Top.Mail.Ru

Эксперты: «Нягледзячы на рэкордны ўзровень аб’ёмаў спажывецкага крэдытавання ў Беларусі забяспечана фінансавая стабільнасць»

Ці жывуць беларусы па сродках, ці чакаць зніжэння стаўкі рэфінансавання і якія фінансавыя звычкі дэманструе пакаленне Z? На гэтыя і іншыя пытанні адказалі эксперты ў ток-шоу на «Першым інфармацыйным».


Самыя нізкія стаўкі ў ЕАЭС

Сёння ў краіне прыцягнута грашовых сродкаў больш, чым выдадзена крэдытаў. 

— Калі банкі прыцягваюць грашовыя сродкі насельніцтва на доўгатэрміновай аснове, насельніцтва гатова на 15 % прадаставіць свае грашовыя сродкі. Адпаведна, калі мы бяром на 15 % дэпазіты, крэдыты на тры гады, то пад якую стаўку мы павінны выдаць, бо трэба аформіць работніку правільна крэдыт, пакінуць маржу банку. Атрымліваецца, мы выдаём пад 18 %, а розніца паміж 15 і 18 % маленькая, — падкрэсліла прафесар кафедры банкаўскага бізнесу і фінансавых тэхналогій БДУ, доктар эканамічных навук Людміла Стэфановіч.

Дарэчы, сёння ў Беларусі самыя нізкія стаўкі на еўразійскай прасторы. У нас стаўка складае 11,7 % (для фізічных асоб). У Расіі яна вышэй 16 %. У Казахстане — каля 20 %. У Арменіі, дзе інфляцыя на парадак меншая, сярэднія працэнтныя стаўкі ў спажывецкіх крэдытах таксама даходзяць да 20 %. 

Па словах намесніка старшыні праўлення Нацыянальнага банка Беларусі Андрэя Картуна, банкаўскі сектар і рэгулятар заўсёды падбіраюць такую стаўку па дэпазітах, пад якую насельніцтва гатова несці грошы ў банк, тым самым фарміруючы рэсурсную базу, а гэта і ёсць рынкавая стаўка кошту грошай на сённяшні дзень. Стаўка па дэпазітах павінна быць вышэй за інфляцыю, адсюль фарміруецца і кошт крэдытных рэсурсаў.

Людміла Стэфановіч звярнула ўвагу на іншыя пазіцыі. У Беларусі не ўсе крэдыты выдаюцца пад 18 або 20 % гадавых. Ёсць і пад 4 % гадавых.

— Узнікае пытанне, дзе бяром рэсурсы, напрыклад, пад 15 %. Возьмем аўтамабілебудаванне. Для набыцця аўто прапануюцца льготныя крэдыты са значна меншымі працэнтамі — 1,5 % і 3 %. У банках ёсць рэсурсы, якія каштуюць і не 15 %, а якія значна танней. Калі рэсурсы танныя, банк крэдытуе льготныя праграмы. Або крэдыт на тавары айчыннай вытворчасці. Калі гэта спажывецкія крэдыты, і людзі хочуць купіць другую машыну, то бяруцца больш дарагія рэсурсы, — патлумачыла доктар эканамічных навук.

Якімі банкаўскімі прадуктамі карыстаецца пакаленне Z

Зараз запазычанасць беларусаў перад банкамі перавысіла 29 мільярдаў беларускіх рублёў. Каб зразумець, шмат гэта ці не, неабходна параўнаць макраэканамічныя паказчыкі розных краін у адносінах да ВУП. У Беларусі ВУП складае каля 286 мільярдаў, а 30 мільярдаў — крэдыт, і гэта крыху больш за 10 %. 

— Суадносіны даходаў насельніцтва з гадавымі даходамі ў намінале складаюць каля 180 мільярдаў. У нас сярэднееўрапейскі ўзровень, — адзначыў Андрэй Картун.

Для параўнання: у ЗША паказчык пазыковай нагрузкі складае каля 70 %, а ў Беларусі — каля 10 %. Дарэчы, чым бяднейшая краіна, тым меншы гэты паказчык.

— З амаль 30 мільярдаў 61 % прыпадае на крэдыты на нерухомасць. Усё астатняе спажывецкія крэдыты, унутры якіх уключана, напрыклад, купля аўтамабіля, — падзяліўся Андрэй Картун.


Дарэчы, авердрафты ў нашай краіне не карыстаюцца вялікім попытам, усяго толькі 4-5 % звяртаюцца да гэтага інструменту, і іх доля зніжаецца. 

Яшчэ адзін цікавы факт прывёў эксперт — рост долі маладых беларусаў, якія бяруць крэдыты ва ўзросце да 26 гадоў. Спецыялісты звязваюць гэты факт са з’яўленнем на рынку карт растэрміновак, прадуктаў BNPL («Купляй сёння, плаці пазней»). Да такой сістэмы падвязаны карт-рахунак, і чалавек сам можа выбраць растэрміноўку на 12 або 6 месяцаў. І такая магчымасць сярод пакалення Z карыстаецца попытам.

Разам з тым, нягледзячы на рэкордны ўзровень аб’ёмаў спажывецкага крэдытавання ў Беларусі, па выніках 2025 года можна канстатаваць адсутнасць пагрозы фінансавай стабільнасці.

Намеснік старшыні Праўлення Нацбанка патлумачыў, што пры дасягненні пазыковай нагрузкі ў 100 % ВУП, узнікае вялікая ступень уразлівасці. 

— Напрыклад, 10 % насельніцтва раптам у сілу нейкіх прычын страцілі работу і не могуць абслугоўваць крэдыт. Гэта пачынае ўплываць на фінансавую сістэму, прадпрыемства. Ствараецца замкнёнае кола. У нашай краіне ўзровень пазыковай нагрузкі знаходзіцца ў раёне 10 %, калі нават нешта здарыцца, эканоміка і фінансавы сектар вытрымаюць, — падкрэсліў Андрэй Картун.

Ці знізіцца стаўка рэфінансавання?

У эфіры прагучала і тэма зніжэння стаўкі рэфінансавання для таго, каб інструмент крэдытавання стаў больш прывабным. 

— Стаўка рэфінансавання, па сутнасці, — гэта нейкі асярэднены паказчык кошту грошай у эканоміцы, усіх дэпазітаў і крэдытаў. Мы, прынамсі, стараемся, каб менавіта такім чынам гэты інструмент працаваў. Гэта свайго роду арыенцір для ўсяго рынку, — адзначыў Андрэй Картун. 

Ён таксама расказаў, ад чаго залежыць стаўка рэфінансавання: 

— Мы заўсёды глядзім на сітуацыю ў комплексе. Аснова — гэта які ўзровень інфляцыі. Прычым не проста яе фактычны ўзровень, а тое, што чакаецца ў бліжэйшыя як мінімум паўгода-год, — як яна сябе павядзе. Тут мы асцярожнічаем. Глядзім, якая сітуацыя складваецца на валютным рынку, як паводзіць сябе насельніцтва — купляе або прадае валюту. Гэта значыць улічваем чаканні эканамічных агентаў. Глядзім, якія ёсць знешнія рызыкі, аналізуем сітуацыю на дэпазітным рынку і на крэдытным. Мы нават глядзім і на макраэканамічнае асяроддзе: якія ў нас склаліся інвестыцыі, які эканамічны рост, якія грашовыя даходы насельніцтва. І прымаем комплекснае рашэнне. 

Топ-менеджар Нацбанка адзначыў, што рэгулятар не выключае па меры запаволення інфляцыі і стабілізацыі ўсіх астатніх фактараў зніжэння стаўкі рэфінансавання:

— Але, зноў жа, тут трэба ўлічваць усе рызыкі: тое, што адбываецца на Блізкім Усходзе, у эканоміцы і з інфляцыяй.

Ён нагадаў, што ў лютым 2026 года тэмпы росту інфляцыі сталі самымі нізкімі за апошнія дзевяць гадоў.

Актыўнасць захоўваецца і расце

Ці рэальна сёння развіваць бізнес за кошт пазыковых сродкаў, расказаў генеральны дырэктар Беларускага фонду фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў Пётр Арушаньянц. 

Ён звярнуў увагу, што наяўнасць крэдытавання — адзін з асноўных фактараў эканамічнай актыўнасці: 

— Мы бачым, што з кожным годам гэта актыўнасць захоўваецца і расце. Што датычыцца зручнасці для прадпрымальнікаў, то, вядома, паміж банкамі ідзе канкурэнцыя за кліента, таму ствараюцца розныя камфортныя ўмовы. Тут я б хацеў звярнуць увагу на тое, што ёсць і спецыяльныя дзяржаўныя праграмы. Напрыклад, інфармацыйная пляцоўка «Рэгіянальная ініцыятыва», дзе сканцэнтраваны ўсе асноўныя фінансавыя прадукты. 

Ён таксама расказаў, што Беларускі фонд фінансавай падтрымкі прадпрымальнікаў ужо некалькі гадоў рэалізуе праграму паручыцельстваў і спецыяльных гарантый.

— Ёсць шэраг іншых інструментаў. Напрыклад, мы сёлета ўжо актыўна пачалі выкарыстоўваць анлайн-фінансаванне, калі можна атрымаць пазыку ў фондзе не проста без наведвання фонду, але і нават не выкарыстоўваючы папяровы дакументаабарот. Усе ўмовы адпрацоўваюцца дыстанцыйна — гэта зручна і хутка. Гэта спрыяе стварэнню тых самых камфортных умоў для бізнесу, — рэзюмаваў Пётр Арушаньянц.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю