Top.Mail.Ru

Эксперты: Закон «Аб лізінгавай дзейнасці» паскорыць і паглыбіць дынаміку развіцця гэтай сферы

У панядзелак, 16 сакавіка, Прэзідэнт падпісаў Закон «Аб лізінгавай дзейнасці». Трэба адзначыць, што лізінг у Беларусі функцыянуе даўно і вельмі паспяхова. За папярэднюю пяцігодку яго аб’ёмы выраслі больш, чым у два разы. Але профільны закон адсутнічаў: лізінгавая дзейнасць рэгулявалася праз указы і іншыя нарматыўна-прававыя акты, якія цяпер кансалідаваны ў адзіным дакуменце. 


На нарадзе Прэзідэнта з банкаўскай супольнасцю, якая адбылася ў мінулым годзе, былі дадзены даручэнні ў частцы рэгулявання лізінгавай дзейнасці, якія знайшлі адлюстраванне ў новым законе. «Дакумент мае дакладную сацыяльную накіраванасць, абараняючы правы і законныя інтарэсы грамадзян. У прыватнасці, прадугледжана зніжэнне максімальнай пазыковай нагрузкі па дагаворах лізінгу ў два разы ў частцы плацяжоў. Цяпер даход лізінгадаўца не можа складаць больш за палову кошту прадмета лізінгу па дагаворах тэрмінам да аднаго года і не больш за поўны кошт прадмета па дагаворах тэрмінам звыш аднаго года, але не больш за дзесяць гадоў», — звярнуў увагу начальнік упраўлення метадалогіі нябанкаўскіх і інвестыцыйных аперацый галоўнага ўпраўлення рэгулявання некрэдытных фінансавых арганізацый і інвестыцыйных аперацый Нацыянальнага банка Аляксандр Дзядкоў

Яшчэ адно важнае змяненне: невыкананне лізінгаатрымальнікам абавязку па выплаце плацяжоў не больш за тры разы не з’яўляецца падставай для скасавання дагавора. 

Таксама ў законе прадугледжана абмежаванне максімальнага памеру няўстойкі і штрафаў, якія не могуць перавышаць палову кошту прадмета лізінгу. Акрамя таго, устаноўлена забарона на спагнанне любых іншых плацяжоў акрамя лізінгавых, выкупнога кошту і законна налічаных пеняў, штрафаў і няўстоек. «Ніякія дадатковыя камісіі або ўзнагароджанні спаганяцца не могуць. Гэта будзе забяспечваць абарону маёмасных інтарэсаў грамадзян», — растлумачыў ён.

Па аналогіі з законам аб спажывецкім крэдыце і спажывецкай мікрапазыцы, у закон аб лізінгавай дзейнасці ўключана палажэнне аб цяжкіх жыццёвых сітуацыях. «Чалавек можа звярнуцца да лізінгадаўца з ініцыятывай унясення змяненняў у графік плацяжоў для атрымання адтэрміноўкі, а лізінгадаўца абавязаны разгледзець гэту прапанову. Мы лічым, што прыняты закон максімальна забяспечыць абарону правоў грамадзян і павысіць эфектыўнасць лізінгу як інструмента, карыснага не толькі для насельніцтва, але і для прадпрыемстваў», — падкрэсліў Аляксандр Дзядкоў.

Старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па эканоміцы, бюджэце і фінансах Раман Бродаў адзначыў, што сам факт з’яўлення Закона «Аб лізінгавай дзейнасці» робіць гэту дзейнасць больш прывабнай для бізнесу. Нарматыўна-прававы акт узроўню закона робіць сферу лізінгу больш прагназаванай, зразумелай, а, значыць, устойлівай. Прапісаны ў законе выразныя паўнамоцтвы Нацбанка ў частцы рэгулявання гэтага віду дзейнасці. 

Ён таксама канстатаваў: што большасць асноўных і ключавых навацый у законе былі прапісаны ў частцы лізінгу для фізічных асоб і насілі накіраванасць сацыяльнай абароны лізінгаатрымальнікаў — фізічных асоб. З аднаго боку, гэта выключае злоўжыванні лізінгавых кампаній. З іншага — выключае магчымасць выкарыстання нядобрасумленных практык тымі ці іншымі гульцамі, якія, нажываючыся, падрываюць давер да інструмента лізінгу. Упарадкаванне і ачышчэнне рынку ад выпадковых кампаній робіць яго больш прывабным для добрасумленных прадпрымальнікаў. У прыватнасці, палягчаецца доступ лізінгавых кампаній да доўгіх фінансавых рэсурсаў. Але адначасова ўводзяцца пэўныя патрабаванні захавання карпаратыўнай і фінансавай дысцыпліны, каб пазбегнуць занадта рызыкоўных бізнес-мадэляў з высокай рызыкай далейшай неплацежаздольнасці. 


Калі казаць пра навацыі закона з пункту гледжання бізнесу, то іх адносна няшмат. Фактычна, у закон перанеслі ўсе тыя практыкі, якія ўжо склаліся і выдатна сябе зарэкамендавалі. У адваротным выпадку гэты сегмент не дэманстраваў бы двухразовы рост за пяцігодку. Ключавой навіной для бізнесу з’яўляецца магчымасць паўторнага лізінгу. Так, маёмасць, перададзеная ў лізінг, але па нейкіх прычынах вернутая лізінгадаўцу, можа быць ім паўторна перададзена ў лізінг іншаму кліенту. Такі падыход выкарыстоўваецца ў многіх краінах. У тым ліку, у нашых партнёраў па ЕАЭС. У прыватнасці, Казахстане, Кыргызстане. Гэта, на думку эксперта, дазваляе і лізінгавым кампаніям, і іх кліентам выбудоўваць больш гнуткую палітыку. Напрыклад, браць у лізінг машынны парк на тры гады, а потым мяняць яго на новы транспарт для лізінгадаўцаў, перманентна абнаўляючы парк. А старыя машыны лізінгавая фірма будзе перадаваць іншым кліентам, якія маюць патрэбу ў больш танным транспарце. Да прыняцця гэтага закона вернутую лізінгадаўцу маёмасць ён мог толькі прадаць. 

Раман Бродаў падкрэсліў, што Закон «Аб лізінгавай дзейнасці» адкрывае перад дзелавым асяроддзем новыя магчымасці. У гэтым і крыецца ключавая выгада для дзяржавы: развіццё бізнесу, камерцыйнай ініцыятывы, развіццё камерцыйных прадпрыемстваў, якія будуць ствараць працоўныя месцы, плаціць падаткі, развіваць эканоміку. Той жа паўторны лізінг патэнцыяльна дазваляе сфарміраваць парк разнастайнага абсталявання (новага і былога ва ўжыванні), у якім маюць патрэбу многія малыя кампаніі. Раман Бродаў патлумачыў, што лізінг з’яўляецца больш гнуткім і даступным інструментам менавіта для малога і сярэдняга бізнесу. Скажам, фермер атрымлівае трактар і на ім арэ, не апускаючыся ў глыбокую і фармалізаваную сістэму бізнес-планавання. Вядома, лізінгавая кампанія ацэньвае перспектывы яго дзейнасці, але ў спрошчаным парадку. Да таго ж, і рызыкі ў лізінгадаўца некалькі іншыя: у выпадку няўдачы фермер яму не верне некалькі плацяжоў, але сам трактар застаецца ва ўласнасці лізінгавай кампаніі. А па новым законе ён яго можа перадаць у лізінг іншаму прадпрымальніку. І дастаткова шмат абсталявання, станкоў, тэхнікі, якая запатрабаваная ў малога бізнесу і можа пашырыць абароты сферы лізінгу. 

Але Раман Бродаў падкрэсліў: закон дае магчымасці, якімі можа скарыстацца рынак. І ключавая роля дзяржавы — стварыць спрыяльнае дзелавое асяроддзе, даць гэтыя магчымасці. І гэту функцыю, на яго думку, закон выконвае ў частцы лізінгавай дзейнасці. 

Уладзімір Валчкоў

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю