Традыцыяй у справе прапаганды кнігі, чытання стала ініцыятыва Брэсцкай гарадской цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы па правядзенню кніжнага фестывалю. Імпрэза з назвай «Читающий бульвар — 2026» і сёлета збярэ чытачоў, аматараў кнігі з усіх куточкаў горада. Як правіла, на фестываль прыходзяць дзеці разам з бацькамі. Арганізатары робяць акцэнт на прапаганду сямейнага чытання.
У 2026 годзе гарадское свята кнігі носіць назву «Беларуская жанчына — гэта цуд» і прысвечана Году беларускай жанчыны. 5 мая ў Брэсце на бульвары Шаўчэнкі, 3 а 12-й гадзіне будзе ўрачыста адкрыты фестываль, правядзенне якога падтрымалі вядучыя дзяржаўныя кніжныя выдавецтвы краіны, Брэсцкае абласное аддзяленне Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Бібліятэкары прыдумалі нямала захапляльных гульняў, віктарын, цікавую канцэртную праграму. Нават «Мядовая пляцоўка» будзе працаваць. Яе арганізатар Веста Бодак пазнаёміць са сваім праектам «Жанчына і пчалярства». А на пляцоўцы «Жанчыны ў мастацтве» будуць працаваць майстрыхі дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Удзел у фестывалі прымуць пісьменнікі Кацярына Хадасевіч-Лісавая, Тамара Бунта, Іна Фралова, Наталля Андрасюк, Георгій Тамашэвіч, Аляксандр Майстрэнка і іншыя паэты, празаікі, — расказвае кіраўнік Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ Таццяна Дземідовіч. — Уражальнай падзеяй стане сустрэча з аўтарскім тэатрам Вольгі Сандрыкавай «Баечны крутаверць».
На творчых пляцоўках будуць прадстаўлены кнігі Выдавецкага дома «Звязда» і выдавецтва «Беларусь».
Мікола Берлеж.