Прэзідэнт Зімбабвэ Эмерсан Мнангагва сёння, 12 мая, наведвае Брэсцкую вобласць. Яго суправаджаюць намеснік прэм’ер-міністра Віктар Каранкевіч і старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, перадае БелТА.
У мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой» ён усклаў кветкі да Вечнага агню, хвілінай маўчання ўшанаваў памяць абаронцаў і ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. Эмерсан Мнангагва пакінуў запіс у кнізе ганаровых гасцей мемарыяльнага комплексу. «Я рады наведаць гэтае гістарычнае месца, пра яго чытаў у гістарычных кнігах. Для мяне вялікі гонар і прывілей наведаць гэтае месца асабіста. Яно ілюструе гісторыю нашага мінулага, вашу гістарычную спадчыну, і яна перад намі. Гэта жывое пацвярджэнне адвагі вашага народа», — сказаў зімбабвійскі лідар.
Эмерсан Мнангагва дадаў, што яго краіна зацікаўлена ў цесных сувязях з Беларуссю. «Зімбабвэ — краіна, якая развіваецца. Вядома, мы высока цэнім, калі ўжо развітыя краіны працягваюць нам руку дружбы і дапамогі, і спрабуем максімальна супрацоўнічаць з імі. Акрамя гэтага, я і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка — блізкія сябры, таму я тут сёння. Вельмі прыгожая краіна. Хто б не хацеў наведаць месца, дзе па-сапраўднаму так прыгожа. Я, вядома ж, не выключэнне», — запэўніў Прэзідэнт Зімбабвэ.
Старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык падкрэсліў, што Брэсцкая вобласць падтрымлівае дружалюбныя адносіны не толькі з суседнімі краінамі, але і з усімі дзяржавамі, якія будуюць сваю знешнюю палітыку на прынцыпах узаемнай павагі і добрасуседства. Рэгіён зацікаўлены ў супрацоўніцтве з Зімбабвэ. Першыя пастаўкі ў гэтую афрыканскую краіну рэгіён ажыццявіў у гэтым годзе.
«Брэсцкая вобласць гатова прадэманстраваць вынікі шматгадовага вопыту вядзення сельскай гаспадаркі, заснаванага на выкарыстанні сучасных вытворчасцей, якаснай сыравіны і перадавых тэхналогій. Нашы прадукты харчавання, асабліва малочная прадукцыя, мясныя і рыбныя вырабы добра вядомыя па ўсім свеце, у тым ліку ў некаторых краінах Афрыкі», — сказаў Пётр Пархомчык. Ён выказаў упэўненасць, што гэты візіт будзе садзейнічаць далейшаму ўмацаванню двухбаковых адносін. Так, Брэсцкая вобласць гатова прапрацаваць магчымасці паставак у Зімбабвэ мяса-малочнай прадукцыі, вырабаў з морапрадуктаў, дзіцячага харчавання, абсталявання для сарціроўкі і перапрацоўкі адходаў, па водаачыстцы і водападрыхтоўцы.