Top.Mail.Ru

Энергетычная бяспека — адзін з галоўных складнікаў нацыянальнай бяспекі ў цэлым. Як яна дасягаецца?

Без лішняга напружання

Ад надзейнасці электрасетак і дакладна выверанага размеркавання энергарэсурсаў напрамую залежаць эканамічная і сацыяльная сферы, штодзённы камфорт мільёнаў людзей. У сучасных умовах, калі попыт на электраэнергію расце, частка інфраструктуры непазбежна зношваецца, а кліматычныя выклікі ўсё часцей нагадваюць пра сябе, пытанні абнаўлення энергасферы, мадэрнізацыі генерыруючых магутнасцяў і рацыянальнага спажывання рэсурсаў выходзяць на першы план.

Тры кіты сучаснай энергетыкі

Спецыялісты вылучаюць тры ключавыя выклікі сучаснай энергетыкі: калі энергія выраблена, але губляецца ў сетках, — сістэма працуе неэфектыўна. Калі ёсць надзейнасць, але спажыванне бескантрольнае, — растуць выдаткі. А калі недастаткова генерацыі — 

немагчыма забяспечыць устойлівае энергазабеспячэнне.

Таму стаяць адпаведныя задачы: захаваць вырабленую энергію, кантраляваць спажыванне і мець дастатковую генерацыю, падкрэсліў намеснік дырэктара Дэпартамента па энергаэфектыўнасці Дзяржаўнага камітэта па стандартызацыі Леанід ПАЛЯШЧУК.

За апошнія 20 гадоў энергаёмістасць ВУП Беларусі знізілася на 54 %. Гэта лепшы паказчык сярод краін ЕАЭС. Для параўнання: у Расіі за гэты ж час зніжэнне склала 35 %, у Казахстане — 40 %. Толькі за 2021–2025 гады эканомія паліўна-энергетычных рэсурсаў склала 3,1 млн тон умоўнага паліва.

Большыя вынікі з меншымі затратамі

Прыкладаў эфектыўнай мадэрнізацыі мноства. На «Гродна Азот» рэканструкцыя абсталявання дазволіла знізіць энергаспажыванне цэха метанолу на 40 %, а гадавая эканомія склала 42,4 тысячы тон умоўнага паліва. На «Інтэграле» замена халадзільнага абсталявання знізіла ўдзельны расход электраэнергіі на 21,9 %. Аналагічныя вынікі атрыманы на прадпрыемствах цэментнай, харчовай і іншых галін.

Гэта паказвае, што энергаэфектыўнасць — не абмежаванне вытворчасці і не адмова ад камфорту. Гэта магчымасць атрымаць большыя вынікі з меншымі затратамі энергіі.

Асаблівая ўвага надаецца лічбавізацыі энергетыкі, і гэта не самамэта. Лічбавізацыя дазваляе дакладна бачыць, дзе і калі спажываецца энергія, кіраваць нагрузкамі, прадухіляць аварыйныя сітуацыі і эфектыўней выкарыстоўваць магутнасці.

Карыстацца разумна

Спажыванне электраэнергіі ў краіне павялічваецца, у тым ліку ў сувязі са з’яўленнем электрааўтамабіляў, парк якіх імкліва расце, а таксама з-за выкарыстання электрычнай энергіі для мэт электранагравання.

— Беларуская атамная электрастанцыя ўмацавала энергетычную самастойнасць краіны, дазволіла дыверсіфікаваць крыніцы генерацыі і стварыла дадатковыя магчымасці для выкарыстання электраэнергіі ў прамысловасці, будаўніцтве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і на транспарце, — канстатаваў Леанід Паляшчук.

Ёсць і іншыя крыніцы забеспячэння патрэб у электраэнергіі ўсіх яе карыстальнікаў. З другога боку, набірае ўсё большую актуальнасць яе эканомія як у прамысловасці, так і на бытавым узроўні. Таму акрамя нарошчвання магутнасцяў значная ўвага надаецца энергазберажэнню. Але важна разумець, што ключ да эканоміі не ў тым, каб менш карыстацца электрычнасцю, а ў тым, каб карыстацца ёю разумна.

— Сучасныя сістэмы рэгулявання тэмпературы дазваляюць кантраляваць яе з дакладнасцю да 0,1 градуса замест звыклага 1 градуса. Гэта ў 10 разоў павышае дакладнасць рэгулявання тэмпературы ў кватэры. Можна наладзіць яе на ноч, на дзень, на час адсутнасці людзей. Калі адчынена фортка — сістэма проста выключаецца, каб не ацяпляць вуліцу, — прывёў прыклад разумнай эканоміі электраэнергіі Леанід Паляшчук.

Па яго словах, развіццё электраацяплення павінна суправаджацца не толькі тэхнічнай ацэнкай:

— Гэта і правільнае праектаванне, і ўлік стану электрычных сетак, і энергаэфектыўнасць самога жылля. Дзяржава падставіла плячо: ёсць падтрымка не толькі на ўстаноўку абсталявання, але і спецыяльны тарыф на электраэнергію для насельніцтва, каб тое ж электраацяпленне было даступным.

Падобная гісторыя і з асвятленнем, працягнуў спецыяліст:

— Святлодыёдныя лямпы сёння ёсць амаль у кожным доме, аднак яны бываюць рознымі. Трэба выбіраць энергаэфектыўныя. Што датычыцца прыгатавання ежы, усё больш папулярнымі становяцца індукцыйныя пліты. Яны выкарыстоўваюць электрычнасць максімальна эфектыўна, а ў рэжыме чакання або без посуду на канфорцы проста перастаюць працаваць. Таму выбар абсталявання павінен грунтавацца не толькі на эканамічным разліку, але і на яго характарыстыках.

Звычкі беларусаў мяняюцца ў бок беражлівасці.

— І гэта правільны трэнд, бо кожны эканомны крок — гэта не толькі карысць для кашалька, але і ўклад у энергетычную бяспеку краіны, — лічыць Леанід Паляшчук.

Галоўная парада ад эксперта — уважліва чытаць інструкцыі. Вытворцы закладваюць у тэхніку магчымасці для эканоміі, і трэба проста імі карыстацца.

Кіламетры надзейнасці

Летась у нашай краіне было рэканструявана 3,482 тысячы кіламетраў электрычных сетак рознага класа напружання — ад 0,4 да 330 кВт. 

У бягучым годзе запланаваны паказчык у 4 тысячы кіламетраў, і яго энергетыкі будуць прытрымлівацца далей, адзначыў намеснік галоўнага інжынера ДВА «Белэнерга» Валерый ПОРШНЕЎ:

— У першую чаргу рэканструююцца сеткі ў населеных пунктах, дзе людзі карыстаюцца электраацяпленнем. Вялікая ўвага надаецца таксама падстанцыям для падключэння электразаправак. Гэта дазволіць стварыць умовы для развіцця электрамабільнасці ў рэгіёнах.

Рэканструююцца і сеткі, якія ўжо вычарпалі свой рэсурс. Прадугледжана іх будаўніцтва ў новых населеных пунктах. Графікі рэканструкцыі па кожнай вобласці размешчаны на афіцыйным сайце ДВА «Белэнерга».

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю