З 23 па 27 лістапада ў Мінску пройдзе «Тыдзень Фэнтэзі!». Пляцоўка для правядзення — сталічная дзіцячая бібліятэка N 16. Дэвіз фестывалю: «Чытаць. Марыць. Гуляць. Прыгоды пачынаюцца тут!»
У праграме, якую спланавалі бібліятэкары разам з пісьменнікамі і іншымі руплівымі прапагандыстамі дзіцячай кнігі, — гульні, арт-хвілінкі, чароўныя гісторыі, майстар-класы.
— Рада, што і мяне запрасілі да ўдзелу ў фестывалі, — расказвае дзіцячая пісьменніца з Брэста Наталля Андрасюк. — Ведаю, што ў фестывалі прымуць удзел многія цікавыя асобы, сярод іх і мастачка Юлія Купрэева. Пра новыя прыгоды сваіх герояў, якія ўжо добра вядомыя юнаму чытачу, раскажа пісьменніца Кацярына Хадасевіч-Лісавая. А я прадстаўлю кнігу «Незвычайныя прыгоды Гавара і Кундоса». Спадзяюся, што нешта новае даведаюся і ад дзяцей.
А з 23 па 29 лістапада ў бібліятэках Мінска пройдзе «Фестываль кніжных сусветаў». Галоўная пляцоўка — Цэнтральная бібліятэка імя Янкі Купалы. Арганізатары ўпэўнены, што такая фестывальная праграма — галоўныя кніжныя прыгоды сёлетняй восені!
Мікола БЕРЛЕЖ