Top.Mail.Ru
49

Фестываль нацыянальных культур пройдзе ў Гродне 5-6 чэрвеня

Пятнаццаты, юбілейны

800 удзельнікаў, не менш як 280 тысяч гледачоў — такім абяцае стаць ХV Рэспубліканскі фестываль нацыянальных культур. Сёлета ён чакае гасцей 5-6 чэрвеня ў Гродне, а на трэці дзень мерапрыемствы пройдуць на канале Агінскага.

Фестываль праводзіцца з 1996 года, і калі ў самым пачатку ў ім удзельнічалі 11 нацыянальнасцяў, то сёлета іх будзе 42. Упершыню да свята адзінства далучацца габонцы і гвінейцы, ліванцы і чэхі, мальдыўцы і гагаузы, туркі.

З кожным годам фестываль набывае ўсё большую папулярнасць. Каб укласціся ў пэўны ліміт, прафесійнае журы разам з арганізатарамі вызначаюць самых яскравых удзельнікаў у кожнай вобласці на адборачных турах. Толькі ў сталіцы журы адабрала для паездкі ў Гродна 459 чалавек, якія прадстаўляюць 26 культур. Яны разам з калегамі з іншых рэгіёнаў будуць задаваць той непаўторны каларыт фестывалю, на які едуць госці не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы.

Падчас свята культур у гістарычным цэнтры Гродна з’яўляюцца падворкі, для якіх кожнае нацыянальна-культурнае аб’яднанне загадзя рыхтуе насычаную праграму з песнямі, танцамі, выстаўкамі, дэгустацыямі, майстар-класамі.

На працягу ўсяго фестывалю па горадзе перамяшчаюцца тысячы людзей, якія імкнуцца пазнаёміцца з традыцыямі розных народаў. Між іншым, каб стварыць больш спрыяльныя ўмовы для ўдзельнікаў і гасцей, як паведаміла начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч, сёлета фестывальная зона будзе пашырана, падворкі размесцяць на яшчэ адной вуліцы — Ажэшкі.

Адметнасць фестывалю — шэсце ўдзельнікаў у нацыянальных строях, якое больш нагадвае незвычайны карнавал, падчас якога калектывы спяваюць, танцуюць, нават паказваюць акрабатычныя нумары.

Для кожнага з фестываляў падбіраецца асобная тэматыка. Сёлета яна будзе звязана з 30-годдзем уласна фестывалю. Удзельнікам прапануецца ператварыць яго ў «свята свят», на кожным падворку можна будзе пазнаёміцца з адметнымі традыцыямі і ўрачыстасцямі ў розных народаў. І, вядома, падчас адкрыцця, шэсця, канцэртаў скразной будзе тэма Года беларускай жанчыны.

Алена ДЗЯДЗЮЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю