Сезон фантанаў адкрыюць у сталіцы 25 красавіка, паведамляюць «Минск-Новости» са спасылкай на «Мінскзеленбуд».
— Традыцыйна сезон фантанаў адкрываецца ў апошнюю пятніцу красавіка і доўжыцца па апошнюю пятніцу верасня, — расказаў намеснік генеральнага дырэктара — галоўны інжынер «Мінскзелянбуда» Руслан Касевіч. — Усяго на балансе прадпрыемства знаходзіцца 39 фантанаў. Рэжым работы большасці рукатворных гейзераў сталіцы — з 11:00 да 21:00.
Але ёсць выключэнні. Сярод іх «Свіслач» на рацэ ў парку імя Янкі Купалы: ён дзейнічае з 16:00 да 23:00 як у будні, так і ў выходныя. Таксама да 22:30 на скрыжаванні вул. Пуліхава — Першамайскай, прычым у суботу і нядзелю ён «стартуе» ў 10:00. А да 22:00 працуе «Жасмінавы» на аднайменнай вуліцы. Раней за ўсіх — у 18:00 — завяршае працоўны дзень «Шырма» на вул. Ф. Скарыны.
«Мінскзелянбуд» нагадвае: пры асаблівых умовах надвор’я гарадскія фантаны могуць быць адключаныя. Да іх адносяцца дождж больш за 5 мм/г, тэмпература паветра ніжэй за +10 °С, узмацненне ветру парывамі больш за 10 м/с.
З улікам таго, што з 26 красавіка сіноптыкі абяцаюць рэзкае пахаладанне, на доўгія выхадныя гарадскія водныя каскады могуць паставіць на паўзу.
Фота: БелТА