Экспазіцыю «Памяць у нашых сэрцах. Сямейныя рэліквіі» магілёўскія судовыя эксперты прэзентавалі напярэдадні Дня Перамогі. Праект прысвечаны 80-годдзю Перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Сярод экспанатаў фатаграфіі франтавікоў і партызан, іх узнагароды, дакументы, зброя часоў Вялікай Айчыннай вайны, прадметы салдацкага ўжытку, знойдзеныя пошукавікамі ў ходзе раскопак.
— Удзел у адкрыцці экспазіцыі прынялі прадстаўнікі абласнога гісторыка-патрыятычнага пошукавага клуба ВІККРУ Дзмітрый Паклонскі і Аляксандр Клемін, ветэран экспертнай службы Андрэй Шабалін, навучэнцы абласнога кадэцкага вучылішча і магілёўскай сярэдняй школы № 2, — паведаміла афіцыйны прадстаўнік упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці Ірына Рачкоўская. — Госці не толькі азнаёміліся з экспанатамі выставы, але і паслухалі сямейныя гісторыі пра вайну, даведаліся, як пошукавікі «вяртаюць дадому» загінуўшых салдат, якія дзесяцігоддзямі лічыліся зніклымі без вестак, як эксперты дапамагаюць аднаўляць іх імёны па дакументах тых гадоў.
Віншуючы гасцей і калег з 80-годдзем Вялікай Перамогі, намеснік начальніка ўпраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці палкоўнік юстыцыі Дзяніс Гаўрыленка адзначыў, наколькі важна захоўваць памяць аб ваенным гераічным мінулым.
— Буйніцкае поле, Брэсцкая крэпасць, помнік батальёну міліцыі каля вёскі Гаі, Лудчыцкая вышыня, Хатынь, Боркі, Чырвоны Бераг, Азарычы — гэтыя і іншыя знакавыя месцы назаўсёды ў нашай памяці, — падкрэсліў ён. — Мы ганарымся нашымі дзядамі, якія коштам сваіх жыццяў падарылі нам мірнае неба над галавой. І маладое пакаленне павінна наведваць гэтыя мясціны, прасякацца іх духам. Каб не забывацца, што адбывалася на нашай зямлі і ганарылася сваімі продкамі.
Нэлі ЗІГУЛЯ
Фота з архіва упраўлення ДКСЭ па Магілёўскай вобласці