Top.Mail.Ru

Фестываль дзіцячай кнігі пройдзе ў Мінску

У 1935 годзе пабачыла свет першае кніжнае выданне паэмы народнага песняра Беларусі Якуба Коласа «Міхасёвы прыгоды». Прататыпам галоўнага героя стаў малодшы сын паэта — Міхась Міцкевіч. 



З 2022 года Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа ў цесным супрацоўніцтве з Саюзам пісьменнікаў Беларусі і Выдавецкім домам «Звязда», а таксама з кнігарняй «Акадэмічная кніга» ладзіць фестываль дзіцячай кнігі пад назвай «Міхасёвы прыгоды». Сёлета да правядзення гэтага сапраўднага свята юных чытачоў далучылася і выдавецтва «Беларусь». У 2025 годзе фестываль пройдзе 5 чэрвеня. Пачатак — у 9 гадзін 50 хвілін. Пра будучую падзею расказвае дырэктар музея член Саюза пісьменнікаў Беларусі Ірына Мацяс:

Звычайна на фестываль да нас прыходзяць некалькі соцен хлопчыкаў і дзяўчынак. Па традыцыі супольна з фестывалем мы праводзім на працягу дня «Творчыя сустрэчы ў Доме Коласа». У межах кожнай творчай сустрэчы — аўтограф-сесія. «Міхасёвы прыгоды» адкрые старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі дзіцячы пісьменнік Алесь Карлюкевіч. Пра сваю творчасць, пра свае новыя кнігі раскажуць вядомыя дзіцячыя пісьменнікі Міхась Пазнякоў, Валянціна Драбышэўская, Марына Белясава, Наталля Андрасюк, Жанна Міўс. Зінаіда Багамолава, Кацярына Хадасевіч-Лісавая.

Удзельнікаў фестываля чакаюць тэматычныя майстар-класы, інтэрактыўныя гульні, розныя заняткі, сюрпрызы ад музея Якуба Коласа, прагляд беларускамоўных мультыплікацыйных фільмаў. А яшчэ будзе і розыгрыш-латарэя ад Выдавецкага дома «Звязда» — для ўсіх, хто набудзе кнігу гэтага выдавецтва. 

Да сустрэчы на фестывалі! 

Новых чытацкіх адкрыццяў! 

Сяргей ШЫЧКО


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю