У шэрагу сусветных інфармацыйных нагод саміт АДКБ, які адбыўся ў Бішкеку 26—28 лістапада 2025 года, не стаў сусветнай сенсацыяй. Разам з тым рашэнні, прынятыя ў яго рамках, могуць істотна паўплываць на архітэктуру планетарнай бяспекі. На першы погляд — планавае мерапрыемства, якое папярэднічае перадачы паўнамоцтваў старшынства ў арганізацыі ад Кыргызстана да Расіі, а па сутнасці — зверка пазіцый краін-удзельніц на працэсы, якія адбываюцца ў свеце.
На Захадзе бразгаюць зброяй
Саміт праходзіў на фоне спробаў палітычнай і эканамічнай ізаляцыі, санкцыйнага ціску і фінансавага бязмежжа, мілітарысцкай істэрыі ў Еўропе і рэальнай падрыхтоўкі ЕС да вайны. На цырымоніі ўступлення на пасаду ў ліпені 2025 года новы камандуючы аб’яднанымі сіламі НАТА ў Еўропе генерал ВПС ЗША Алекс Грынкевіч безапеляцыйна заявіў, што «ўжо ў 2027 годзе могуць пачацца баявыя дзеянні». Яму паддаквае міністр абароны ФРГ Барыс Пісторыус, які ў лістападзе бягучага года ў інтэрв’ю Frankfurter Allgemeine Zeitung абвясціў: «Мы заўсёды казалі, што гэта (вайна) можа адбыцца ў 2029 годзе. Аднак зараз ёсць і тыя, хто лічыць, што гэта магчыма ўжо ў 2028 годзе, а некаторыя ваенныя гісторыкі і ўвогуле мяркуюць, што мы правялі апошняе мірнае лета», — вось так «плануюць» заходнія палітыкі. Сукупныя выдаткі краін НАТА на ўзбраенне ў 2025 годзе ацэньваюцца ў аб’ёме 1, 6 трыльёна долараў, што з’яўляецца рэкордам у ХХI стагоддзі.
У падобных умовах спадзявацца на разважлівасць і адэкватнасць не даводзіцца. Пагардлівасць, каланіяльнае мысленне, уяўная ўпэўненасць ва ўласнай перавазе і імкненне заходніх палітыкаў працягваць жыць за чужы кошт не спрыяе нармалізацыі абстаноўкі. Таму і збіраюцца лідары дзяржаў АДКБ, адказваючы на запыт сваіх народаў на бяспеку. Бо ў сусветнай гісторыі былі неаднаразовыя прыклады, калі еўрапейскія дзяржавы аб’ядноўваліся для «прасоўвання цывілізацыі», і гэта заканчвалася сусветнымі войнамі.
Наш адказ мілітарыстам
Падобная заклапочанасць была выказана і ў выступленні Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Аляксандр Лукашэнка зазначыў: «Па перыметры граніц АДКБ нарастаюць ваенныя рызыкі і пагрозы, асабліва на заходнім фланзе арганізацыі, дзе, здавалася б, павінна захоўвацца адэкватная і стабільная сітуацыя. Абстаноўка падобная да абложанай крэпасці, у якой сёння жыве Беларусь». Усё гэта патрабуе пастаяннай адаптацыі арганізацыі да сучасных выклікаў і пагроз як ваеннага, так і неваеннага характару, своечасовага аператыўнага рэагавання.
Сярод найбольш істотных кіраўнікі дзяржаў — удзельніц АДКБ вылучылі: штучны інтэлект; беспілотныя лятальныя апараты і смяротныя аўтаномныя баявыя сістэмы, якія валодаюць алгарытмамі да саманавучання; кібертэрарызм; забеспячэнне бяспекі жыццёва важных аб’ектаў энергетычнай інфраструктуры; закрыццё граніц для перамяшчэння тавараў і людзей; фінансава-эканамічны прэсінг.
У якасці механізму супрацьдзеяння і нейтралізацыі пагроз прапанавана канцэпцыя Вялікага Еўразійскага Партнёрства (ВЕП) — гнуткай сістэмы кааперацыі, якая інтэгруе існуючыя фарматы ўзаемадзеяння (АДКБ, ШАС, ЕАЭС, АСЕАН і інш.) ва ўзгодненую архітэктуру. Гэты падыход, які вызначаецца як «інтэграцыя інтэграцый», дазваляе захаваць самастойнасць кожнай са структур, але фарміруе цэласную прастору бяспекі і развіцця на аснове прынцыпаў поліцэнтрычнасці і салідарнага развіцця.
Ключавая роля ў гэтай архітэктуры адводзіцца Цэнтральнай Еўразіі — рэгіёну, які складае стратэгічнае ядро ВЕП. Пад Цэнтральнай Еўразіяй разумеецца геапалітычная і геаэканамічная прастора, якую ўтвараюць Расія, Беларусь, краіны Цэнтральнай Азіі (Казахстан, Кыргызстан, Узбекістан, Таджыкістан, Туркменістан), дзяржавы Паўднёвага Каўказа і іншыя сумежныя краіны. Менавіта гэтая ўнікальная прастора, размешчаная ў асяродку кантынента, служыць кропкай перасячэння культур, цывілізацый і эканамічных інтарэсаў.
Па прынцыпе салідарнага развіцця
Усё гэта знайшло адлюстраванне ў межах канцэптуальнага аналітычнага даклада «Вялікае Еўразійскае Партнёрства: агульная адказнасць за бяспечную будучыню», прадстаўленага ў рамках саміту.
У эканамічным раздзеле дакумента адлюстраваны і прааналізаваны структурны зрух у гандлі краін рэгіёна ў бок усходнеазіяцкага вектара. Падкрэслена неабходнасць стварэння магутнага рэгіянальнага фінансавага механізму для забеспячэння эканамічнай бяспекі і кіравання рызыкамі ва ўмовах высокай нявызначанасці.
У гуманітарнай сферы абгрунтоўваецца каштоўнасць цывілізацыйнай разнастайнасці Еўразіі як яе ключавой перавагі. Вопыт дзяржаў Цэнтральнай Еўразіі па забеспячэнні ўзаемадапаўняльнага ўзаемадзеяння этнасаў і канфесій разглядаецца як мадэльны для ўсяго кантынента.
Даклад вызначае «салідарнае развіццё» як новую парадыгму, альтэрнатыўную састарэлым імперскім і неаліберальным мадэлям. Яе ключавыя прынцыпы — узаемная выгада, улік асіметрыі развіцця, сацыяльная адказнасць і калектыўная бяспека.
У дакуменце падкрэсліваецца, што ўстойлівы мір і стабільнасць у Еўразіі дасягальныя толькі пры гатоўнасці народаў кантынента ўзяць на сябе агульную адказнасць за бяспечную будучыню.
Як гэта адрозніваецца ад наратываў, якія транслююцца сёння Захадам, дзе асноўная ідэя — забяспечыць уласны дабрабыт за кошт іншых, рабуючы, запалохваючы, ужываючы сілу.
Час адказных палітычных рашэнняў
Па выніках саміту АДКБ у Бішкеку лідары арганізацыі падпісалі вялікі пакет дакументаў. Яны датычацца забеспячэння комплекснай бяспекі партнёраў як ад традыцыйных пагроз, такіх як наркатрафік, тэрарызм і трансгранічная злачыннасць, так і ад выклікаў гібрыднага характару. Сярод іх — фінансава-эканамічныя адносіны, транспартныя і лагістычныя калідоры, ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва.
Трэба адзначыць, што АДКБ паступальна развіваецца, адаптуючыся да сучасных пагроз і прытрымліваючыся прынцыпу ўліку інтарэсаў усіх удзельнікаў. Арганізацыя нікому не пагражае, не запалохвае і не навязвае пазіцыю, яна выпрацоўвае рашэнні, якія адпавядаюць інтарэсам краін-удзельніц. У аснове функцыянавання АДКБ ляжыць прынцып паважлівага стаўлення адзін да аднаго, калі ўлічваецца меркаванне кожнага, а кансэнсус дасягаецца падчас канструктыўнага дыялогу. Пастаянна пашыраецца спектр пытанняў, якія абмяркоўваюцца, а вопыт структуры можа быць эфектыўна распаўсюджаны на структуры шматпалярнага светаўладкавання, якое фарміруецца.Тэктанічныя зрухі ў міжнародных адносінах патрабуюць адказных палітычных рашэнняў. Эпоха дыктату сілы завяршаецца, а на змену ёй павінна прыйсці эпоха «агульнай адказнасці за бяспечную будучыню», дзе раўнапраўны дыялог — аснова міждзяржаўных адносін. Менавіта гэту парадыгму транслюе свету АДКБ і Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка: «Мы — за дыялог. І гэта дэманструем у сваёй палітыцы. Сумленны, адкрыты, без ультыматумаў і папярэдніх умоў».
Мікалай Бузін, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў, доктар ваенных навук, прафесар.