Top.Mail.Ru

Эстафету акцыі «Беларусь адзіная» прыняла Міншчына

Пра маладое свята разважаюць маладыя

Рэспубліканская інфармацыйна-асветніцкая акцыя «Беларусь адзіная», якая сёлета набыла новы фармат «моладзь — моладзі», прайшла ўчора ў Мінскай вобласці. Эстафету ад гродзенцаў першымі прымалі навучэнцы Чэрвеньскага будаўнічага каледжа.

У ім навучаецца амаль 500 маладых людзей. Гэта будучыя работнікі профільных будаўнічых арганізацый, на якіх вялікі попыт на рынку працы. Выпускнікі ўстановы адукацыі атрымліваюць стапрацэнтнае размеркаванне, удзельнічаюць у знакавых для краіны будоўлях.

Маладзёжнай аўдыторыі ў Чэрвені, якая добра ведае, чаго вартая праца на зямлі і як важны яе плён, прапанавалі пагаварыць аб значнасці традыцый, гісторыі краіны, без чаго немагчыма пабудаваць годную будучыню.

«Беларусы — мірныя людзі, якім давялося шмат чаго перажыць. Адна з такіх падзей — падпісанне Рыжскага мірнага дагавора ў 1921 годзе, які падзяліў наш народ, нашы сем’і. Самае страшнае, што на тэрыторыі Заходняй Беларусі палякі спрабавалі сцерці нашу нацыянальную самаідэнтычнасць, ператварыць беларусаў у рабоў. Але беларусы змагаліся, захоўваючы сваю мову, свае традыцыі, за што цярпелі ганенні. Беларуская мова няхай шэптам, але гучала, каб зноў адрадзіцца. Новае жыццё пачалося толькі ў 1939 годзе дзякуючы вызваленчаму паходу Чырвонай Арміі. Гэта падзея ў гісторыі народа і лягла ў аснову самага маладога ў краіне свята, якое мы адзначаем 17 верасня», — расказала, звяртаючыся да навучэнцаў, лідар маладзёжнага крыла Беларускага саюза жанчын Яўгенія КАЛЕЧЫЦ.

«Але самае галоўнае, што беларусы, абараняючы сваю зямлю, ніколі не замахваліся на чужое. Мы не толькі мірныя, але і добрыя, спагадлівыя, гасцінныя. Па гэтых характарыстыках нас пазнаюць усе, хто хаця б аднойчы пабываў у нашай краіне. І гэта нагода ганарыцца сваім і быць адзінымі ў гэтым пачуцці. „Беларусь адзіная“ — гэта не проста словы, гэта наш культурны код», — адзначыла намеснік старшыні маладзёжнага савета Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Яўгенія СПРУЦЬ.

Для настрою — віктарына, у якой хлопчыкі і дзяўчынкі раскрылі важныя для гісторыі краіны даты і этапы яе развіцця, а таксама выканалі самыя любімыя песні беларусаў. Завяршылася сустрэча фотасесіяй — моладзь аб’ядналася не толькі сэрцамі, думкамі, але і на адной вялікай сямейнай фатаграфіі.

«Перад сустрэчай мы вельмі хваляваліся, аднак ужо праз некалькі хвілін, калі ўбачылі цікавасць дзяцей, іх зацікаўленыя вочы, хваляванне знікла. Мы паспрабавалі на зразумелай для іх мове, не перагружаючы складанай інфармацыяй, данесці галоўнае — наша сіла ў адзінстве грамадства», — падзялілася Яўгенія Спруць.

Яе калега Яўгенія Калечыц падкрэсліла: «Мне было вельмі прыемна пагутарыць з будучымі будаўнікамі. Яны аказаліся актыўнымі, адказвалі на пытанні, дзяліліся меркаваннем, нарэшце, дружна спявалі. Мы былі адзіныя ў гэты момант, і гэта галоўнае».

Навучэнец 3-га курса Яраслаў Кузняцоў расказаў, што пасля сустрэчы ён яшчэ больш выразна стаў разумець, наколькі важная сям’я, традыцыі народа, яго гісторыя: «Нам будаваць нашу Беларусь у будучыні. І, як нашы продкі, мы будзем захоўваць яе для нашчадкаў мірнай, прыгожай, гасціннай і працавітай».

Навучэнец 2-га курса Раман Знак адзначыў, што для маладзёжнай аўдыторыі важна мець магчымасць выказаць сваё меркаванне: «Такі фармат стварае ўмовы для зносін, дае магчымасць выказаць свае думкі, спрачацца, дзяліцца эмоцыямі. Гэта збліжае і застаецца ў памяці».

Паводле БелТА


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю