Top.Mail.Ru

Феі-чараўніцы не баяцца цяжкай працы

Кожную раніцу Галіна праз увесь горад едзе на веласіпедзе на працу. Пачуўшы яе голас, падапечная Марыя ўсміхаецца: паралізаваная жанчына цудоўна паразумелася з сядзелкай. А калі ў жонкі добры настрой, то шчаслівы і гаспадар, якому больш за 80. У гэтым двары звычайна два веласіпеды, на якіх прыязджаюць сядзелкі да інвалідаў І групы — кожнай жанчыне неабходны асобны памочнік з індывідуальным падыходам...


— На жаль, у нас усё больш людзей патрабуюць дапамогі ў даглядзе, магчыма таму, што сярэдні ўзрост насельніцтва павышаецца — гэта характэрна для шмат якіх краін свету. Узнікае неабходнасць у сістэмнай арганізацыі працы сацыяльных работнікаў. Бо далёка не заўсёды дзеці альбо сваякі здольныя забяспечыць належны дагляд: бывае, што жывуць далёка, не могуць кінуць свае сем’і, альбо занятыя на працы. Дапамога патрэбна і самім сваякам: яны часта раствараюцца ў жыцці хворага чалавека, становяцца сузалежнымі. Захаваць сябе як асобу дапамагае чалавек, для якога дагляд іншых — праца, — тлумачыць Алена Барашка, дырэктар Бярозаўскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, аднаго з узорных у Беларусі згодна з рэйтынгам: тут распрацоўваюць і ўкараняюць розныя варыянты сацыяльнай падтрымкі. 

Чалавек на сваім месцы — шчасце не толькі яму, але і іншым. Алена Сяргееўна разумее, што значыць мець у сям’і інваліда, акрамя таго яна 20 гадоў жыцця аддала працы ў сацслужбе. Кажа, што з вельмі шырокага спектру сацыяльных паслуг, што аказваюцца ў раёне, найбольш запатрабаваныя — надомнае абслугоўванне і праца сядзелкі (цяпер гэта называецца памочнік па даглядзе). Акрамя таго дзяржава забяспечвае бясплатныя паслугі нянькі сем’ям, якія выхоўваюць дзіця-інваліда альбо двойню. 

Калі чалавек трапляе ў поле зроку сацслужбы, то напачатку вызначаецца від дапамогі, якая яму неабходна. Ёсць пералік дакументаў, згодна з якімі аказваюцца сацыяльныя паслугі канкрэтнаму чалавеку, найперш гэта медыцынская даведка. У залежнасці ад ступені страты чалавекам здольнасці да самаабслугоўвання і перасоўвання, якую ўстанаўлівае ўчастковы ўрач-тэрапеўт, сацыяльнаму работніку прызначаюцца пэўныя абавязкі. Акрамя таго, што гарантавана сацыяльнымі стандартамі, чалавек можа прэтэндаваць на разавыя паслугі, якія зацвярджаюцца штогод у залежнасці ад таго, што найбольш запатрабавана. Напрыклад, бабуля па стане здароўя і медыцынскіх паказчыках не можа сама памыць вокны, то 2 разы на год ёй дапамогуць гэта зрабіць бясплатна, а калі трэба часцей, то гэтую паслугу можна ўзяць ужо на ўмовах аплаты, але па вельмі ўмоўных коштах. Спіс разавых паслуг даволі шырокі, а сацработнікі нікому не адмаўляюць. 

Пад патранатам сацыяльных работнікаў у Бярозаўскім раёне на пачатак года знаходзяцца 869 чалавек — ветэраны, інваліды, адзінокія людзі. Каля 60 працэнтаў з іх жывуць у сельскай мясцовасці. Сацыяльных работнікаў (якія наведваюць падапечнага два разы на тыдзень) 114 чалавек, але гэта без уліку сядзелак. Сярэднеспісачная колькасць супрацоўнікаў у раёне — 180 чалавек. Заробак у сацслужбе — каля 1000 рублёў, але ж колькі за гэтым працы... Сацработнік за дзень наведвае 4-5 чалавек, у аднаго падапечнага знаходзіцца каля 2 гадзін, аказвае ў асноўным сацыяльна-батавую дапамогу. За тым, хто працуе на стаўку, замацавана 8 чалавек у сельскай мясцовасці, а ў горадзе нагрузка размяркоўваецца на 11 чалавек. У сельскай мясцовасці сацыяльныя работнікі — у асноўным пенсіянеры, якія працягваюць працаваць, а некаторыя яшчэ і падпрацоўваюць сядзелкамі. 

— Сядзелка патрэбна тым, хто не ходзіць? 

— Не абавязкова. Напрыклад, інвалід па зроку можа сам перасоўвацца, то сядзелка забяспечвае асабістыя гігіенічныя працэдуры, альбо тыя, без якіх чалавек не можа існаваць. Паслуга гэта платная, але па сацыяльна нізкіх цэнах (за 1.16 рубель ў дзень). Гэта мінімальны сацыяльны стандарт, які забяспечвае дзяржава. Але можа аплаціць 2, 4, 6 ці 8 гадзін. У абавязкі сядзелкі ўваходзіць змена падгузнікаў, кармленне, суправаджэнне на прагулянку, змена нацельнай і пасцельнай бялізны, прыборка памяшкання. Нагрузку сядзелкі кантралюе інспектар, які рацыянальна падыходзіць да арганізацыі працы: каб кліенты жылі ў адным сектары з работнікам, але не заўсёды так атрымліваецца. Дзякуючы загадчыцы аддзялення Вользе Чайчыц і згуртаванаму калектыву інспектараў, мы можам аказваць індывідуальную дапамогу непрацаздольным людзям, у залежнасці ад патрэб, — удакладняе Алена Барашка. — Сацработнікам няпроста быць, а працы сядзелкі даволі цяжкая. Ды і бабулі цяпер не тыя, што раней, людзі ва ўзросце бываюць капрызныя. Стала больш падапечных з дэменцыяй: магчыма, у век прагрэсу мозг не спраўляецца з патокам інфармацыі. Такі чалавек не разумее, што небяспечны і для сябе, і для іншых, напрыклад, можа пакінуць уключаным газ... Для пажылых людзей з дэменцыяй прадугледжана паслуга «дзённага нагляду». 

Каб сацработнік быў прафесіяналам, ёсць навучальныя курсы па дагляду пажылых людзей і інвалідаў. Але больш простая форма — настаўніцтва, калі навыкі перадаюцца, як кажуць, з рук у рукі. На жаль, у некаторых населеных пунктах гэта нерэальна з розных прычын, а ў гарадах — Бярозе, Белаазёрску — стараюцца ўкараняць такую форму. І патлумачыць, што да хворага ці пажылога чалавека трэба ставіцца з цярплівасцю: прамаўчаць, лішні раз усміхнуцца. 

Сацработнік — гэта заўсёды чужы чалавек, бо дзеці абавязаны клапаціцца пра сваіх пажылых бацькоў паводле закона. Нядаўна прыйшоў у раённую сацслужбу мужчына, ваенны пенсіянер, прыехаў з Расіі. Жыве з мамай, якой больш за 80 гадоў. Пачытаў пра абавязкі сацработніка і кажа: «Я сам усё гэта раблю, можа вы мне заплаціце?» І атрымаў адказ: «Не, вы гэта робіце як сын». Дзеці ці найбольш блізкія людзі павінны турбавацца і пра тое, каб іх бацькі жылі ў належных побытавых умовах: каб працавалі камунікацыі, электраправодка ці супрацьпажарная бяспека. Многія не разумеюць карысці тых жа пажарных апавяшчальнікаў, а яны маюць значэнне, асабліва, калі ў старым доме ёсць печ, якая магла выйсці са строю. Сацработнікі звяртаюць увагу на гэта, каб своечасова прыняць меры. Адзінокім людзям рамонт пячнога ацяплення робіцца за кошт бюджэту, сумы бываюць ад 1000 і вышэй...

— Нашы сацработнікі — гэта феі-чараўніцы, якія часам замяняюць родных і блізкіх. У нас ёсць сямейныя пары сацработнікаў — муж і жонка, — якія працуюць шмат гадоў. Сваіх падапечных бабуль яны запрашаюць на нейкія святы, разам ходзяць у храм. Такім чынам прасоўваюцца такія формы сацыяльнага абслугоўвання як прыёмная сям’я, замяшчальная, гасцявая. Па-чалавечы адметная паслуга — «Храм для душы», а «Трывожная кнопка» спрацоўвае, калі дапамога патрэбная тэрмінова, — гавораць Алена Барашка. — Калі сацработнікі па 15-20 гадоў звязаныя з нейкім чалавекам, то становяцца яму блізкімі людзьмі. Ёсць выпадкі, калі старога забіраюць на «сацложак», то яны наведваюць яго часцей, чым родныя. 

Гаворка пра медыка-сацыяльную ўстанову, дзе забяспечаны штодзённы нагляд і медыцынская дапамога чалавеку, які не можа сябе даглядаць, а паслуг сацработніка яму ўжо недастаткова. Рашэнне аб пераводзе прымаюць сваякі. З 1 лістапада 2024 года ў аграгарадку Марэвіль Бярозаўскага раёна працуе аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў, дзе аказваюцца стацыянарныя сацыяльныя паслугі, — гэта як пансіянат. І вельмі запатрабаваная форма: разлічанае на 45 чалавек аддзяленне ўжо мае 43 насельнікі. І ўсё ж сацслужба імкнецца перш за ўсё забяспечыць падапечным прывычнае для іх жыццё.

Людзі гэта адчуваюць: у раёне аказваюць больш за 300 відаў сацыяльных паслуг. Тыя, хто сутыкнуўся з бядой, разумеюць, наколькі складана бывае адаптавацца да новай сітуацыі. У раённую сацслужбу ахвяруюць прадметы гігіены, карысныя прылады па дагляду. Яны не заменяць чалавечых рук цалкам. Таму выхоўваць клапатлівых дзяцей і будучых патэнцыйных сацработнікаў трэба ўжо зараз, вырашылі ў раёне, і ў межах акцыі «Ад усёй душы» наладзілі паездку на «кругласутку» школьнікаў Бярозы. Бываюць сустрэчы, якія могуць перавярнуць свядомасць у малых прагматыкаў і паказаць, што за словам «дабрыня» стаяць рэальныя справы.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю