22 мая Федэрацыя прафсаюзаў запусціла работу Міжгаліновага маніторынгавага цэнтра, задача якога дапамагаць работнікам у вырашэнні працоўных пытанняў. І як паказаў першы дзень, гэта запатрабаваная і патрэбная форма ўзаемадзеяння.
Так, у большасці выпадкаў людзям неабходна была юрыдычная кансультацыя. Работнікаў цікавілі пытанні прадаўжэння і скасавання кантрактаў, парадку кампенсацый за работу ў шкодных умовах, за нявыкарыстаны водпуск, кампенсацый на аздараўленне. Нямала пытанняў датычылася вызначэння і фарміравання заработнай платы, у тым ліку пры ўстанаўленні ненарміраванага рабочага дня. Дарэчы, звароты паступалі практычна з усіх рэгіёнаў краіны.
— Мы бачым, што ў людзей ёсць запыт на хуткія кансультацыі. У некаторых выпадках, каб упэўніцца ў правамернасці дзеянняў наймальніка. У іншых — каб удакладніць свае правы і гарантыі. Там, дзе пытанні датычыліся непасрэдна норм працоўнага заканадаўства, растлумачэнні дадзены аператыўна. Але ёсць і выпадкі, якія патрабуюць больш дэталёвага разбору пытання — пры неабходнасці прафсаюзныя спецыялісты наведаюць арганізацыі, вывучаць лакальныя дакументы, правядуць перамовы з наймальнікам для садзейнічання ў вырашэнні сітуацыі, — расказалі ў прэс-службе Федэрацыі прафсаюзаў. — Таксама аналізуючы характар зваротаў, бачым, што нямала тэматычных пытанняў, якія абумоўлены сезоннасцю. Напрыклад, зараз пачынаецца «гарачая» пара адпачынкаў. У сувязі з гэтым людзі ўзнімаюць пытанні магчымасці прадастаўлення водпуску па-за графікам, былі скаргі і на тое, што наймальнік не адпускае работніка ў водпуск згодна з графікам. Гучалі і пытанні аб магчымасці замяніць пуцёўку ў санаторый на матэрыяльную выплату. Ёсць і звароты ад работнікаў сельгасарганізацый — па аплаце, умовам работы. Чакаем, што такіх пытанняў можа быць больш, улічваючы этапы сельскагаспадарчых работ.
Маніторынгавы Цэнтр плануе праводзіць і дні тэматычных кансультацый — па ахове працы, аздараўленні, размеркаванні маладых спецыялістаў і іншыя. Таксама ў планах прыцягваць да працы Цэнтра прафсаюзных спецыялістаў, якія адказваюць за пэўны напрамак.
Нагадаем, адзіны тэлефонны нумар Міжгаліновага маніторынгавага цэнтра ФПБ — 8-801-100-1111. Званок бясплатны для абанентаў «Белтэлекама» і мабільных аператараў БеСТ (Life), A1, МТС. Звароты прымаюцца з панядзелка па чацвер з 8.30 да 17.30, у пятніцу з 08:30 да 16:15.
Алена КРАВЕЦ