Top.Mail.Ru

Эксперты абмеркавалі бяспечнасць прадукцыі для дзяцей

У Мінску прайшла навукова-практычная канферэнцыя, прысвечаная пытанням бяспекі дзіцячых цацак ва ўмовах росту новых тэхналогій і павелічэння асартыменту тавараў. У ёй узялі ўдзел больш за 90 спецыялістаў з Беларусі і Расіі. Эксперты абмяркоўвалі тэхнічнае і заканадаўчае рэгуляванне, рызыкі, а таксама шляхі павышэння якасці і бяспекі прадукцыі для самых маленькіх спажыўцоў.


Удзельнікі канферэнцыі сышліся ў меркаванні: тэма абароны дзяцей патрабуе сістэмнага падыходу і высокай адказнасці з боку дзяржавы, бізнесу і спецыялістаў, якія задзейнічаны ў вытворчасці і кантролі прадукцыі. Першы намеснік старшыні Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Аляксандр БУРАК падкрэсліў, што дзяржава мэтанакіравана ўзмацняе меры абароны ўнутранага рынку. Паводле яго слоў, у краіне ўжо створаны эфектыўныя механізмы нагляду: за 9 месяцаў 2024 года выяўлена больш за 900 найменняў небяспечнай прадукцыі, а больш як 400 дакументаў аб ацэнцы адпаведнасці адменены. Значная частка з гэтай колькасці (22 %) датычыцца тавараў, прызначаных для дзяцей і падлеткаў.

Аляксандр Бурак адзначыў, што работа вядзецца комплексна і ахоплівае шырокі спектр кірункаў. У Беларусі рэалізуецца маштабная праграма па стандартызацыі ў галіне бяспекі дзяцей і падлеткаў — ад харчовых прадуктаў і вучэбных дапаможнікаў да абсталявання дзіцячых пляцовак і паслуг. Асобнае месца займае сумесны з Расіяй праект па стандартызацыі дзіцячага харчавання, які ўключае больш за 90 мерапрыемстваў.

Прадстаўнікі беларускага боку адзначаюць, што работа датычыцца не толькі класічных цацак, але і новых катэгорый: гульнявога абсталявання, навучальных матэрыялаў і г. д. Асабліва актуальнай становіцца тэма ўключэння новых ці карэкціроўкі дзеючых патрабаванняў бяспекі ў тэхнічныя рэгламенты, у тым ліку ў рэгламент Мытнага саюза «Аб бяспецы цацак». Падчас канферэнцыі ўдзельнікі абмеркавалі фізіка-механічныя і санітарна-гігіенічныя паказчыкі прадукцыі, асаблівасці сертыфікацыі, а таксама пытанні, звязаныя з выкарыстаннем другаснай сыравіны.

Асобны блок быў прысвечаны ўзнікненню новых рызык — у прыватнасці, бяспецы прадукцыі з элементамі штучнага інтэлекту.

Важным элементам праграмы канферэнцыі стаў міжнародны вопыт: эксперты прааналізавалі падыходы, якія прымяняюцца ў розных краінах для мінімізацыі негатыўнага ўплыву прадукцыі на псіхічнае здароўе дзяцей, пытанні кантролю за рэкламай, а таксама дзейнасць гандлёвых аб’ектаў, у тым ліку і ў анлайн-прасторы.

Дырэктар Беларускага дзяржаўнага інстытута стандартызацыі і сертыфікацыі Аляксандр СКУРАТАЎ падкрэсліў, што тэма бяспекі цацак закранае кожную сям’ю: «У кожнага з нас ёсць дзеці ці ўнукі, і, натуральна, што мы хочам быць упэўненыя ў бяспецы прадукцыі». Ён адзначыў, што інстытут працуе па ўсіх кірунках, дзе ўзнікаюць рэальныя рызыкі: ад аналізу пагроз да распрацоўкі стандартаў, якія павінны рэгуляваць патрабаванні да сучасных дзіцячых тавараў. Аляксандр Скуратаў падкрэсліў і важнасць супрацоўніцтва з расійскімі структурамі — «Росстандартом» і «Роскачеством», — што дазваляе аператыўна выпрацоўваць агульныя падыходы ў галіне бяспекі дзіцячых тавараў.

Па выніках канферэнцыі чакаецца фарміраванне шэрагу прапаноў, якія будуць выкарыстаны ў далейшай рабоце ў наступным годзе. Асобная ўвага ўдзеліцца маніторынгу і ацэнцы рызык, а таксама кірункам, дзе патрабуецца дадатковае рэгуляванне.

Аляксандр Бурак падкрэсліў адкрытасць нацыянальнай сістэмы стандартызацыі: кожны зацікаўлены можа ўнесці свае прапановы, паўдзельнічаць у распрацоўцы альбо абмеркаванні праектаў стандартаў. Ён таксама адзначыў, што сучасныя стандарты павінны ўлічваць працэсы лічбавізацыі і актыўнае выкарыстанне штучнага інтэлекту. І асобна падкрэсліў, што тэма штучнага інтэлекту менавіта ў дзіцячых цацках складаная і пакуль неўрэгуляваная, таму яе неабходна як мага хутчэй даследаваць з удзелам кампетэнтных спецыялістаў.

Завяршыла канферэнцыю адкрытая дыскусія, у якой прадстаўнікі ведамстваў і вытворцаў абмяркоўвалі шляхі павышэння бяспекі і якасці дзіцячых цацак ва ўмовах хуткага тэхналагічнага развіцця.

Міхаіл ДАНІЛКОВІЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю