Top.Mail.Ru

Эвакуацыя вытворчасцяў з заходніх савецкіх рэспублік з першых жа дзён Вялікай Айчыннай вайны ператварылася ў бяспрыкладную аперацыю тытанічнага маштабу

«Даменная печ» па імені 1941 года

«З прыфрантавой зоны на працягу другога паўгоддзя 1941-га на ўсход толькі па чыгунцы, паводле зводак наркамата шляхоў зносін (НКШЗ), было вывезена 2593 прамысловыя прадпрыемствы. Калі ж улічыць, што значную частку пераведзеных на ўсход прамысловых аб’ектаў складалі нідзе няўлічаныя (бездакументныя грузы), выратаваныя ад ворага часта ў „апошнюю гадзіну“, а на тэрыторыі СССР, якая падверглася акупацыі, напярэдадні вайны дзейнічала толькі 31 850 буйных і сярэдніх прадпрыемстваў, то прыведзеныя вышэй лічбы (2593) — толькі нікчэмна малая доля з сапраўды перакінутых у глыбокі тыл...» (Георгій Куманёў, «Вайна. Эвакуацыя ў СССР. 1941 — 1942 гады»).

Паміж «танкістамі» і «авіятарамі»

Эвакуацыя, прыведзеная ў дзеянне пастановай Дзяржаўнага камітэта абароны СССР № 99с, працякала некалькімі хвалямі. Прычым першая, нават улічваючы адсутнасць адзінага плана, прайшла на здзіўленне зладжана. Былі вывезены дзясяткі тысяч жыццёва важных, дарагіх, інавацыйных па тым часе прадпрыемстваў — Ленінградскі турбінны, Кіеўскі завод авіяцыйных прыцэлаў і да т. п. Другая ж хваля эвакуацыі нечакана ператварылася ў хаатычны «броўнаўскі рух». Прычынай таму стала рэзкае пагаршэнне становішча на франтах канца лета — ранняй восені 1941 года. Давялося выбіраць: якія прадпрыемствы вывозіць першымі, а якія стануць другараднымі (з гіпатэтычнай рызыкай здаць іх ворагу як менш каштоўныя). Яскравым прыкладам падобнай дылемы стала сітуацыя міжвольнага саперніцтва паміж дзвюма магутнымі групамі савецкіх вытворцаў — так званымі «танкістамі» і «авіятарамі».

Вось як успамінаў у сваіх мемуарах гарачыя першыя месяцы вайны начальнік грузавога ўпраўлення НКШЗ СССР Мікалай Дубровін: «Канкрэтных, загадзя распрацаваных эвакуацыйных планаў на выпадак неспрыяльнага ходу ваенных дзеянняў мы не мелі. ...Многія прадпрыемствы прыфрантавых раёнаў да апошняй магчымасці павінны былі даваць прадукцыю для забеспячэння патрэб абароны. Нараўне з гэтым трэба было своечасова падрыхтаваць абсталяванне прамысловых аб’ектаў да дэмантажу і эвакуацыі, якую даводзілася часта ажыццяўляць пад артылерыйскім абстрэлам і варожымі бамбардзіроўкамі. Тым часам неабходнага досведу планавання і правядзення такога экстраннага перамяшчэння вытворчых сіл з заходніх раёнаў краіны на ўсход у нас не было...»

Эвакуацыйная цераспалосіца

Сутыкненне інтарэсаў моцна выявілася пры вывазе ўмоўнай паўночнай групы прампрадпрыемстваў еўрапейскай часткі СССР. Разбяром гэту праблему на характэрным прыкладзе.

Так, новасфарміраваны наркамат танкавай прамысловасці СССР з першых месяцаў вайны стаў актыўна лабіраваць свае інтарэсы. Гэта было нядзіўна: танкі нараўне з бамбардзіроўшчыкамі і цяжкай артылерыяй сталі галоўнымі козырамі ваюючых армій. Кіраўнік наркамата Вячаслаў Малышаў, напрыклад, абгрунтаваў перад ДКА СССР, што «Уралвагонзавод» — самастойнае, адасобленае прадпрыемства — зможа стаць заводам-«дублёрам» шэрагу прадпрыемстваў паўночнага захаду СССР. А менавіта: яго магутнасцяў хопіць для прыёму ў родных сценах Кіраўскага танкавага завода з Ленінграда і некалькіх меншых. Прадпрыемства было пагружана на саставы, пуцейцы вызначылі расклад руху цягнікоў, як раптам высветлілася, што на частку плошчаў уральскага гіганта даўно паклаў вока наркамат авіяпрамысловасці і ўжо заканчвае перакідку туды сваіх падведамных прадпрыемстваў. Напрыклад, завод № 381 з Ленінграда ўжо выгружаецца на Урале.


Прастой кіраўцаў абярнуўся «эфектам даміно». Углыб краіны па выдзеленым для іх маршруце ў пэўны часавы адрэзак раскладу руху фактычна без узгаднення з кіраўніцтвам пайшлі аўтабудаўнікі-харкаўчане, увозячы ў Ніжні Тагіл матчастку роднага дызель-маторнага завода № 75. Прычым самому Харкаву яшчэ нічога не пагражала, і з яго эвакуацыяй, здавалася, можна было б пачакаць. Але каштоўны час для Кіраўскага танкавага быў страчаны. У хуткім часе 39-ы нямецкі танкавы корпус групы армій «Поўнач», які наступаў, перарэзаў апошнюю «пупавіну», што злучала горад на Няве з Вялікай зямлёй. Ад блакады было выратавана ўсяго паўтысячы станкоў — яны адправіліся ў Чалябінск, папоўніўшы парк знакамітага танкавага завода. Яшчэ адна «порцыя» вытворчых магутнасцяў кіраўскага прадпрыемства (каля 8050 станкоў) вывозілася на Вялікую зямлю дробнымі партыямі ў тым ліку па Ладазе. Дакладней, зваротнымі рэйсамі транспарту (аўтамабільнага, авіяцыйнага, воднага), які забяспечваў галадаючы мегаполіс.

Натуральна, гэты працэс праходзіў на працягу вялікага адрэзка часу. Частку прадпрыемства пераразмеркавалі на шэраг іншых (дызельны № 76 атрымаў больш за 200 станкоў, завод № 112 «Чырвонае Сормава» — 112 адзінак, Сталінградскі трактарны — 122 штукі і г. д.). Рэшткі магутнасцяў Кіраўскага танкавага (каля 1500 станкоў плюс шэсць пракатных станаў) ва ўсечаным выглядзе працягнулі выпуск прадукцыі ў Ленінградзе да самага зняцця нямецка-фінскай блакады. Гэты першаразрадны завод (рэкардсмен СССР па колькасці станочнага парка), які вырабляў цяжкія танкі КВ, фактычна раздробнены з-за няўзгодненасці эвакуацыі, працаваў у вайну з некаторай стратай ККД. І такіх прыкладаў, якія датычацца паўночнай групы прадпрыемстваў, можна прывесці нямала.

Частка завода ў дарозе, астатняя — працуе

Вываз умоўнай паўднёвай групы прампрадпрыемстваў савецкай абаронкі, якая знаходзілася ў асноўным у цэнтральнай і ўсходняй частцы Украіны, адрозніваўся меншым драматызмам і драбненнем прадпрыемстваў. Гэта тлумачылася сітуацыяй на франтах. Трагічная стратамі, але важная Кіеўская стратэгічная абарончая аперацыя да канца верасня 1941 г. звязала боем у наваколлях сталіцы рэспублікі пераважныя сілы групы армій «Поўдзень». Гэта дазволіла эвакуіраваць прадпрыемствы больш-менш упарадкавана, спалучаючы вывад з прадаўжэннем вытворчасці. ДКА СССР і шэраг наркаматаў узгаднілі план, згодна з якім першымі ішлі на ўсход менавіта танкавыя заводы, прадпрыемствы па вытворчасці суднавай брані. Усе астатнія — пазней. Але паралельна з гэтым быў устаноўлены парадак, пры якім перадавая частка станочнага парка, якая перавозілася саставамі, хавалася за гарызонтам, а астатняя працягвала працаваць, выкарыстоўваючы назапашаныя на складах вузлы і агрэгаты. Эвакуацыя эвакуацыяй, а ваяваць нечым усё ж трэба было.


Гэты рызыкоўны, дэцэнтралізаваны варыянт работы прадпрыемстваў, якія вывозіліся, таксама тлумачыўся патрэбамі фронту. Напрыклад, Харкаўскі танкабудаўнічы завод № 183 імя Камінтэрна і яго «партнёр» — Марыупальскі завод імя Ільіча  (вытворчасць катанай танкавай брані) былі ўнікальнымі, адзінымі такога ўзроўню ў СССР. Але, нараўне з прыярытэтнасцю ў эвакуацыі, стаяла найвастрэйшая патрэба ў бесперапынным выпуску Т-34-76 — самай дзейснай зброі Чырвонай Арміі першых паўтара гады вайны, што прызнавалася самімі сапернікамі. Немінучы вымушаны прастой у выпуску такой прадукцыі навісаў над ДКА СССР і Генеральным штабам РСЧА дамоклавым мячом, і аб ім у баявую пару 1941 года страшна было падумаць! Але савецкай абаронцы паўднёвай групы прадпрыемстваў пашанцавала: закончыўшы з кіеўскім катлом, вораг пагнаўся за імгненнай тактычнай выгадай. Кінуў танкавыя групы, якія вызваліліся, не ўглыб УССР з яе прамысловымі раёнамі, а на разгром Паўднёвага фронту. Так харкаўскі прамысловы раён мімаволі атрымаў каштоўны час да канца кастрычніка першага года вайны на вываз усяго неабходнага за Волгу. Самаахвярная адвага байцоў, якія адстойвалі Кіеў і яго наваколлі, воінаў Паўднёвага фронту, якіх збіваў пераважны ў сілах і сродках вермахт, выратавала мноства прадпрыемстваў, падарыўшы таварышам па зброі новага прызыву шанц сустрэць ворага на новай, выпушчанай у эвакуацыі тэхніцы і адпомсціць за свае жыцці...

Аляксей СЕРАБРАКОЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю