Top.Mail.Ru

Эксперты абмеркавалі якасць, традыцыі і прыярытэты юрыдычнай адукацыі

Юрфак БДУ, які сёлета адзначае 100-гадовы юбілей, адыгрывае ключавую ролю ў падрыхтоўцы высокакваліфікаваных спецыялістаў, развіцці айчыннай прававой навукі і станаўленні беларускай школы права. За векавую гісторыю яго выпускнікамі сталі больш за 35 тысяч юрыстаў.


Гаворачы аб развіцці юрыдычнай адукацыі, першы намеснік міністра юстыцыі Наталля Філіпава падкрэсліла неабходнасць спалучэння ў адукацыйным працэсе глыбокай тэарэтычнай падрыхтоўкі і практыкаарыентаванасці: «Пераход ад студэнта да рэальнага работніка дзяржаўнай службы патрабуе пэўнай адаптацыі, таму ў гэтым кірунку мы павінны больш цесна працаваць, прыцягваць навучэнцаў і выкладчыкаў да правядзення, напрыклад, прававога маніторынгу, накіраванага на ацэнку эфектыўнасці норм заканадаўства, выяўляць і аналізаваць недахопы прававога рэгулявання грамадскіх адносін з тым, каб у наступным уносіць прапановы па ўдасканаленні нарматыўных прававых актаў».

Наталля Філіпава таксама прапанавала ўкараняць новыя навучальныя дысцыпліны прававога цыкла з улікам дынамікі развіцця нашых грамадскіх адносін: «Бо мы гаворым сёння аб новых сферах гэтых адносін: інфармацыйныя тэхналогіі, робататэхніка, біятэхналогіі, сучасныя тэхналогіі энергетычнай вобласці, нанатэхналогіі і шэраг іншых. Практычная патрэба ў такіх спецыялістах сапраўды існуе. Са свайго боку мы гатовыя працягваць наша супрацоўніцтва».

Як адзначыў дэкан юрыдычнага факультэта БДУ Андрэй Шыдлоўскі, за час свайго існавання факультэт выпусціў больш за 35 тысяч юрыстаў: «Гэта велізарная армія, дзе больш за 80 дактароў юрыдычных навук, 84 заслужаныя юрысты, заслужаныя дзеячы навукі і адукацыі, члены-карэспандэнты Нацыянальнай акадэміі навук, вышэйшыя службовыя асобы і іх намеснікі, міністры, дэпутаты, паслы, вядомыя грамадскія дзеячы і нават вядомыя людзі ў творчасці».

Начальнік Сакратарыята УНС, старшыня Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў Валерый Міцкевіч падкрэсліў, што спецыялісты і навукоўцы — выпускнікі юрфака БДУ — стварылі беларускую прававую школу і асновы сучаснай прававой сістэмы незалежнай дзяржавы — Беларусі. Паводле яго слоў, на базе Беларускага рэспубліканскага саюза юрыстаў аб’ядноўваюцца не толькі выпускнікі юрфака БДУ, але і ўсе прадстаўнікі юрыдычнай прафесіі краіны: «Касцяк саюза — гэта юрысты, якія працуюць у розных структурах, многія з іх скончылі юрфак БДУ. Яны і ў складзе кіруючых органаў саюза, і ў складзе прэзідыума. Таму, вядома, школа юрфака БДУ займае лідарскія пазіцыі».

Намеснік старшыні Канстытуцыйнага Суда Наталля Карповіч падкрэсліла: «На юрыста ў любой дзяржаве са старажытных часоў ускладзена асаблівая місія — сцвярджаць справядлівасць, эфектыўна абараняць правы і свабоды людзей, абараняць правапарадак у грамадстве для таго, каб яно магло спакойна развівацца і выконваць свае жыццёвыя функцыі. Таму да самой асобы юрыста прад’яўляюцца высокія патрабаванні — як да прафесійных кампетэнцый, так і да грамадзянскай пазіцыі, маральнага аблічча».

Паводле яе слоў, Канстытуцыйны Суд узаемадзейнічае з юрфакам БДУ па 12 кірунках: «Усё гэта для таго, каб нашым новым пакаленням юрыстаў перадаць свой вопыт, разуменне жыцця і ролі нашай прафесіі ў грамадстве, садзейнічаць выхаванню ў моладзі грамадзянскай пазіцыі. Менавіта гэта мае найважнейшае значэнне пры ажыццяўленні юрыстам сваёй дзейнасці», — рэзюмавала Наталля Карповіч.

Чытайце таксама: Якія задачы ставіць Міністэрства адукацыі перад ВНУ ў новым навучальным годзе

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю