Top.Mail.Ru

Эталонны помнік дойлідства. Аб унікальнасці Спаса-Праабражэнскай царквы ў Полацку расказаў гісторык

Чым унікальная Спаса-Праабражэнская царква ў Полацку, пабудаваная дойлідам Іаанам па заказе Ефрасінні Полацкай, расказаў БелТА старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Палаты прадстаўнікоў, гісторык Ігар Марзалюк.

«Ефрасіння праславілася і тым, што менавіта па яе заказе, менавіта яе стараннямі полацкім дойлідам Іаанам быў створаны ўнікальны храм, які лічыцца эталонным помнікам полацкага дойлідства — Спаса-Праабражэнская царква», — сказаў Ігар Марзалюк.

Археалагічныя даследаванні паказалі, што там існаваў яшчэ падземны храм. «Раскрыты і вывучаны на сённяшні дзень унікальны роспіс XII стагоддзя паказвае, што сюжэты, якія адлюстраваны на сценах царквы, наяўнасць святых, кожны з якіх з’яўляўся патронам таго ці іншага полацкага князя, дазваляе інтэрпрэтаваць Спаскую царкву як калектыўную малітву Ефрасінні аб міры ўнутры полацкага роду, полацкіх князёў. І зразумела, як калектыўную пахавальню гэтых князёў, акрамя ўсяго іншага», — адзначыў гісторык. Адметным гісторык назваў і той факт, што кілепадобнае завяршэнне царквы, так званыя какошнікі, былі вынайдзены полацкім дойлідам Іаанам.

У 1161 годзе па заказе Ефрасінні майстар-ювелір Лазар Богша вырабіў для Спаса-Праабражэнскай царквы Полацкага манастыра напрастольны крыж. «Вельмі доўга спрачаліся, заяўлялі, што, хутчэй за ўсё, у Кіеве створаны гэты крыж. У Полацку нібыта не маглі стварыць яго», — сказаў Ігар Марзалюк. Паводле яго слоў, у час археалагічных даследаванняў Дзяніса Дука была знойдзена сядзіба, якая, хутчэй за ўсё, належала вядомаму полацкаму ювеліру XII стагоддзя Лазару Богшу, што ўскосна пацвярджае полацкае паходжанне крыжа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю