Top.Mail.Ru

Фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў адбудзецца ў Віцебску


Віцебскі лістапад — гэта не пра ападанне лістоты, гэта пра аўру творчасці, акая ахутвае паўночную сталіцу штовосень. Так будзе і на гэты раз. Бо з 23 па 26 кастрычніка ўжо 39-ы раз горад на Дзвіне прымае адкрыты фестываль аўтарскай песні, паэзіі і візуальных мастацтваў «Віцебскі лістапад». 

Сёлета ў ім выступяць госці з 50 беларускіх і 20 расійскіх гарадоў. Пляцоўкай, дзе пройдуць усе фестывальныя мерапрыемствы, стане канцэртная зала «Віцебск». Яе фае, сцэны, кожны куточак будуць у распараджэнні мастакоў, паэтаў, музыкаў, тэатралаў. У чатыры дні творцы намерваюцца ўкласці выставы мастакоў з творчага аб’яднання m’ART і канкурсантаў, паэтычны, музычны і нават па кававарэнні майстар-класы, канцэрты з жывым гукам, «кватэрнік», творчыя сустрэчы і ажно чатыры спектаклі — упершыню ў праграме! Сярод іх музычна-паэтычная пастаноўка ад санкт-пецярбуржскай трупы пад кіраўніцтвам Юліі Пашкевіч «Ты ж чуеш», сваю дзею «Зялёная зорка» прапануе Саша Ветраў, гродзенцы Таццяна и Павел Салаўёвы запрашаюць паглядзець, як «Час гуляе ў нас», а гаспадары — народны маладзёжны тэатр «Кола» — пакажуць «Маленькія трагедыі» паводле А. С. Пушкіна. 

Конкурсныя выступленні пройдуць на працягу двух дзён. Імёны лепшых удзельнікаў і ўладальніка гран-пры — спецыяльнага прыза «Прызнанне» — стануць вядомыя падчас гала-канцэрта. 

Лейтматывам вялікай творчай мультыжанравай падзеі «Віцебскі лістапад» стане «...мАРТ в октябре» — напамін пра магчымасць глынуць вясновае рухавае паветра нават меланхалічнай восенню. 

Святлана ЯКАЎЛЕВА

Фота з адкрытых крыніц

Чытайце таксама: Маладыя сем’і з Віцебскай вобласці збяруцца на форуме

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю