Top.Mail.Ru
98

Фашыстам, якіх судзілі і пакаралі ў Мінску 80 гадоў назад, нават праз стагоддзі не будзе апраўдання

Прысуд, не падуладны часу

30 студзеня 1946 года на Мінскім іпадроме, што ў раёне сённяшніх вуліц Ульянаўскай і Чырвонаармейскай, сабралася каля сотні тысяч уцалелых жыхароў беларускай сталіцы. Каля Свіслачы былі ўстаноўлены восем шыбеніц, да якіх прымацавалі таблічкі з прозвішчамі і воінскімі званнямі прыгавораных. Усяго, па выніках Мінскага працэсу, які прайшоў напярэдадні, да смяротнага пакарання былі прыгавораны 14 чалавек 

з 18 падсудных. Ад генералаў да радавых. Усе яны з’яўляліся прадстаўнікамі вермахта, войскаў СС, паліцыі і гестапа. Усе здзейснілі злачынствы на акупаванай тэрыторыі БССР. За кожным цягнуўся доўгі шлейф злачынстваў. Дык хто яны — каты беларускага народа? Якія злачынствы прывялі іх на шыбеніцу? Раскажам аб некаторых з іх. Каб і праз дзесяцігоддзі ні ў каго не ўзнікла сумненняў у справядлівасці прысуду.

«Клапатлівы» генерал

Варта адзначыць, што судовае пасяджэнне, якое праходзіла ў Доме афіцэраў, было адкрытым. Увесь першы дзень судовага працэсу заняло абвяшчэнне абвінаваўчага заключэння. Асноўныя пункты абвінавачання ўключалі: знішчэнне мірных савецкіх грамадзян, зверскія расправы і здзекі з савецкіх ваеннапалонных, масавы згон грамадзянскага насельніцтва ў нямецкае рабства, разбурэнне гарадоў, вёсак, рабаванне мірнага насельніцтва.

Першым быў дапытаны генерал-лейтэнант Іаган-Георг Рыхерт — камандзір 286-й ахоўнай дывізіі, а з лістапада 1943 года — камандзір 35-й пяхотнай дывізіі вермахта. Дарэчы, ураджэнец Расійскай імперыі. Пад кіраўніцтвам Рыхерта і іншых высокапастаўленых вайскоўцаў у сакавіку 1944 года створаны комплекс канцэнтрацыйных лагераў Азарычы. Падчас працэсу Рыхерт сведчыў, што старыя, жанчыны і дзеці, многім з якіх не было і двух гадоў, большай часткай былі хворыя на сыпны тыф. Па словах генерала, іх сабралі на забалочаным участку мясцовасці для таго, каб перадаць хваробу часцям Чырвонай Арміі, якія наступалі.

А што да выбару месца для лагера, то яго былы генерал тлумачыў клопатам аб тым, каб зняволенае насельніцтва не трапіла пад артабстрэл. Праўда, факты сведчылі аб адваротным. Пра тое, што прыйшлося перажыць вязням гэтага страшнага месца, расказвалася не раз у розных крыніцах. Напрыклад, у Азарыцкіх лагерах нельга было распальваць вогнішчы, ежа і медыкаменты адсутнічалі, трупы з тэрыторыі не прыбіраліся. Вось такі клопат аб мірных беларускіх грамадзянах з боку нямецкага камандавання. Словы Рыхерта былі абвергнуты паказаннямі сведкаў.

Кат «Трасцянца» і «Драздоў»

Сваё заслужанае пакаранне па выніках працэсу атрымаў і брыгадэфюрар СС Эберхард Херф. У кастрычніку 1941 года стаў камандзірам паліцыі парадку ў Мінску. Гімлер прысвоіў яму званне генерал-маёра паліцыі. 30 студзеня 1942 года Адольф Гітлер узнагародзіў Херфа шэўронам старога байца, і ён быў павышаны да брыгадэфюрара СС.

16 лютага 1942 года пакінуў пасаду начальніка паліцыі парадку ў Мінску і стаў камандзірам паліцыі ў Харкаве. На гэтай пасадзе заставаўся да чэрвеня 1943 года. 

16 ліпеня 1943 года быў пераведзены ў палявое аддзяленне рэйхсфюрара і да 28 ліпеня з’яўляўся начальнікам штаба злучэнняў «па барацьбе з бандамі». 

У перыяд з 2 жніўня 1943 да 1 лютага 1944 года зноў быў камандзірам паліцыі парадку ў Мінску і яго наваколлях. На яго сумленні знішчэнне зняволеных у канцлагерах «Трасцянец» і «Дразды». Удзельнічаў у вядомай антыпартызанскай аперацыі «Котбус», падчас якой карнікі рабілі зверствы, якія не паддаюцца апісанню. Забівалі не толькі партызан, але і шматлікіх мірных жыхароў — старых, жанчын, дзяцей, часта абсалютна па-зверску. Смерць на шыбеніцы Херф заслужыў.

Быў і застануся фашыстам

Асобнае месца сярод тых, хто паўстаў перад савецкім ваенным трыбуналам, займае обер-лейтэнант Ганс Герман Кох. Ён адзін не прасіў суддзяў, каб яму захавалі жыццё. Кох прызнаўся, што толькі асабіста ім было расстраляна 500 савецкіх грамадзян і ён чакае смяротнага пакарання.

З першых дзён нападу на СССР Герман Кох быў начальнікам асобнай каманды гестапа, якая па загадзе Адольфа Гітлера і Генрыха Гімлера знішчала яўрэйскае насельніцтва і савецкіх актывістаў.

З матэрыялаў па справе Коха вядома, што ён за час знаходжання ў асобнай камандзе знішчыў прыблізна 30 тысяч чалавек. «Яўрэяў мы выганялі са сваіх дамоў, заганялі ў гета і неадкладна іх знішчалі. Жылыя дамы пасля гэтага спальваліся. Гэта рабілася ў кожным населеным пункце Беларусі», — заявіў ён на судзе. Акрамя гэтага, нацыст прызнаўся, што выконваў злачынныя загады не толькі па ўказанні зверху, але і па сваёй волі. Кох загадваў забіваць усіх, каго лічыў прыхільнікамі камуністаў. Сярод іх былі жанчыны і дзеці.

Усе абвінавачаныя раскайваліся і прасілі змякчыць меру пакарання. Але толькі не Кох. Ён упарта заявіў, што быў і застанецца фашыстам, але, калі пачуў прыгавор, рыдаў, разглядаючы фатаграфію сваёй жонкі і дачкі.

Увечары 29 студзеня прагучаў прыгавор, які быў сустрэты доўгімі апладысментамі. Усіх 18 падсудных прызналі актыўнымі ўдзельнікамі злачынстваў, учыненых на тэрыторыі Беларускай ССР. Чатырнаццаць з іх былі прыгавораны да смерці праз павешанне. Радавы вермахта Хехтль і намеснік каменданта Бабруйска Гёцэ прыгаворваліся да 20 гадоў катаржных работ. Радавыя нямецкай арміі Гецярых і Родэнбуш — да 15 гадоў катаргі.

На гадзінніку 14 гадзін 30 хвілін. На Мінскім іпадроме гучыць каманда. Прыгавораныя злачынцы з зацягнутымі на шыях петлямі ўжо стаяць у кузавах грузавікоў «Студэбекер». Машыны крануліся з месца. Наступіла расплата.

Застаецца шкадаваць аб адным — што многія злачынцы пасля вайны пазбеглі падобнай долі.

Кампетэнтны каментарый

Старшы навуковы супрацоўнік Інстытута гісторыі НАН Беларусі Валерый НАДТАЧАЕЎ:

— Мінскі працэс 1946 года — гэта толькі частка агульнага працэсу па асуджэнні нацысцкіх злачынцаў. Таму я б не вылучаў яго з агульнай канвы. Работа па фіксацыі і дакументацыі злачынстваў на акупаванай тэрыторыі Савецкага Саюза, і Беларускай ССР у прыватнасці, пачалася літаральна з першых дзён Вялікай Айчыннай вайны. На гэта тады савецкія ўлады спрабавалі звярнуць увагу ўсёй сусветнай супольнасці. Размова ішла і аб гібелі ў лагерах ваеннапалонных, што было забаронена сусветнай канвенцыяй, і аб забойствах насельніцтва. Няхай Савецкі Саюз і не падпісаў пэўныя дакументы, гэта не адмяняла таго факта, што ваюючыя бакі павінны дадзеную канвенцыю выконваць. Але тое, што тварылі ў лагерах з нашымі ваеннапалоннымі захопнікі, не паддаецца ніякаму апісанню. 

І гэтым злачынствам няма апраўданняў.

Што да асуджаных у 1946 годзе ў Мінску, то я магу коратка пра іх сказаць. Той жа генерал Рыхерт, былы камандзір 286-й ахоўнай дывізіі, якая дзейнічала на тэрыторыі Мінскай, Віцебскай і Магілёўскай абласцей. Да ведама: гэтая дывізія была створана яшчэ ў сакавіку 1941 года, калі напад на Савецкі Саюз толькі рыхтаваўся. У яе задачу ўваходзілі ахова камунікацый, ваеннай інфраструктуры, лагераў ваеннапалонных. А лагеры ваеннапалонных у нашай рэчаіснасці — гэта сапраўдныя лагеры смерці. Там расстрэльвалі, марылі голадам, збівалі да паўсмерці за кожную правіннасць. Усе ахоўныя дывізіі мала чым адрознівалі ад эйнзацгруп, якія непасрэдна займаліся знішчэннем савецкіх людзей. Можна смела сказаць, што за дадзенай дывізіяй цягнецца рэальны крывавы след.

Прывяду паказальныя лічбы. Агульныя страты беларускіх партызан увогуле склалі прыкладна 

44 тысячы чалавек за тры гады вайны (паводле звестак штаба Беларускага партызанскага руху). Толькі ў шталагу-352 у Масюкоўшчыне было забіта каля 

80 тысяч чалавек ваеннапалонных і мірных грамадзян. А лік страт мірных жыхароў Беларусі, якія загінулі падчас карных акцый, ідзе на мільёны!

Чытаючы справаздачы камандзіраў карных атрадаў, можна ўбачыць неймаверную колькасць партызан і «памагатых». Але адкуль?! 

У гэтую статыстыку фашысты ўносілі звычайных мірных людзей, з якімі бязлітасна распраўляліся, у тым ліку нават немаўлят.

І самае страшнае, што такіх ініцыятыўных у плане забойстваў мірнага насельніцтва афіцэраў, як павешаны обер-лейтэнант Ганс Кох, былі не адзінкі, а тысячы, і яны чынілі страшнае зло на беларускай зямлі. Так што пакаранне было па заслугах. 

А за гэтым гучным працэсам былі і іншыя.

Сяргей РУЧАНАЎ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю