У ходзе праверак суб’ектаў гаспадарання рэгіёна ўстаноўлены факты схавання выручкі і выплаты неафіцыйных даходаў. Як паведамілі ў прэс-цэнтры інспекцыі МНС Рэспублікі Беларусь па Магілёўскай вобласці, па выніках праверак парушальнікам прад’яўлены значныя сумы да ўплаты ў бюджэт.
Падчас праверкі магілёўскага ТАА, якое ажыццяўляла рыэлтарскую дзейнасць, выяўлены факты схавання выручкі і выплаты неафіцыйных даходаў заснавальніку і нетрудаўладкаваным работнікам. Па выніках праверкі прад’яўлены падаткі і пеня на суму больш за 1 мільён рублёў. Акрамя таго, на арганізацыю і яе службовую асобу накладзены штраф у памеры 210,5 тысяч рублёў. У дачыненні да заснавальніка і службовай асобы ТАА ўзбуджана крымінальная справа.
— Прыватнае рознічнае прадпрыемства з Бабруйска хавала наяўную выручку ад продажу тавараў у суме амаль 1,1 мільёна рублёў. Гэтыя грошы выкарыстоўваліся для выплаты неафіцыйных даходаў наёмным работнікам. У выніку прад’яўленыя плацельшчыку падаткі ў агульнай суме 397,4 тысяч рублёў (уключаючы падаходны падатак з фізічных асоб у памеры 226,8 тысяч рублёў) паступілі в бюджэт, — распавялі ў інспекцыі.
Пры праверцы аптовага ТАА з Магілёва ўстаноўлены факты падмены працоўных адносін грамадзянска-прававымі па дагаворах, заключаных з некалькімі падкантрольнымі індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Агульны кошт няправільна аформленых паслуг перавысіў 130 тысяч рублёў. Па выніках праверкі з улікам іншых парушэнняў прад’яўлена да ўплаты 37 тысяч рублёў падаткаў, пені і штрафаў, якія цалкам паступілі ў бюджэт.
— Будаўнічае ТАА з Бабруйска з мэтай няпоўнай уплаты падаткаў заключала фіктыўныя дагаворы на будаўнічыя работы, якія субпадрадныя арганізацыі фактычна не выконвалі, — адзначылі ў інспекцыі. — Таксама праверкай устаноўлены факты выплаты афіцыйна нетрудаўладкаваным работнікам. Па выніках праверкі прад’яўлены да ўплаты падаткі і пеня ў агульнай суме амаль 125 тысяч рублёў. У дачыненні да кіраўніка арганізацыі ўзбуджана крымінальная справа.
Усяго па выніках выязных праверак, праведзеных падатковымі органамі Магілёўскай вобласці ў 1-ым паўгоддзі 2026 года, было выяўлена 46 фактаў няўплаты падаходнага падатку. Да ўплаты ў бюджэт прад’яўлена 3,4 мільёна рублёў падаходнага падатку з фізічных асоб.
Марыя КАЛІНА