Top.Mail.Ru

Электракары не выцясняюць аўто з рухавіком унутранага згарання, а пашыраюць спектр продажаў

Зарад энергіі для аўтарынку

На 1 кастрычніка ў Беларусі зарэгістравана больш як 73 тысячы электрамабіляў. З іх 29 тысяч 211 электрычных машын пастаўлены на ўлік на працягу дзевяці месяцаў гэтага года. У многім цікавасць беларусаў да «зялёных» аўто абумоўлена мерамі дзяржаўнага стымулявання. Перавагі выкарыстання электратранспарту, перспектывы яго развіцця і ролю прэферэнцый у гэтым працэсе абмеркавалі эксперты на пляцоўцы Нацыянальнага прэс-цэнтра.

Доля электратранспарту ў агульнай масе аўтамабіляў пастаянна павялічваецца. Меры стымулявання накіраваныя перш за ўсё на тое, каб зрабіць электрычныя машыны даступнымі для спажыўцоў. Безумоўны лідар продажу Geely EX2. Разумная цана плюс магчымасць ільготнага крэдытавання — галоўныя аргументы на карысць дадзенага электракара. Іншыя маркі таксама карыстаюцца попытам дзякуючы шэрагу прэферэнцый. Нулявы ПДВ, бяспошлінны ўвоз у межах штогадовай квоты, нізкія стаўкі ўтыльзбору дазваляюць беларусам набываць нават высокатэхналагічныя мадэлі па прыемнай цане. Сёння, як сцвярджаюць знаўцы, купіць камфортны сучасны аўтамабіль можна ў межах 40 тысяч рублёў. Па выніках студзеня — верасня ў пяцёрцы найбольш запатрабаваных марак (электрамабілі і гібрыды) — Geely, Dongfeng, Belgee, BYD і Deepal.

У 2026 годзе ліміт бяспошліннага ўвозу для нашай краіны склаў 20 тысяч электрамабіляў. Гэтым, мяркуюць эксперты, і быў абумоўлены ўсплёск продажу машын з электрарухавікамі. Тэмпы ўвозу і рэалізацыі электратранспарту наўпрост карэлююць з мерамі дзяржпадтрымкі. Насуперак рэплікам скептыкаў «электрычкі» не выцясняюць з рынку звыклыя аўто з РУЗ, а пашыраюць спектр продажу. Пальму першынства па колькасці «зялёных» машын трымаюць Мінск і Мінская вобласць. На думку старшыні праўлення Асацыяцыі развіцця электратранспарту «БЭТА» Сяргея Худаешкі, пралангацыя льгот на найбліжэйшы год будзе садзейнічаць далейшаму развіццю электрамабільнасці краіны:

— Жнівень паказаў гістарычны рэкорд па продажу электракараў. Аднак да пачатку верасня квота на бяспошлінны ўвоз электрамабіляў ужо была цалкам выбрана. Таму наш прагноз: да канца года будзе назірацца некаторы спад актыўнасці прадаўцоў і пакупнікоў. Адны прытарможваюць пастаўкі, іншыя — куплю. Магчымы некаторы дэфіцыт прапановы. Вядома, дзякуючы айчынным вытворцам і буйным дылерам аўтамабілі ёсць у наяўнасці. Патрэбнасці аўтааматараў будуць закрывацца. Аднак з прычыны змянення рыначных умоў могуць памяняцца і цэны. Захаванне льгот, вядома, мэтазгоднае, паколькі будзе садзейнічаць далейшаму развіццю электратранспарту. Нараўне з лакальнай вытворчасцю ў наступным годзе меры дзяржпадтрымкі змогуць забяспечыць увоз у краіну яшчэ каля 60 тысяч электрамабіляў.

Паводле даных «БЭТА», у краіне функцыянуе 2,6 тысячы грамадскіх станцый для зарадкі электрамабіляў, з іх больш як 2 тысячы адносяцца да катэгорыі хуткіх. Сетка зарадных станцый, акцэнтаваў увагу Сяргей Худаешка, пашырылася. Адпаведна эксплуатаваць электрамабіль стала больш камфортна. 

Аднак, як лічыць эксперт, актуальнай застаецца праблема недахопу магутнасці. Суперхуткія станцыі — з’ява для Беларусі пакуль яшчэ рэдкая.

Падключыцца і зарадзіцца за лічаныя хвіліны — мара любога электрамабіліста. Каб павялічыць колькасць прыхільнікаў «зялёных» аўто, лічыць Сяргей Худаешка, неабходна імкнуцца да скарачэння часу зарадкі. Акрамя таго, трэба ўлічваць і апошнія трэнды аўтамабілебудавання. Большасць электракараў, якія калясяць па беларускіх дарогах, выраблены ў Кітаі. Кітайскія заводы планамерна павялічваюць выпуск машын з высакавольтнай архітэктурай, якая дазваляе хутка папоўніць зарад батарэі. Зразумела, пры наяўнасці адпаведнай інфраструктуры. Вектар развіцця айчынных аператараў зарадных станцый таксама мяняецца ў бок будаўніцтва больш магутных электразаправак. Асаблівую ўвагу, падкрэслівае кіраўнік «БЭТА», трэба надаць рэгіёнам, дзе востра адчуваецца недахоп зарадных станцый. Пры гэтым ёсць патэнцыяльныя магутнасці для іх узвядзення.

Язда ў рэжыме недастатковай колькасці хуткіх электразаправак, пацвярджае прадстаўнік сеткі электразарадных станцый ForEVO Арцём Абярэмка, — галаўны боль кожнага ўладальніка электракара. Эксперт лічыць, што 2027 год адкрые новыя перспектывы ў плане будаўніцтва вялікіх зарадных хабаў. Гэтыя лакацыі дазваляюць адначасова зараджаць вялікую колькасць машын. І пра чэргі можна будзе забыцца. Арыентавацца ў геаграфіі зарадных станцый і аплачваць запраўку аўтамабілістам сёння дапамагаюць мабільныя дадаткі аператараў.

Нараўне з выдаткамі на абслугоўванне сучасных аўтамабілістаў цікавіць магчымасць аўтаномнага руху. Язда «без рук» — фішка лідараў сусветнага аўтапрама. 

Апаратна-праграмныя комплексы электрамабіляў дазваляюць машыне часткова ці цалкам браць на сябе кіраванне ў дарожным патоку, выкарыстоўваючы даныя з камер, радараў, лідараў і GPS. Галоўны аргумент на карысць аўтаноміі — зніжэнне колькасці ДТЗ. Машыны не стамляюцца, не адцягваюцца, не парушаюць ПДР. Таму вадзіцелі ўсё больш ахвотна давяраюць кіраванне транспартам электронным сістэмам. Словам, электрамабілі настойліва пракладаюць маршруты на нашых дарогах. 

І ад гэтага факта ўжо не адмахнуцца.

Таццяна ШЧАДРАНОК

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю