Top.Mail.Ru

«Фабрыка катаванняў» у Бярозе-Картузскай ва ўспамінах яе вязняў

«Усё рабілася па камандзе «бягом»

Чалавек — істота з крыві і плоці, уразлівая. Але калі да фізічных характарыстык дадаецца моцны дух, то ён здольны перарабіць звычайнага чалавека ў звышчалавека, які можа вытрываць усё. Прыклады маюць месца не толькі ў кіно і літаратуры, але і ў нашай беларускай гісторыі. У верасні 1939 года жыхары рэспублікі даведаліся пра подзвіг неверагоднай стойкасці вязняў канцэнтрацыйнага лагера «Бяроза-Картузская», які быў створаны на тэрыторыі Заходняй Беларусі ўладамі Другой Рэчы Паспалітай як месца пазасудовага зняволення для палітычных праціўнікаў санацыйнага рэжыму.

У «Бярозе-Картузскай» былі жорсткія ўмовы ўтрымання — тагачасныя вязні пакінулі нашчадкам свае ўспаміны (паводле якіх яшчэ ў 60-я гады была выдадзена кніга «Яны не сталі на калені», а ўжо ў ХХІ стагоддзі створана экспазіцыя музея канцлагера). Сёння мы прапаноўваем пачуць голас рэальных людзей, якія вытрымалі і выжылі.

Ураджэнец Кобрынскага раёна Фама Сідзюк, які быў падпольшчыкам, сакратаром партыйнай ячэйкі, успамінаў:

«Кожны, хто пабываў у Картуз-Бярозе, ведае, што такое тамтэйшы карцэр. Гэта халоднае падвальнае памяшканне з цэментнай падлогай і цаглянымі сценамі. Цераз кожныя пяць хвілін наглядальнік стукаў у дзверы, і на кожны яго стук трэба было адгукацца. Калі задрамаў і не адгукнуўся — паліцэйскі збіваў. Сістэма харчавання ў карцэры была разлічана на тое, каб падарваць здароўе яго абітацеляў. Толькі цераз дзень давалі порцыю гарачай ежы. У астатнія дні вязні атрымлівалі па 200–300 грамаў хлеба і палову літра халоднай вады... Тут быў такі парадак: калі цябе кліча да сябе паліцэйскі, ты быў абавязаны пры падыходзе да яго схіліць перад ім спіну. Гэты „рытуал“ зневажаў нас. Шуму, канешне, было шмат, пагрозы сыпаліся штохвілінна, паліцэйскія збівалі вязняў. Аднак усіх нас збіць і перабіць нельга было... Усіх тых, каго адміністрацыя лагера лічыла закапёршчыкамі, кіраўнікамі „беспарадкаў“ у лагеры, трымалі ў ізаляцыі ад астатніх, разам з усімі не пускалі на працу, а ў большасці выпадкаў займаліся з імі „ваеннай муштрой“. Вязні штрафной камеры знаходзіліся пад асаблівым і строгім наглядам».

Іосіф Жыўлюк, сакратар Свіслацкага РК КПЗБ, сведчыў:

«У лагеры было забаронена размаўляць, курыць і нават хадзіць. Усё рабілася па камандзе „бягом“. На працу — бягом, у казарму — бягом, у сталовую — бягом, у прыбіральню — бягом. Не дазвалялася атрымліваць пасылкі з прадуктамі, а кармілі вельмі дрэнна. Пачуццё голаду ніколі не пакідала нас. На абед было адведзена некалькі хвілін, падчас якіх вадкі суп паглынаўся імгненна».

Пры паступленні ў лагер кожны праходзіў праз «прывітанне» — калі паліцэйскія станавіліся ў два шэрагі і збівалі новапрыбылых. У карцар адпраўлялі нават за найменшую правіну.

Член КПЗБ Фёдар Савіцкі быў прыгавораны да 10 гадоў зняволення, ён апісаў сваё знаёмства з лагернымі парадкамі: «...Біць яго, — Грэфнер тыкнуў у мой бок пяльчаткай, — біць на кожным кроку. Глядзіце, каб палка не сыходзіла з яго спіны».


Сцяпан Самайловіч, сакратар Пружанскага райкама камсамола, пакінуў сведчанне: «Тут любая праца ператваралася ў здзек з чалавека. Накіравалі, напрыклад, мяне ў групу вязняў, якія капалі зямлю на тэрыторыі лагера і выбіралі цэглу са старых пабудоў. Расставілі нас на адлегласці метра адзін ад аднаго, далі кожнаму рыдлёўку і загадалі капаць. Пачалі працу. Чую крык: — 539-ы, да мяне!

Убіў рыдлёўку ў зямлю глыбей, пабег, адрапартаваў, што з’явіўся, атрымаў 20 удараў за тое, што азірнуўся. Калі вярнуўся, гляджу — адстаў ад астатніх. Адставаць нельга. Зноў — пакаранне. Толькі падраўняўся — зноў крык, выклікае іншы паліцэйскі, трэба бегчы ў адваротны бок. Паўтараецца тая ж самая карціна. Усе, хто працаваў у групе, цярпелі падобныя катаванні, бегалі ў розных напрамках, дакладалі, атрымлівалі ўдары палкамі і вярталіся на свае месцы».

Бессэнсоўная цяжкая праца служыла для здзекаў. Напрыклад, пераносіць цяжкія камяні з аднаго месца на другое, а потым цягнуць іх назад, або ўручную перакопваць велізарныя тэрыторыі ў вар’яцкім тэмпе.

Емяльян, Іван, Міхаіл і Сяргей Кунцэвічы, родныя браты-сяляне з пад Баранавічаў, пакінулі сведчанне пра тое, што не ўсе маглі вытрываць падобны рэжым, некаму гэта каштавала жыцця:

«Чаго толькі не выдумлялі палачы. Яны запрагалі нас у цялегі, для перавозкі пяску і гравію, запрагалі ў павозку з бочкай для падвоза вады, у каток для ўкатвання маставой... Не раз рукі былі гатовы ўзняць рыдлёўку на палача. Але перамагаў розум: смерць не страшная, страшная помста з боку паліцэйскіх, якія за аднаго заб’юць многіх. Як яны зверскі забілі віленскага студэнта Германінскага і беларускага селяніна Мазырка... Стары, які шукаў свайго ўнука і выпадкова апынуўся з намі ў лагеры, пасля трох дзён такой гімнастыкі і неаднаразовых праверак, ці не сімулянт ён, страціў прытомнасць, праляжаў цэлы дзень пад заборам, а пад вечар яго панеслі мёртвага».

Іосіф Райскі з Баранавічаў быў прыгавораны за камуністычную дзейнасць да 10 гадоў зняволення, вытрымаў 90 дзён карцара, але не прасіў літасці. Ён адзначаў, як зняволеныя падтрымлівалі адзін аднаго: «Сярод вязняў былі людзі са слабым здароўем. Катаржная праца, здзеклівыя практыкаванні, збіванне губіцельна адбіваліся на іх арганізме. Мы з самага пачатку прыглядаліся да тых, хто слабейшы. Падчас практыкаванняў, працы прыстасоўвалі свае рухі да рухаў слабых, дапамагалі ім падымаць цяжкі груз».

Для паліцэйскіх не было розніцы, якога ўзросту чалавек. Ураджэнец Слонімскага раёна Серафім Татарын, член Слонімскага РК КПЗБ, згадваў свой шлях да «Бярозы-Картузскай»: «Да маёй левай рукі была прыкавана правая рука Міхаіла Серады. Гляджу на яго — зусім падлетак. Валасы светла-русыя, твар яшчэ пакрыты вяснушкамі. На шчаках і верхняй, крыху адтапыранай губы толькі пачынае прабівацца першы пушок. І цябе, юны сябра, гоняць у гэтае страшнае месца».

Сам Міхаіл Серада, які ў 1935 годзе быў сакратаром Дзярэчынскага райкама КСМЗБ, пісаў пра тое, што чатырнаццаць месяцаў пражыў літаральна бягом: «Убягаем на плац і апынаемся ў нейкім жудасным чалавечым калаўроце, які стогне і задыхаецца. Нешта спытаць, кагосьці пазнаць немагчыма. Мітусяцца чалавечыя фігуры, мільгацяць у вачах паліцэйскія дубінкі. Цямнее ў вачах, звініць у вушах ад бесперапынных удараў па галаве. У абсалютна пустым памяшканні арыштанцкага блоку нас прымусілі цалкам распрануцца, збілі яшчэ раз, выдалі арыштанцкія курткі і нумары. Цяпер у мяне ёсць нумар, крывападцёкі, ссадзіны, і арыштанская куртка».

Ужо на месцы ён даведаецца, што такое славутая «гімнастыка», калі трэба бегчы да страты прытомнасці, поўзаць на локцях і каленях па вострым жвіры або друзе (так званая «жабка»), скакаць на адной назе. І гэта пры няспынных ударах з боку наглядчыкаў.


Былі ў лагеры «начныя аперацыі», пра якія сведчыў камуніст Ісак Ліпшыц:

«...Не паспелі мы заплюшчыць вочы, як раздаўся рэзкі свісток. Пачуўся гук крокаў. З шумам адчыніліся дзверы, і да нас уварваліся паліцэйскія з крыкам: „Устаць, распрануцца дагала, закласці рукі за шыю і бягом марш уніз, у сталовую!“ Толькі мы скінулі з сябе кашулі, як ужо нас пачалі біць... На прыступках паліцэйскія падстаўлялі нам ногі, мы падалі, і ў момант падзення на нас яшчэ сыпаліся ўдар за ўдарам. Убеглі ў сталовую. Раздалася каманда: „Тварам да сцяны. Не азірацца!“ Трыста голых цел стаялі шчыльна адно да аднаго. Да нашага слуху даходзіў злосны шэпт і гукі, падобныя на шчоўканне затвораў... Цераз некалькі хвілін пачуліся гукі, падобныя на стрэлы. Пасля гэтага выклікалі новую групу арыштаваных... Некалькі гадзін мы стаялі ў чаканні смерці...»

Усё змянілася раптоўна. Паводле некаторых успамінаў, у ноч з 16 на 17 верасня раптам стала ціха, ахоўнікі нібыта зніклі — яны ў паніцы пакідалі гэтае месца, каб паспець уратаваць сваё жыццё. Вязні зразумелі, што канвеер «фабрыкі катаванняў» быццам бы спыніўся, яны прарваліся за межы агароджы з калючым дротам. Калі днём знясіленыя людзі выйшлі ў горад, мясцовыя жыхары дзяліліся з імі адзежай і ежай...

Падрыхтавала Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю