Top.Mail.Ru

Энергетыкі Зэльвенскага раёна запускаюць буйны праект па будаўніцтве паветранай лініі электраперадачы

У Зэльвенскім раёне Гродзенскай вобласці пачаўся новы этап развіцця энергетычнай інфраструктуры. Спецыялісты прыступілі да рэалізацыі маштабнага праекта па будаўніцтве паветранай лініі электраперадачы (ВЛ) 110 кВ «Рось—Зэльва». Гэты праект стане важным крокам у мадэрнізацыі энергасістэмы рэгіёна і павысіць надзейнасць электразабеспячэння мясцовых спажыўцоў, расказалі ў РУП «Гроднаэнерга».  


Будаўніцтва ВЛ 110 кВ «Рось—Зэльва» будзе ажыццяўляцца ў два этапы. На першым этапе плануецца ўзвесці ўчастак лініі працягласцю каля 30 кіламетраў. На гэтым участку ўстановяць сталёвыя шматгранныя прамежкавыя апоры і сталёвыя анкерныя апоры крацістай канструкцыі. Гэтыя апоры забяспечаць высокую трываласць і даўгавечнасць усёй паветранай лініі, што гарантуе яе надзейную работу на працягу многіх гадоў.

Акрамя таго, у рамках першага этапу будзе праведзена мадэрнізацыя абсталявання на падстанцыях (ПС) 110 кВ «Зэльва» і 330 кВ «Рось». На падстанцыі «Зэльва» таксама плануецца ўзвядзенне новага будынка адкрытага пункта кіравання, што павысіць эфектыўнасць кіравання энергасістэмай і палепшыць умовы працы персаналу.

Асаблівую ўвагу нададуць забеспячэнню бесперабойнасці паставак электраэнергіі для Слонімскага вузла, што важна для развіцця рэгіёна.

Чакаецца, што першую чаргу будаўніцтва паветранай лініі завершаць у першым паўгоддзі 2026 года. Гэты праект не толькі палепшыць энергазабеспячэнне Зэльвенскага раёна, але і стане важным укладам у развіццё ўсёй Гродзенскай энергасістэмы.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ

Фота РУП «Гроднаэнэрга» 

Чытайце таксама: Як энергасістэма Беларусі рыхтуецца да магчымай непагадзі і ацяпляльнага сезона?

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю