Top.Mail.Ru

Мінск — Ханой: эксперты — аб супрацоўніцтве краін

«В’етнам прадстаўляе сур’ёзнае акно магчымасцяў для Беларусі»:

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка днямі правёў перагаворы з Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама То Ламам. Што агульнага паміж нашымі краінамі і ў чым плюсы ад узаемнага партнёрства, разважалі нашы эксперты.

Новы «азіяцкі тыгр»

У эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа Радыё» дэкан факультэта журналістыкі БДУ палітолаг Аляксей Бяляеў адзначыў, што ўзаемадзеянне з В’етнамам вельмі важнае:

— Беларусь і В’етнам — краіны, якія шмат у чым аб’яднаныя на ідэалагічнай глебе. Мы ўсе выйшлі з сацыялістычнага лагера. У азіяцкіх краінах, а таксама ў Беларусі беражліва захоўваюць савецкую сацыялістычную спадчыну, да ліку якой адносіцца, у прыватнасці, кіраваная планаваная эканоміка. І гэта вельмі важна. Мы бачым, што сёння В’етнам называюць «новым азіяцкім тыграм».

Палітолаг ацаніў каштоўнасць візіту Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама:

— У нас быў не прэзідэнт В’етнама, а кіраўнік адзінай і кіруючай у краіне Камуністычнай партыі. Партыйнае кіраўніцтва ў В’етнаме прымае стратэгічныя рашэнні. Гаворка ідзе аб стратэгічным партнёрстве: мы заключаем дагавор з кіраўніком партыі, якая сёння надзейна стаіць на чале В’етнама.

Што тычыцца плюсаў двухбаковага ўзаемадзеяння, палітолаг адзначае, што В’етнам — дзяржава, якая дынамічна развіваецца, мае вельмі шмат пунктаў росту:

— В’етнам валодае вельмі выгадным геаграфічным становішчам, гэта краіна з працяглай берагавой лініяй, а марскі гандаль больш танны, чым гандаль па жалезных або аўтамабільных дарогах, аэрагандаль. Для нас вельмі важна, што з пункту гледжання лагістыкі В’етнам зручны. Таксама гэта краіна традыцыйных заняткаў: у яе вельмі моцным з’яўляецца аграрны сектар, і гэта аб’ядноўвае Беларусь і В’етнам. Мы разумеем праблемы адно аднаго, таму што ў нас таксама аграрны сектар дае немалую частку ВУП

Аляксей Бяляеў акцэнтаваў увагу на тым, што В’етнам мае эканоміку, якая хутка расце:

— Яна за 2024 год прадэманстравала рост ВУП больш чым на 7 %, гэта тэндэнцыя захоўвалася і ў папярэднія гады. Але пры гэтым там яшчэ ёсць да чаго імкнуцца. Узровень жыцця простых в’етнамцаў не ўсюды высокі, і Беларусь можа прапанаваць свае высокія сацыяльныя стандарты. В’етнам зацікаўлены ў развіцці інфраструктуры, у стварэнні дарог і сацыяльных аб’ектаў. Там цяпер актыўна развіваецца будаўнічая галіна, а беларусы вельмі актыўна ўдзельнічаюць у будаўніцтве за мяжой, таму для нас гэта таксама акно магчымасцяў. І атрымліваецца такая ўзаемная выгада. Нас прыцягвае тое, што в’етнамцы глядзяць на беларусаў як на сяброў, у нас няма палітычных праблем.

Якасна новы ўзровень адносін

Па словах старшыні Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Савета Рэспублікі Сяргея Алейніка, за 33 гады з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін Рэспублікі Беларусь і Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам выбудаваны шматузроўневыя, добрыя і сяброўскія адносіны.

— Візіт Генеральнага сакратара В’етнама ў нашу краіну азнаменаваў сабой пераход на якасна новы ўзровень нашых адносін, — удакладніў ён. — Прынята заява кіраўнікоў аб вывядзенні нашага супрацоўніцтва на ўзровень стратэгічнага партнёрства, што падкрэслівае асаблівы характар нашых адносін, шматграннасць нашага ўзаемадзеяння і ў эканоміцы, і ў палітыцы, і ў сацыяльна-гуманітарнай сферы.

Сенатар праінфармаваў, што падчас сустрэчы спікераў Нацыянальнага сходу з Генеральным сакратаром Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В’етнама былі абмеркаваны перспектывы развіцця і пашырэння міжпарламенцкага дыялогу і супрацоўніцтва.

— Дамовіліся ў рэчышчы прынятай заявы абнавіць і падрыхтаваць да падпісання новае пагадненне аб міжпарламенцкім супрацоўніцтве з улікам бягучых актуальных рэалій сучаснага геапалітычнага этапу развіцця, бо папярэдняе пагадненне было падпісана ў 2009 годзе і ўжо ў некаторай ступені састарэла, — канкрэтызаваў ён.

Таксама ёсць дамоўленасць аб развіцці адносін па лініі груп дружбы, якія існуюць у парламентах абедзвюх краін.

— Асаблівую ўвагу ўдзялілі міжрэгіянальнаму супрацоўніцтву, — канстатаваў Сяргей Алейнік. — Падпісана і дзейнічае 13 пагадненняў паміж рэгіёнамі Рэспублікі Беларусь і Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам. Усяго 58 рэгіёнаў у В’етнаме. Мы дамовіліся пастарацца прыкласці намаганні для таго, каб пашырыць геаграфію нашага міжрэгіянальнага супрацоўніцтва, якое прынясе дадатковыя дывідэнды для нашага міждзяржаўнага ўзаемадзеяння, дазволіць нам і павялічыць гандлёва-эканамічныя адносіны, і ўзмацніць нашы сувязі ў сацыяльна-гуманітарнай сферы

У сваю чаргу намеснік старшыні Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах, кіраўнік рабочай групы Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па супрацоўніцтве з парламентам Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам Алег Дзячэнка канстатаваў, што дзелавое супрацоўніцтва паміж парламентамі Беларусі і В’етнама развіваецца паспяхова:

— Узаемныя візы кіраўніцтва Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага сходу Сацыялістычнай Рэспублікі В’етнам, двухбаковае ўзаемадзеянне на міжнародных пляцоўках, у прыватнасці ў ЕАЭС і АСЕАН, міжпарламенцкае супрацоўніцтва, удзел афіцыйных прадстаўнікоў парламента ва ўрачыстых мерапрыемствах, прысвечаных важным падзеям і датам у гісторыі дзяржавы нашых краін, узаемная падтрымка на міжнароднай арэне ў пытаннях абароны суверэнітэту і незалежнасці дзвюх дзяржаў, абмен вопытам заканатворчай дзейнасці, уклад у агульную справу захавання гістарычнай памяці аб гераічным мінулым беларускага і в’етнамскага народаў і многае іншае з’яўляецца падмуркам для далейшага развіцця міжпарламенцкіх адносін, напаўнення іх новым зместам з улікам чарговых цывілізацыйных выклікаў.

Ён паведаміў, што па лініі супрацоўніцтва парламенцкіх груп дружбы праведзены анлайн-сустрэчы дэпутатаў, абмеркаваны пытанні садзейнічання рэалізацыі дагавораў, дасягнутых на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў і парламентаў.

— Адным словам, вызначаны стратэгічныя напрамкі развіцця міжпарламенцкіх сувязяў і пастаўлены канкрэтныя задачы, якія патрабуюць вырашэння ў бягучым годзе, — акцэнтаваў увагу парламентарый.

Аснова для супрацоўніцтва — каласальная

На думку члена Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па заканадаўстве і дзяржаўным будаўніцтве генеральнага дырэктара Гомельскага гандлёва-вытворчага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Фармацыя» Людмілы Сапега, гістарычны візіт в’етнамскай дэлегацыі сведчыць аб тым, што Беларусь выходзіць на новы ўзровень у адносінах з так званымі «азіяцкімі тыграмі», да ліку якіх, безумоўна, належыць В’етнам. Пры гэтым парламентарый нагадвае, што сяброўскія сувязі паміж народамі ўстанавілі даўно, яшчэ ў часы в’етнама-амерыканскай вайны 1964–1975 гадоў, у якой В’етнам атрымаў перамогу шмат у чым дзякуючы дапамозе савецкіх, у тым ліку беларускіх, ваенных спецыялістаў. У наступныя гады БССР аказвала В’етнаму садзейнічанне ў аднаўленні разбуранай народнай гаспадаркі, навучанні нацыянальных кадраў для прамысловасці, абароны, сельскай гаспадаркі.

— Таму падпісаныя ў Мінску дакументы па ўмацаванні ваеннага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, сумесным развіцці лічбавых тэхналогій, узаемадзеянні ў галіне фармацэўтыкі, машынабудавання, а таксама аб супрацоўніцтве паміж вядучымі тэлерадыёкампаніямі дзвюх краін можна разглядаць як далейшае развіццё даўніх традыцый узаемадапамогі і шчырай дружбы паміж беларускім і в’етнамскім народамі, — падкрэслівае сенатар.

З калегай-парламентарыем салідарны член Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч, які звяртае ўвагу на тое, што Беларусь і В’етнам маюць трывалую гістарычную базу для супрацоўніцтва:

— У нас ёсць агульная, вельмі шчыльная гісторыя ўзаемадзеяння. Мы вельмі падобныя ментальна: і в’етнамцы ў 1960–1970-я гады, як і беларусы ў гады Вялікай Айчыннай вайны, гераічна змагаліся, супраціўляючыся амерыканскай агрэсіі. І беларускія вайскоўцы ім у гэтым дапамагалі, за што В’етнам нам дагэтуль удзячны. Любыя візіты ў Беларусь дзяржаўных, палітычных дзеячаў не абыходзяцца без сустрэч з ветэранамі. Акрамя таго, Беларусь аказвала садзейнічанне В’етнаму і ў аднаўленні пасля вайны. Сёння гэта 32-я эканоміка свету. Невыпадкова на в’етнамскіх грашах намаляваны трактар «Беларус». Гэта таксама гістарычна вядомы факт

Дэпутат падкрэсліў, што аснова для супрацоўніцтва Беларусі і В’етнама каласальная.

— Мы павінны выкарыстоўваць усё для таго, каб рэалізаваць гэты патэнцыял ужо на сучасным этапе, — дадаў Сяргей Клішэвіч. — У тым ліку эканамічным шляхам дапамагчы адстаяць нацыянальныя інтарэсы Беларусі і В’етнама. Мы бачым спробы ўмяшання ў нашы ўнутраныя справы. Мы ведаем, што В’етнам таксама пастаянна сутыкаецца са спробамі знешняга ціску. Гэта цеснае эканамічнае супрацоўніцтва, безумоўна, дазволіць нам умацаваць наш суверэнітэт і незалежнасць — так, як гэта было гістарычна ва ўзаемаадносінах паміж нашымі дзяржавамі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю