Top.Mail.Ru

Федэрацыя прафсаюзаў вызначыла прэтэндэнтаў на атрыманне прэмій у сферы працы

У штаб-кватэры нацыянальнага прафцэнтра Камісія па прэміях Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі разгледзела матэрыялы прэтэндэнтаў на атрыманне прэмій у сферы працы.


Сярод іх работнікі, якія забяспечылі высокія паказчыкі ў працоўнай і навуковай дзейнасці, аўтарскія калектывы, якія маюць важкія навуковыя і навукова-даследчыя распрацоўкі, арганізацыі з высокімі паказчыкамі выканання мерапрыемстваў па сацыяльна-эканамічнаму развіццю: росту заработнай платы, стварэнню новых рабочых месцаў, паляпшэнню ўмоў працы і побыту работнікаў, а таксама абавязацельстваў, уключаных у калектыўны дагавор. Камісія ацэньвае вынікі іх працы за 2023-2024 гады.

Усяго сёлета ФПБ заснавала 25 прэмій у 9 намінацыях: прамысловасць, будаўніцтва, энергетыка, транспарт і сувязь, жыллёва-камунальная гаспадарка і бытавое абслугоўванне, гандаль, лясная гаспадарка, хімічная, горная і нафтавая галіны прамысловасці, аграпрамысловы комплекс, сацыяльная сфера. Таксама будзе прысуджана і прэмія «За значны ўклад у развіццё сацыяльнага партнёрства».

— Адметнасць прысуджэння прэміі ў гэтым годзе ў тым, што заснавана яшчэ адна намінацыя. З улікам таго, што мінулы год у краіне прайшоў пад знакам якасці, упершыню дадаткова будуць уручаны 7 спецыяльных прэмій «За значны ўклад у галіне якасці, — расказала намеснік старшыні Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Таццяна Філімонава.

Трэба адзначыць, што прэмія ФПБ у галіне працы была заснаваная 36 гадоў таму. З улікам таго, што ўручаецца яна адзін раз у два гады, пераможцы будуць вызначацца ўжо ў 17-ты раз. У цэлым, за гэты час лаўрэатамі сталі 255 чалавек, 22 аўтарскія калектывы і 48 арганізацый.

— Радуе, што нягледзячы на шматгадовую практыку прысуджэння дадзенай прэміі, з кожным разам яе аўтарытэт толькі ўзмацняецца. Усе 15 галіновых прафсаюзаў правялі свае галіновыя конкурсы і вельмі сур’ёзна падышлі да працэдуры адбору найбольш дастойных прэтэндэнтаў, — падкрэсліла Таццяна Філімонава. — У выніку ў гэтым годзе на фінальным этапе паспаборнічаюць 49 суіскальнікаў. Гэта прадстаўнікі самых розных сфер — ад аховы здароўя, адукацыі да прамысловасці, хімічнай галіны і іншых сфер. Досыць высокі конкурс склаўся ў намінацыях «За сацыяльнае партнёрства» і «За значны ўклад у сферы якасці».

Канчаткова пераможцы конкурсу будуць вызначаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета ФПБ. Традыцыйна іх узнагароджанне плануецца падчас мерапрыемстваў, прымеркаваных да Свята працы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю