Top.Mail.Ru

Фестываль навукі пройдзе 5–6 верасня ў Мінску

Яго мэта — паказаць навуку зразумелай і цікавай як дашкольніку, так і маладому вучонаму, расказаць, чым займаюцца даследчыкі, як навуковы пошук паляпшае якасць жыцця, якія перспектывы ён адкрывае.


Арганізатары Фестывалю навукі прадставяць у Мінску інтэрактыўную экспазіцыю «Месяцавая база», прысвечаную перспектывам асваення спадарожніка Зямлі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе міжнароднага праекта «Навука 0+», які выступае арганізатарам падзеі разам з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі, перадае ТАСС.

Фестываль пройдзе 5–6 верасня ў Цэнтральным батанічным садзе НАН Беларусі ў Мінску. Яго ўдзельнікі змогуць сабраць касмічны шлем і ракету, паспрабаваць VR-трэнажоры, даследаваць космас у віртуальнай рэальнасці, навучыцца кіраваць месяцаходамі і рабатызаванымі сістэмамі і пазнаёміцца з фізічнымі з’явамі, якія ляжаць у аснове сучасных касмічных тэхналогій. Тут таксама пройдуць лекцыі вучоных, касманаўтаў і навуковыя шоу.

«Праект «Навука 0+» прадставіць інтэрактыўную экспазіцыю „Месяцавая база“, прысвечаную будучыні асваення Месяца. Наведвальнікі змогуць прайсці шлях удзельнікаў касмічнай экспедыцыі і пазнаёміцца з тэхналогіямі, якія могуць стаць асновай для стварэння пастаяннай базы на спадарожніку Зямлі. Атрымаўшы пашпарт каланіста і маршрутны ліст, госці адправяцца выконваць заданні ў тэматычных зонах, прысвечаных падрыхтоўцы касманаўтаў, робататэхніцы, касмічнай медыцыне, геалогіі, астраноміі, сельскай гаспадарцы будучыні і касмічнай сувязі», — паведамілі арганізатары.


Унікальная экспазіцыя падрыхтавана вучонымі шэрагу НДІ і ВНУ. 

Як адзначыў рэктар МДУ, прэзідэнт Расійскага саюза рэктараў Віктар Садоўнічы, штогадовы Фестываль навукі ў Мінску стаў добрай традыцыяй, якая аб’ядноўвае даследчыкаў, выкладчыкаў і студэнтаў, а таксама тых, хто цікавіцца сучаснымі дасягненнямі навукі.

«Такія пляцоўкі дазваляюць расказваць грамадству пра навуковыя адкрыцці, умацоўваць сувязі паміж нашымі краінамі, ствараць новыя магчымасці для сумесных даследаванняў, адукацыйных праектаў і абмену вопытам. Упэўнены, што фестываль стане яшчэ адной магчымасцю для адкрытага дыялогу паміж вучонымі і грамадствам, умацавання дружбы паміж навуковымі супольнасцямі Расіі і Беларусі, а таксама дапаможа маладым людзям убачыць перспектывы даследчай дзейнасці і зрабіць першыя крокі ў свеце навукі», — дадаў Садоўнічы.


«Навука 0+» праводзіцца з 2006 года. Мерапрыемства — адзін з самых маштабных асветніцкіх праектаў у сферы папулярызацыі навукі ў свеце. За гады работы фестывалю яго сукупная аўдыторыя склала больш за 100 мільёнаў чалавек. Да фестывальнай супольнасці далучыліся Беларусь, Бразілія, Кітай, Куба, Казахстан, Узбекістан, Таджыкістан, Арменія, Азербайджан.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю