Top.Mail.Ru

Фальклорныя песні мужчын, якіх прызвалі на вайсковую службу, прагучаць у адмысловай праграме

Новую праграму «Некрут» падрыхтаваў фалькларыст і этнограф Іван Кірчук і прадставіць яе на сцэне Палаца культуры ветэранаў 6 снежня. 


Сёлета Іван Іванавіч адзначыў 50-годдзе творчай дзейнасці. За гэты час напрацаваў багаты досвед як даследчык і музыкант, вядомы па гурце «Тройца», па адметных сольных праектах, праз якія імкнуўся ўзняць цікавасць да беларускага фальклору і захаваць яго для цяперашняга і наступных пакаленняў. Кірчук сам вельмі каларытны — нібыта беларускі волат, уражвае манерай аўтэнтычных спеваў і ўменнем выкарыстоўваць і падкрэсліць гучанне дзіўных музычных інструментаў, голас якіх заварожвае. У Кірчука аўтэнтычная адметная манера спеваў, а кожная яго праграма — свята паглыблення ў беларускую культуру і традыцыі, у гэтым маюць магчымасць упэўніцца наведвальнікі канцэрта ў Палацы культуры ветэранаў. 

Праграма «Некрут» складаецца з салдацкіх песень, што калісьці спявалі мужчыны, якія збіраліся пайсці ў войска. Больш за 30 гадоў таму фалькларыст стаў займацца некруцкай песняй. Падштурхнула сустрэча ў вёсцы Гаўрыльчыцы Салігорскага раёна яшчэ ў 1986 годзе — там ён пачуў спевы дзядоў (нават у літаральным), якія заварожвалі не толькі знаўцаў, але пазней і шырокую аўдыторыю беларускага радыё. Для Івана Кірчука гэта было моцнае ўражанне і захапленне, якое падштурхнула да таго, каб выконваць гэтыя песні — яны як споведзі ці малітвы. І яшчэ напрыканцы 1990-х музыкант і на той вас выкладчык ВНУ распрацаваў асобную праграму «Некрут» (што адлюстравана ў яго кнізе па фальклоры). Некаторыя палескія песні гучалі ў іншых праектах. І вось асобная вялікая праграма, у якую ўвайшлі каля 25 песень. Як правіла, усе праграмы Кірчука — гэта нешта падобнае на сеанс медытацыі, калі праз аўтэнтычныя спевы ты вандруеш у часе, і, як правіла, усё прадумана дакладна і канцэптуальна, каб падвесці слухача да пэўнага стану, калі нібыта «выпадаеш» з часу і ўзнімаешся над рэальнасцю. І гэта ўсё мог зрабіць адзін чалавек, зачараваўшы голасам. Але праграма «Некрут» — не монаспектакль (да чаго прывыклі аматары творчасці Кірчука), а хутчэй тэатралізаваная дзея, у якой мае значэнне вобраз Лёсу. Праграма складаецца з шасці частак: «Набор», «Блаславенне», «Паход», «Журба», «Чаканне», «Вяртанне». І кожная з іх падмацавана пэўнымі гукамі, што ўтвараюць розныя беларускія народныя інструменты: гуслі, ліра, акарыны. Музыкант упэўнены: праз асобныя культурныя практыкі, праз музыку і спевы нашы продкі маглі сябе лекаваць. Фальклор наогул — таямнічы матэрыял, у які зашыфраваныя сакральныя веды пра Сусвет і разуменне гармоніі нашымі продкамі.


Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю