Top.Mail.Ru

Эксперты — аб задачах, якія паставіў Прэзідэнт па абыходжанні з адходамі

«Адходы ў даходы»

На нарадзе па пытаннях абыходжання з адходамі і другаснымі матэрыяльнымі рэсурсамі, якая прайшла ў аўторак у Палацы Незалежнасці, кіраўнік дзяржавы завастрыў увагу на неабходнасці гаспадарскага падыходу да ўсяго, у тым ліку да выкарыстання ДМР: «Аднаўляльныя і другасныя рэсурсы — наша „золата“ літаральна пад нагамі, якім мы слаба займаемся». Абсалютна справядлівы пасыл, з якім складана не пагадзіцца. Нашы эксперты — аб тэзісах кіраўніка дзяржавы.

«Золата» пад нагамі

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па прыродакарыстанні і экалогіі Жанна Чарняўская падкрэслівае, што ад стану спраў па абыходжанні з адходамі залежыць экалагічны складнік і здароўе кожнага беларуса.

— Таму нарада ў кіраўніка дзяржавы па пытаннях абыходжання з адходамі — вельмі важная, — падкрэсліла парламентарый.

Дэпутат акцэнтуе ўвагу на задачы па ўпарадкаванні кантролю:

— Павінен быць адзін рэгулятар, які наладзіць сістэму работы з адходамі. Трэба, вядома, скараціць колькасць адходаў. Аб’ём прамысловых і цвёрдых камунальных адходаў ад насельніцтва, адназначна, неабходна памяншаць. Варта адмовіцца ад захоўвання адходаў на палігонах, таму што гэта забруджвае навакольнае асяроддзе (зямлю, грунтавыя воды). Нам трэба з насельніцтвам працаваць і растлумачваць, а можа, нават прымяніць метады стымулявання і прыцягнення да адказнасці. Кіраўнік дзяржавы гаварыў аб звалках, якія ўтвараюцца на межах або сельгасзямель, або лясной гаспадаркі.

На думку старшыні профільнай камісіі, надышоў той момант, калі трэба наладзіць сістэму вытворчасці або эканомікі замкнёнага цыкла, калі адходы аднаго прадпрыемства з’яўляюцца сыравінай для іншага:

— Тут важная тэма яшчэ і тым, што неабходна стварыць інтэрактыўную карту, дзе на тэрыторыі Беларусі ўтвараюцца адходы, як перамяшчаецца ў тым ліку другасная сыравіна, як збіраецца і перапрацоўваецца, і дзе яна. То-бок трэба наладзіць сістэму, каб адходы ператвараліся ў даходы. І магчыма працягнуць гэта ў рамках Саюзнай дзяржавы, для таго каб мы не трацілі грошы на набыццё адходаў для дзейнасці нашых прадпрыемстваў, а карысталіся гэтай інтэрактыўнай картай у тым ліку і бачылі, дзе ёсць адходы, якія патрэбныя нам для вытворчасці.

Член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Таццяна Ігнацюк працягвае:

— Кіраўнік дзяржавы абсалютна дакладна адзначыў, што «золата» літаральна ляжыць пад нагамі" — гэта метафара як ніколі дакладна адлюстроўвае патэнцыял, які мы сёння недаацэньваем.

На яе думку, абыходжанне з адходамі — гэта не толькі пытанне экалагічнай бяспекі, але і магутны рэсурс для эканомікі:

— Пераход да цыркулярнай мадэлі, дзе другасныя матэрыялы вяртаюцца ў вытворчы цыкл, дазволіць скараціць выдаткі на сыравіну, стварыць новыя працоўныя месцы і знізіць нагрузку на навакольнае асяроддзе. Асабліва важна, што Прэзідэнт акцэнтаваў увагу на сістэмным падыходзе: неабходна ўзмацніць нарматыўную базу, мадэрнізаваць інфраструктуру сартавання і перапрацоўкі, а таксама больш актыўна далучаць бізнес і насельніцтва ў гэтыя працэсы.

Сенатар выказала ўпэўненасць, што рэалізацыя пастаўленых задач стане драйверам устойлівага развіцця Беларусі:

— Гэта наш унёсак не толькі ў эканоміку, але і ў будучыню наступных пакаленняў. І цяпер важна грамадзянам, бізнесу і грамадскім арганізацыям аб’яднаць намаганні, бо толькі разам мы зможам ператварыць адходы ў рэсурсы, а праблемы — у магчымасці.

Парадак павінен быць усюды 

— Неабходна адзначыць, што за перыяд з 2013-га да 2025 года краіна значна прасунулася ў пытанні выкарыстання камунальных адходаў, аднак не так далёка, як мы імкнуліся ў тыя гады, — дапаўняе калегу член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па рэгіянальнай палітыцы і мясцовым самакіраванні Аляксандр Максімчук. — Так, у нас ужо ёсць вопыт і разуменне куды і як рухацца, падрастаюць іншыя пакаленні з зусім іншай экалагічнай свядомасцю. Аднак мы не павінны дапускаць нейкага самазаспакаення і расслабляцца. Рэсурсы, якія могуць быць ўцягнуты ў другасны гаспадарчы абарот, абавязаны быць туды ўцягнутыя без якіх-небудзь страт.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч у сваю чаргу падкрэслівае той факт, што Прэзідэнт Беларусі адзначыў шэраг хібаў у навядзенні парадку і дабрабыце, цалкам справядліва абазначыўшы размеркаванне зон адказнасці:

— У прыватнасці, грамадзяне самі павінны быць у адказе за «няскошаныя ўчасткі, заваленыя платы, смецце на прысядзібнай тэрыторыі».

Парламентарый перакананы, што ў зоне адказнасці мясцовых органаў улады павінны быць адзінокія людзі, пенсіянеры, інваліды, тыя, хто ў сілу пэўных абставін не можа навесці належны парадак у сябе на тэрыторыі:

— А вось аказанне дапамогі бацькам — гэта ўжо прамы абавязак дарослых дзяцей і ўнукаў. Тут пытанне не абмяркоўваецца.

Таксама парламентарый звяртае ўвагу на тое, што Прэзідэнт пазначыў выразную пазіцыю і па прадпрыемствах.

— Парадак павінен быць усюды і ва ўсім! — лічыць Іван Маркевіч. — І гэта не стыхійная мера, а прамая задача кожнага з нас.

З такім тэзісам салідарны і калега з Савета Рэспублікі, член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Мялешкін, які перакананы, што сістэмная перапрацоўка другасных рэсурсаў — прыярытэт, як для прамысловасці, так і для экалогіі Беларусі ў цэлым:

— Укараненне інавацыйных рашэнняў у галіне абыходжання з адходамі, дасведчанасць і адказнасць насельніцтва ў гэтай галіне — чарговы важны крок да ўстойлівага развіцця.

А эфектыўнасць патрабуе сумесных намаганняў усіх удзельнікаў працэсу — ад грамадзян да бізнесу і дзяржаўных структур. Але першасны — просты грамадзянін!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю