Top.Mail.Ru

Электрамабілям — зялёнае святло. Як у Беларусі будуць пашыраць сетку зарадных станцый

Пераход на экалагічна чысты транспарт у свеце дэманструе рэкордныя тэмпы. Электробусы, электрагрузавікі і камунальная спецтэхніка імкліва мяняюць аблічча гарадоў, а жыхары ўсё часцей выбіраюць машыны з зялёнымі нумарамі. У Беларусі парк электрамабіляў ужо перавышае 73 тыс., а ў бліжэйшай перспектыве вырасце ў разы. Пра будучыню электрамабільнасці гаварылі на палях XXX Беларускага энергетычнага і экалагічнага форуму ў Мінску. Арганізатарамі тэматычнай навукова-практычнай канферэнцыі выступілі Міністэрства энергетыкі, ДВА «Белэнерга» і дзяржкарпарацыя «Расатам». Мерапрыемства сабрала шырокі склад удзельнікаў — прадстаўнікоў органаў дзяржкіравання, буйных прамысловых прадпрыемстваў, экспертаў. Як развіваецца зарадная інфраструктура, паведамляе БелТА. 


Ад першых крокаў да магутных хабаў 

Асноўным дзяржаўным аператарам зараднай інфраструктуры ў краіне выступае РУП «ВА Беларуснафта». Першая зарадная станцыя з’явілася яшчэ ў 2014 годзе, а праз чатыры гады перад кампаніяй была пастаўлена амбіцыйная задача сфарміраваць умовы для запуску паўнацэннага рынку электратранспарту. 

«Пасля з’яўлення дастатковай колькасці зарадных станцый сталі масава з’яўляцца электрамабілі, а з развіццём попыту, з 2023 года, — першыя іншыя зарадныя сеткі. Сёння аператарамі, якія аказваюць паслугі па зарадцы электрамабіляў, выступаюць больш за 130 юрыдычных асоб. Іх колькасць працягвае імкліва расці. Па стане на кастрычнік 2026 года з больш як 3 тыс. зарадных станцый звыш 2,5 тыс. з’яўляюцца публічнымі і знаходзяцца ў агульным доступе», — расказаў галоўны спецыяліст аддзела развіцця бізнесу ўпраўлення «Маланка» РУП «ВА Беларуснафта» Юрый Грыгарэнка. 

Непасрэдна вытворчым аб’яднаннем эксплуатуецца больш як 1 тыс. зарадных станцый агульнай магутнасцю больш як 65 МВт. Таксама сетка дзяржаўнага аператара аб’ядноўвае звыш 400 зарадных станцый больш за 70 іншых партнёраў. 

«Дасягненне сталасці рынку пацвярджаецца шэрагам фактараў. У першую чаргу адзначаем пераразмеркаванне аб’ёму паслуг: зніжэнне долі Мінска і Мінскага раёна і рост попыту ў абласцях. Гэта абумоўлена як узрослай канкурэнцыяй у сталічным рэгіёне, дзе прадстаўлены ўсе найбуйнейшыя аператары, так і істотным павелічэннем колькасці электрамабіляў у абласных і раённых цэнтрах. Расце і забяспечанасць электрамабіляў зараднымі станцыямі. Калі папярэдняй зімой на адзін электрамабіль прыпадала менш як 2 кВт зарадных станцый агульнага карыстання, то сёння паказчык дасягае 2,4 кВт. У бягучым годзе тэмпы ўзвядзення зарадных станцый сталі апярэджваць тэмпы з’яўлення новых электрамабіляў», — адзначыў Юрый Грыгарэнка.

Сусветныя трэнды

У галіны назіраецца пераход на высакавольтную архітэктуру акумулятарных батарэй, паскарэнне электрыфікацыі грузавога транспарту і развіццё фармату зарадных хабаў з суперхуткімі зараднымі станцыямі. Яшчэ нядаўна максімальныя магутнасці зарадкі электрамабіляў рэдка перавышалі 100 кВт. Зараз жа ўсімі найбуйнымі вытворцамі анансаваныя мадэлі, якія падтрымліваюць звышхуткую зарадку магутнасцю 300-400 кВт і больш. У адпаведнасці з запытам развіваецца і зарадная інфраструктура. Для зараднага хаба ў Еўропе must-have — зарадныя станцыі для зарадкі легкавога транспарту магутнасцю да 600 кВт і да 1000 кВт — для грузавога. 


Што да ўкаранення грузавога электратранспарту, лідарамі выступаюць Кітай і Еўропа. На дарогах Беларусі прадстаўлена каля 200-300 адзінак камерцыйнай тэхнікі на электрацязе ў катэгорыі мікрааўтобусы і малатанажныя грузавікі. Пры гэтым патэнцыял напрамку высокі.

Перспектывы напрамку

Сярод задач — стварэнне сістэмаўтваральнай сеткі магутных зарадных хабаў у буйных населеных пунктах і на асноўных аўтамагістралях. Таксама дзяржаўны аператар зараднай інфраструктуры накіраваны на падтрымку ўзвядзення павольных зарадных станцый у месцах працяглага знаходжання ўладальнікаў электракараў, развіццё праграмнага асяроддзя для інтэграцыі зарадных станцый іншых юрыдычных асоб. 

Юрый Грыгарэнка вылучыў такія знакавыя аб’екты кампаніі, як першыя суперхуткія зарадныя комплексы трасавай мадэлі, размешчаныя на скрыжаванні аўтамагістраляў М-1 і М-4, а таксама паблізу Кобрына. Кожны такі комплекс дае магчымасць забяспечыць прырост спажывання электрычнай энергіі. У бліжэйшыя гады будуць рэалізаваны пілотныя праекты па ўстаноўцы зараднай станцыі з убудаванай сістэмай назапашвання электрычнай энергіі ў лакацыі з абмежаваным рэзервам магутнасці, па ўзвядзенні ЭЗС паблізу фотастанцыі прадпрыемства, стварэнні гібрыднай АЗС — комплексу, дзе пад адзіным навесам будзе рэалізавана як запраўка палівам аўтамабіляў, так і зарадка электрамабіляў.


«Калі гаварыць аб перспектывах бліжэйшых пяці гадоў, то плануем устанавіць каля 1,5 тыс. хуткіх і суперхуткіх зарадных станцый, у тым ліку ў складзе зарадных комплексаў, а таксама 1,2 тыс. павольных зарадных станцый пераважна на тэрыторыі шматкватэрнай жылой забудовы. Пры гэтым разумеем, што важны не толькі колькасны, але і якасны рост. Так, у бягучым годзе кампаніяй запушчаны ўласны цэнтр апрацоўкі даных. Гэта дае магчымасць забяспечыць максімальную абарону ад любых пазаштатных сітуацый, кантроль, гнуткасць усіх сэрвісаў кампаніі, уключаючы праграмнае забеспячэнне, звязанае з работай зараднай інфраструктуры», — адзначыў Юрый Грыгарэнка.

У найбліжэйшай будучыні плануецца і запуск адзінага мабільнага дадатку, які аб’яднае ў сабе сэрвісы як па зарадцы, так і запраўцы палівам. Аказанне паслуг будзе магчыма літаральна ў пару клікаў па экране. Пры гэтым мяркуецца ўкараненне адзінай праграмы лаяльнасці для кліентаў незалежна ад транспартнага сродку, які выкарыстоўваецца.

Меркаванні экспертаў

Старшыня праўлення асацыяцыі электратранспарту «БЭТА» Сяргей Худаешка лічыць драйверам электрамабільнай індустрыі высакавольтныя платформы.

«Масавы пераход на 800-вольтавую архітэктуру — не проста пытанне зручнасці, а выжыванні ўсёй зараднай сеткі, — адзначыў ён. — Старыя 400-вольтавыя машыны бяруць максімум 70 кілават і зараджаюцца па 40-50 хвілін. А сучасныя 800-вольтавыя мадэлі прымаюць 300-480 кілават і атрымліваюць запас на 300-400 кіламетраў усяго за 10-12 хвілін. Адна станцыя абслугоўвае 80 машын за суткі замест 30».


Акрамя таго, батарэі такіх электрамабіляў — гіганцкі назапашвальнік энергіі на колах. Яны згладзяць начныя пікі і разгрузяць сетку. 

Старшыня Асацыяцыі вытворцаў і аператараў ЭЗС Расіі (АПАЭ) Армэн Сафаран у сваю чаргу выступае за выкарыстанне магчымасцей дзяржаўна-прыватнага партнёрства для мадэрнізацыі і развіцця зараднай інфраструктуры. Арганізацыя выступае ключавым партнёрам у пытаннях інтэграцыі рынкаў электратранспарту Расіі і Беларусі.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю