — Што датычыцца артылерыі, рэактыўныя сістэмы залпавага агню «Град» у тым ліку вырабляюцца ў Беларусі, на базе шасі МАЗа. У нас ёсць такія ж сістэмы, але больш буйнога калібру: «Смерч» і «Ураган».

Па словах парламентарыя, у выпадку ўзнікнення пэўнага ўзброенага канфлікту мы не павінны хадзіць з працягнутай рукой і прасіць, каб нехта даў тэхніку і боепрыпасы да яе, як цяпер робіць Украіна. Таму рашэнне Прэзідэнта аб будаўніцтве завода для забеспячэння сваіх Узброеных Сіл неабходнымі боепрыпасамі, у тым ліку артылерыйскіх сістэм і рэактыўных сістэм залпавага агню, на думку Генадзя Лепяшко, абсалютна правільнае.

«Гэта не FPV-дроны, якія маюць пэўны тэрмін захоўвання, а ракеты, снарады, якія пры нармальных умовах могуць захоўвацца дзесяцігоддзямі, — заўважыў дэпутат. — І мы не будзем ні ад каго залежыць. Маючы сваё, зможам адрэагаваць на любы ўзброены канфлікт. А тыя сістэмы і віды ўзбраення, якія ў нас не вырабляюцца, купім у сваіх стратэгічных партнёраў — Расійскай Федэрацыі і Кітайскай Народнай Рэспубліцы».

Гаворачы аб узроўні падрыхтоўкі беларускай арміі, старшыня пастаяннай камісіі адзначыў, што папярэднія вынікі раптоўнай праверкі Узброеных Сіл сведчаць аб тым, што ваеннаслужачыя, у тым ліку прызваныя з запасу, годна выконваюць свае функцыянальныя абавязкі, нягледзячы на ўмовы надвор’я. «Гэта вынік работы той сістэмы падрыхтоўкі Узброеных Сіл, баявой падрыхтоўкі асабовага складу і аператыўнай падрыхтоўкі афіцэраў-кіраўнікоў, наладжанай у нашай краіне», — рэзюмаваў Генадзь Лепяшко.

«Нам неабходна пастаянна мадэрнізаваць сваю абараназдольнасць з мэтай адбіцця магчымай узброенай агрэсіі»

Як звярнуў увагу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей МЯЛЕШКІН, нарада па пытаннях аснашчэння Узброеных Сіл і развіцця ваенна-прамысловага комплексу ў Беларусі сведчыць аб канкрэтных справах, якія ў нашай дзяржаве ўжо рэалізуюцца. «Прэзідэнт яшчэ ў сваім пасланні да беларускага народа і Нацыянальнага сходу акцэнтаваў увагу на тым, што сёння на сусветнай арэне адбываецца ўцягванне дзяржаў у глабальную вайну і што ў нашай краіне выбудавана дзяржаўная сістэма бяспекі, якая ўжо на працягу дзесяцігоддзяў дазваляе захоўваць мір на нашай зямлі, — канстатаваў сенатар. — Акрамя таго, кіраўнік дзяржавы ў пасланні гаварыў і аб неабходнасці мужчынам быць гатовымі абараняць сваіх дзяцей, жанчын, сем’і, што і з’яўляецца нашай краінай, нашай Беларуссю».


Сяргей Мялешкін звярнуў увагу на тое, што абараназдольнасць з’яўляецца адным з прыярытэтаў Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь на 2026 — 2030 гады. «З улікам сучасных патрабаванняў да эфектыўнасці ўзбраення і ваеннай тэхнікі, якія сёння прымяняюцца ў сучасных канфліктах, нам неабходна пастаянна мадэрнізаваць сваю абараназдольнасць з мэтай адбіцця магчымай узброенай агрэсіі, — лічыць ён. — Прэзідэнт гаворыць аб тым, што порах павінен быць заўсёды сухім».

Парламентарый канстатаваў, што Беларусь знаходзіцца ў атачэнні несяброўскіх урадаў, якія ўзначальваюць дзяржавы на нашых заходніх межах. «Менавіта ўрадаў, бо ўзаемаадносіны з народам Літвы, Латвіі і Польшчы ў нас складваюцца па-добрасуседску, — удакладніў ён. — Нашы суседзі бачаць, як на тэрыторыі іх краін ствараецца інфраструктура для сіл НАТА, будуюцца і пашыраюцца палігоны, узводзяцца новыя пляцоўкі для размяшчэння бранятэхнікі, яе абслугоўвання, актыўна праводзяцца ваенныя вучэнні блока НАТА. У Польшчы ўвесь час павялічваецца колькасць узброеных сіл. Днямі яны атрымалі каля 250 танкаў „Абрамс“. Не здзіўлюся, калі Польшча сёння з’яўляецца самай буйной дзяржавай у Еўропе менавіта па наяўнасці гэтай тэхнікі».

На ўсё гэта, як акцэнтаваў увагу член Савета Рэспублікі, трацяцца мільёны еўра. «Супраць каго ўсё гэта? Супраць Беларусі, якая візы для ўезду на сваю тэрыторыю адмяніла, якая гатова весці міралюбівую знешнепалітычную лінію, размаўляць з усімі краінамі, абмяркоўваць праблемныя пытанні, якія ўзнікаюць? — задаў слушнае пытанне Сяргей Мялешкін. — Усё гэта ўказвае на тое, што мы павінны займацца канкрэтнымі справамі — у прыватнасці, вытворчасцю той зброі, якая дазволіць, як і многія дзесяцігоддзі дагэтуль, захоўваць мір на нашай беларускай зямлі».

Парламентарый адзначыў, што падчас праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл сярод іншага правяраецца і фізічная форма ваеннаслужачых. Па яго словах, гэта галоўнае, чым павінен валодаць любы мужчына. «І ў маёй сістэме (МНС. — „Зв.“) вялікая ўвага ўдзяляецца падтрымцы ратавальнікамі добрай фізічнай формы, а таксама ўсім навыкам, неабходным для таго, каб абараніць сваю дзяржаву, сям’ю, — дадаў Сяргей Мялешкін. — Упэўнены, што Узброеныя Сілы Беларусі прадэманструюць адпаведны ўзровень свайго фізічнага стану, выканаюць пастаўленыя задачы. У прынцыпе гэта іх асноўная функцыя — рэагаваць на рэзкае змяненне абстаноўкі, знаходзіцца ў кругласутачнай гатоўнасці выканаць пастаўленыя задачы па абараназдольнасці нашай краіны».

«Людзі павінны адчуваць, што яны абаронены»

Раптоўная праверка боегатоўнасці Узброеных Сіл, як звярнуў увагу намеснік начальніка факультэта па вучэбнай і навуковай рабоценачальнік вучэбна-метадычнага аддзела факультэта Генеральнага штаба Узброеных Сіл Ваеннай акадэміі Беларусі, кандыдат ваенных навук Андрэй БАГАДЗЕЛЬ, стала адказам на падзеі ў свеце і абумоўлена сітуацыяй, якая складваецца вакол суседняй дружалюбнай краіны. «Усё ўзаемазвязана, не проста так мы гэта паказваем ва ўсіх сродках масавай інфармацыі, — заўважыў ён у праекце БелТА «У тэме». — Людзі павінны адчуваць, што яны абаронены, і мы гатовы да гэтага новага міру, дзе менавіта сіла пачынае адыгрываць першарадную ролю. Невыпадкова ў нас з’явілася тактычная ядзерная зброя, „Іскандэры“. І невыпадкова мы праводзім гэтыя праверкі».


Эксперту блізкія словы кіраўніка дзяржавы, які гаварыў аб тым, што беспілотнікі, іншая тэхніка — важныя, але яшчэ больш важны салдат, які беспілотнік запусціць, павядзе танк. «У рэшце рэшт у гэтых складаных зімовых умовах праверка паказала самае галоўнае — мы гатовы дзейнічаць у абсалютна любых умовах, і ў нас ёсць правільнае разуменне, як выкарыстоўваць нашу сістэму ўзбраення ў дачыненні да такіх умоў, — канстатаваў Андрэй Багадзель. — І Прэзідэнт правільна заўважыў, што хто б ні гаварыў пра беспілотнікі, усё роўна асноўная роля будзе адведзена артылерыі: сёння гэта бог вайны. А каму будзе мала артылерыі, дай бог, каб да гэтага не дайшло, ёсць ядзерны грыб».

Па словах кандыдата ваенных навук, галоўным паказчыкам бяспекі нашай дзяржавы, забеспячэння не толькі ваеннай, але і нацыянальнай бяспекі ў цэлым, з’яўляецца тое, што сёння мы дакладна разумеем, куды мы ідзём, навошта і што трэба для нашай абараназдольнасці.

«Моцным лічаць таго, каго не рызыкнуць праверыць на трываласць»

Па словах члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Андрэя КРЫВАНОСАВА, граніцы Беларусі сёння пад такім ціскам, якога не было дзесяцігоддзі. «Польшча траціць на войска вялізныя сродкі, скупляе танкі — гэта ўжо не проста насцярожвае, а вымушае адказваць, хаця мы мірная краіна і маем намер заставацца такой», — адзначыў ён.


Сенатар звярнуў увагу на тое, што вайна ва Украіне паказала, што зыход бою па-ранейшаму вырашае артылерыя, а расход снарадаў каласальны. «Купляць іх у крызіснай сітуацыі немагчыма, а значыць, трэба рабіць самім, — перакананы Андрэй Крываносаў. — Гэта не гонка ўзбраенняў, а стварэнне падушкі бяспекі для нашага мірнага жыцця. Наш Прэзідэнт, як руплівы гаспадар, прызвычаіўся, каб у Беларусі было ўсё сваё. Не толькі харчаванне, прамысловасць, а і ўзбраенні, боепрыпасы ў нас павінны быць свае. У гэты складаны час у свеце шмат баявых сутыкненняў і канфліктаў, і наўрад ці нам удасца набыць пэўныя запасы, бо яны маюць сёння крытычнае значэнне. Таму неабходнасць вытворчасці ўласных боепрыпасаў, у тым ліку артылерыйскіх, з’яўляецца вельмі важным фактарам нацыянальнай бяспекі нашай краіны».

Пры гэтым парламентарый падкрэсліў, Беларусь не збіраецца ні на каго нападаць. «Размова толькі аб стрымліванні, бо моцным лічаць таго, каго не рызыкнуць праверыць на трываласць, — патлумачыў Андрэй Крываносаў. — І калі для таго, каб нас пакінулі ў спакоі, патрэбны свае снарады, то яны ў нас будуць».

Што датычыцца раптоўнай праверкі боегатоўнасці Узброеных Сіл, па словах сенатара, гэта адзіна магчымы спосаб даведацца, як працуюць Узброеныя Сілы ва ўмовах, набліжаных да рэальных. «Любая армія мірнага часу ў спакойных умовах можа расслабіцца і пачаць працаваць па накатанай: падраздзяленні прывыкаюць да распарадку, тэхніка стаіць у парках, — прывёў прыклад Андрэй Крываносаў. — Але праціўнік не будзе чакаць, пакуль мы аб’явім зборы, апавясцім рэзервістаў, размарозім склады. Таму мэта праверкі — зламаць графік, стварыць умовы, у якіх сістэма не паспела падрыхтавацца прыгожа адрапартаваць, паглядзець, колькі рэальна трэба часу, каб падняць воінскую часць па трывозе, дастаць тэхніку з захоўвання, выдаць боепрыпасы. Важна разумець і тое, як афіцэры прымаюць рашэнні ва ўмовах недахопу часу і ўступных, да якіх яны не рыхтаваліся па плане, як людзі працуюць зімой у полі, як тэхніка паводзіць сябе на бездарожжы».

Што датычыцца быццам бы недаверу Прэзідэнта да беларускай арміі, аб чым пішуць нашы апаненты, член Савета Рэспублікі падкрэсліў, што сапраўдны недавер — гэта калі камандзіру нічога не гавораць, а потым пры вучэннях ствараюць ідэальныя ўмовы, каб ён не зганьбіў мундзір. «Тут наадварот, камандзірам давяраюць настолькі, што дазваляюць ім працаваць ва ўмовах, максімальна набліжаных да баявых, даюць права на памылку, каб потым яе выправіць», — канкрэтызаваў Андрэй Крываносаў.

Ён адзначыў, што ў 2025 годзе завяршыўся пяцігадовы цыкл будаўніцтва, развіцця і падрыхтоўкі Узброеных Сіл. «І найлепшы спосаб даведацца вынік гэтага цыклу — раптоўная праверка, якая дазваляе ўбачыць не толькі дасягненні ў пытаннях абараназдольнасці, а і вызначыць праблемы, вызначыць меры па іх вырашэнні, — перакананы Андрэй Крываносаў. — Па выніках праверкі будуць унесены неабходныя карэктывы ў бягучы пяцігадовы цыкл падрыхтоўкі Узброеных Сіл».

«На планеце няма іншага народа, які быў бы больш зацікаўлены ў захаванні міру, чым наш народ»

Па словах члена Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Аляксандра ШПАКОЎСКАГА, падобныя падыходы ў дзяржаўнай палітыцы Беларусі — рыхтавацца да вайны, каб яе ніколі не было — дастаткова эфектыўныя. «Увесь перыяд з моманту набыцця дзяржаўнага суверэнітэту наша дзяржава развіваецца мірна, — канстатаваў ён. — Больш таго, унутраная стабільнасць у грамадстве і мірнае развіццё Беларусі з’яўляецца адным з нашых асноўных дасягненняў апошніх дзесяцігоддзяў. Для Беларусі гэта ўнікальны перыяд: 81 год, з іх ужо каля 35 гадоў у суверэнным фармаце, наша краіна развіваецца мірна. У той час, як на працягу ўсёй гісторыі наш народ аказваўся ў эпіцэнтры самых крывавых падзей у гісторыі чалавецтва».


У той час, калі ў свеце неспакойная, складаная, заблытаная абстаноўка, якая мае тэндэнцыю да эскалацыі, нарастае недавер і напружанасць у адносінах паміж асноўнымі цэнтрамі сілы, а на поўдні ад нашай Дзяржаўнай граніцы кровапралітны канфлікт, у Беларусі дзейнічаюць у напрамку таго, каб захаваць мір на нашай зямлі.

«У гэтай сувязі адзіным зразумелым механізмам з’яўляецца пастаяннае ўмацаванне абараназдольнасці і вучэбна-баявыя мерапрыемствы для Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь, — лічыць Аляксандр Шпакоўскі. — Наша армія не ваюе, таму адзін спосаб нарошчваць ваенныя навыкі для таго, каб забяспечваць мір і бяспеку на беларускай зямлі, — правядзенне вучэбна-баявых мерапрыемстваў, у тым ліку ў такім раптоўным фармаце праверкі боегатоўнасці, у абыход асноўных цэнтраў прыняцця ваенных рашэнняў — Мінабароны і Генштаба».

Дэпутат заўважыў, што людзі спакойна ўспрымаюць гэту праверку. «Яны прызвычаіліся да таго, што дзяржаўныя органы Рэспублікі Беларусь, нашы сілавыя структуры, наша армія, з’яўляюцца надзейнай апорай нашай краіны, — канстатаваў ён. — Галоўнакамандуючы неаднаразова гаварыў аб тым, што кожны павінен займацца сваёй справай, а бяспека — гэта яго клопат, як і ваенных людзей. Наадварот, насельніцтва з разуменнем ставіцца да падобных мерапрыемстваў з улікам міжнароднай сітуацыі, таго, што захавалася памяць і аб падзеях 2020 года, і мы шануем нашу гісторыю, памятаем крывавыя падзеі Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Беларусі».

Аляксандр Шпакоўскі перакананы, што трэба ацэньваць сітуацыю па перыметры нашых граніц, аналізаваць ваенныя рызыкі і прымаць неабходныя меры для павышэння абараназдольнасці беларускай дзяржавы і боегатоўнасці беларускай арміі. «Наша Ваенная дактрына мае абарончы характар, але заснавана на прынцыпах нанясення патэнцыяльнаму праціўніку непрымальнай шкоды — прасцей кажучы, на нас павінны баяцца напасці, — патлумачыў дэпутат. — Ёсць яшчэ палітыка-дыпламатычныя інструменты, якія мы таксама актыўна выкарыстоўваем. На планеце няма іншага народа, які быў бы больш зацікаўлены ў захаванні міру, чым наш народ. Беларусы будуць рабіць усё магчымае для таго, каб не дапусціць на сваёй тэрыторыі вайны. Людзі ў абсалютнай большасці падтрымліваюць курс дзяржаўнай улады на захаванне міру і стабільнасці, максімальнага дыстанцыравання ад любых узброеных канфліктаў».

Вераніка КАНЮТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю