Пад такім дэвізам 17 і 18 ліпеня праходзяць Дні моладзі ў святочным Віцебску, якія даўно сталі неад’емнай часткай афіцыйнай праграмы міжнароднага фестывалю мастацтваў.
Больш за 400 чалавек — актыўныя прадстаўнікі маладзёжнага руху Беларусі, якія ўвайшлі ў склад рэгіянальных дэлегацый, прадстаўнікі краін СНД сталі ўдзельнікамі патрыятычнай акцыі «Моладзь памятае», усклалі кветкі да Вечнага агню на мемарыяльным комплексе «Вызваліцелям Віцебска — савецкім воінам, партызанам і падпольшчыкам».
Урачыстае адкрыццё Дзён моладзі дало старт іх насычанай праграме.
— У фестывальным Віцебску я ўпершыню, вельмі хачу адчуць яго асаблівы вайб, аб якім многа чуў, — падзяліўся першы сакратар Магілёўскага райкама БРСМ Уладзіслаў КАНАВАЛАЎ. — Лічу, што моладзі вельмі важна сустракацца на такіх форумах, каб натхніцца, атрымаць новыя ідэі, вартыя ўвасаблення дзеля росквіту Радзімы, захавання міру і сяброўства. Настрой выдатны, баявы, як і ва ўсіх, хто сабраўся на наш форум.
На дыялогавай пляцоўцы «Час моладзі Садружнасці» беларусы разам з прадстаўнікамі базавых арганізацый дзяржаў — удзельнікаў СНД прэзентавалі свае іміджавыя праекты, анлайн і афлайн абмяняліся вопытам работы. Стартавала патрыятычная ініцыятыва «Кніга сямейнай гісторыі «Сям’я пераможца». Першыя заметкі ў ёй — аб сваіх гераічных прадзедах — пакінулі ўдзельнікі рэспубліканскага марафону «Сям’я пераможца». Плануецца, што кнігу перададуць у Музей маладзёжнага руху Беларусі і надалей яна будзе дапаўняцца.
Рэгіянальныя дэлегацыі захапіў інтэрактыўны квэст «Віцебск маладзёжны», падчас якога яны пазнаёміліся з гісторыяй паўночнай сталіцы, прадэманстравалі веды па гісторыі і культуры, пабывалі на знакавых аб’ектах горада, у яго лепшых музеях. Упершыню ў рамках спартыўных актыўнасцяў для маладых людзей арганізавалі сплаў па Заходняй Дзвіне на сапбордах. Ну, і як жа не ўзгадаць канцэртна-танцавальную вечарыну «Пульс пакалення»? Тут і кавер-бэнды, і дыджэй-сэт, і новыя знаёмствы, і зносіны ў нязмушанай абстаноўцы.
Другі дзень пачаўся з народнай зарадкі ў Цэнтральным спорткомплексе, дзе на світанку толькі закончыўся канцэрт «Рытмы лета», адрасаваны пераважна маладзёжнай аўдыторыі. На працягу дня ЦСК аддадзены пад работу маладзёжнай платформы «Формула будучыні». Яна прадугледжвае сустрэчы «без гальштукаў» з першым сакратаром ЦК БРСМ Уладзімірам Паўлоўскім, запрошанымі зоркамі эстрады, папулярнымі блогерамі. Асобная пляцоўка прысвечана 35-годдзю СНД. Кульмінацыя Дзён моладзі — вячэрні гала-канцэрт у самым сэрцы Віцебска, на плошчы Перамогі, з удзелам маладых выканаўцаў, калектываў, артыстаў беларускай эстрады.
Святлана ЯКАЎЛЕВА