Мінская вобласць пацярпела ад магутнага навальнічнага фронту, які прайшоў па тэрыторыі Беларусі ў ноч на 8 чэрвеня. Стыхія нанесла найбольшыя страты электрасеткам у Пухавіцкім, Слуцкім, Маладзечанскім і Мядзельскім раёнах, паведамляе «Мінскэнерга».
Як падкрэслілі на прадпрыемстве, асноўная прычына адключэнняў — падзенне галінак і дрэў на лініі электраперадачы. З паўночы зафіксаваны парушэнні электразабеспячэння ў 112 населеных пунктах Мінскай вобласці.
«Персанал усёй вобласці быў мабілізаваны — у найбольш пацярпелыя раёны накіраваны дадатковыя брыгады. Энергетыкі ўсю ноч працавалі над аднаўленнем электраэнергіі. Па стане на 09:00 работы працягваюцца ў 48 населеных пунктах. Для аднаўлення электразабеспячэння задзейнічана 36 аварыйных брыгад і 42 адзінкі спецыялізаванай тэхнікі, а таксама выкарыстоўваюцца 4 перасоўныя дызельныя электрастанцыі», — адзначылі ў «Мінскэнерга».
Спецыялісты робяць усё магчымае, каб вярнуць святло ў дамы жыхароў і забяспечыць стабільнае электразабеспячэнне ў найкарацейшыя тэрміны.