Фестываль этнакультурных традыцый, які праводзіцца ў аграгарадку Ляскавічы, набывае ўсё большую папулярнасць. На яго прыязджаюць дзясяткі тысяч гасцей. Толькі ўдзельнікаў, якія будуць задзейнічаныя сёлета на розных пляцоўках, — каля трох тысяч. Свята будзе праходзіць на тэрыторыі ў 9 гектараў.
Падчас свята будуць працаваць народныя падворкі, дзе можна пазнаёміцца з рамёствамі і пакаштаваць стравы з розных палескіх рэгіёнаў. Адна з галоўных тэм свята — «Жаночы голас Палесся: спадчына, якая жыве». На падворках гасцей будуць сустракаць «гістарычныя персанажы», дзякуючы якім можна будзе ўзгадаць пра жанчын, якія жылі ў розныя стагоддзі і пакінулі значны след на беларускіх землях.
Не абыдзецца і без міжрэгіянальнага конкурсу прыгажосці і грацыі «Палеская прыгажуня». Адна з традыцый фестывалю — ушанаванне людзей, якія шмат робяць як для сваёй малой радзімы, так і для краіны: ім надаецца званне «Ганаровы паляшук».
Да ўжо вядомых фестывальных зон, такіх як «Хлеб майго Палесся», «ФолькФэст», «Рамесная слабада», «КаверХорШоу», сёлета дадаюцца новыя. Будзе працаваць інтэрактыўная пляцоўка «тэатральная майстэрня «Батлейка ў гасцях у казкі», цырк-шапіто, а ўначы абяцаюць лазернае шоу на вадзе.
Арганізатары плануюць заняць гасцей народнымі гульнямі, запрашаюць на квэст «У пошуках Цмока», на экскурсіі па Нацыянальным парку і катанне на цеплаходзе па Прыпяці. Будзе дзейнічаць палявы кінатэатр, рыхтуюцца інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей. На працягу фестывалю на дзвюх канцэртных пляцоўках са сваёй творчасцю будуць знаёміць прафесійныя і аўтэнтычныя калектывы з Беларусі і Расіі.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ