Шчырымі прапагандыстамі кніг, адрасаваных дзіцячаму чытачу, з’яўляюцца бібліятэкары Брэсцкай вобласці. У розных куточках гэтага рэгіёна праводзяцца сустрэчы, аўтограф-сесіі з пісьменнікамі, якія працуюць з разлікам на юных аматараў мастацкага слова.
Шчырымі прапагандыстамі кніг, адрасаваных дзіцячаму чытачу, з’яўляюцца бібліятэкары Брэсцкай вобласці. У розных куточках гэтага рэгіёна праводзяцца сустрэчы, аўтограф-сесіі з пісьменнікамі, якія працуюць з разлікам на юных аматараў мастацкага слова.
А сёлета, 19 верасня, у Новай Мышы, дзе размешчана Баранавіцкая цэнтральная раённая бібліятэка імя Я. Чачота, пройдзе Брэсцкі абласны фестываль дзіцячай кнігі. Вось што расказвае пра падзею, якая збярэ многіх дзіцячых пісьменнікаў краіны ў Баранавіцкім раёне, намеснік дырэктара Брэсцкай аласной бібліятэкі імя М. Горкага Ларыса Верамчук:
— Дзеці — самыя ўдзячныя чытачы. Ды і задача прыцягнення грамадства да чытання, да ўвагі да папяровай кнігі павінна вырашацца найперш у асяроддзі школьнікаў, моладзі. Каб у дарослым жыцці яны не забываліся пра вартасці кнігі ў адукацыі, у выхаванні, у развіцці асобы. У Новай Мышы на фестывалі дзіцячай кнігі будуць разгорнуты асобныя літаратурна-гульнявыя пляцоўкі Брэсцкай абласной бібліятэкі імя М. Горкага, Баранавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Чачота, Баранавіцкай гарадской бібліятэкі імя В. Таўлая, Ганцавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя В. Праскурава, Ляхавіцкай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Я. Купалы. Наша свята падтрымае і Саюз пісьменнікаў Беларусі. Адбудзецца і сур’ёзная размова па пытаннях дзіцячага кнігавыдання — у межах круглага стала бібліятэкары, пісьменнікі, кнігавыдаўцы правядуць размову па самых розных актуальных тэмах, падзеляцца сваімі думкамі.
Ужо сёння сваю згоду сустрэцца з хлопчыкамі і дзяўчынкамі ў Новай Мышы, пазнаёміць удзельнікаў фестываля са сваімі новымі кнігамі выказалі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Міхась Пазнякоў, Наталля Андрасюк, Зінаіда Багамолава, Таццяна Дземідовіч і іншыя беларускія творцы.
Мікола БЕРЛЕЖ.