Фестываль аўтарскай песні памяці Уладзіміра Высоцкага «Музыка сэрцаў» збярэ выканаўцаў песень пад гітару ў Навагрудскім раёне 26-27 ліпеня. Пра гэта паведаміла ўпраўленне культуры Гродзенскага аблвыканкама.
Навагрудчына ўнікальная тым, што тут падчас здымак фільма Віктара Турава «Сыны сыходзяць у бой» у 1969 годзе пабываў Уладзімір Высоцкі разам з французскай сяброўкай Марынай Уладзі. Уладзімір Сямёнавіч сябраваў з вядомым кінарэжысёрам і бываў у яго на здымках. Менавіта ў навагрудскі перыяд ва Уладзіміра Высоцкага нарадзіўся шэраг песень ваеннай тэматыкі: «Ён не вярнуўся з бою», «Сыны ідуць у бой» і «Песня аб зямлі», якія ўвайшлі ў кінакарціну. А пасля гэтай паездкі была напісана і адна з лепшых лірычных песень знакамітага барда «Здесь лапы у елей дрожат на весу». Высоцкі пайшоў з жыцця 25 ліпеня 1980 года.
Марына Уладзі ў сваіх успамінах пазней пісала, што возера Літоўка — адно з самых прыгожых мясцін у Беларусі, і ўспамінала тыднёвае знаходжанне ў гэтых краях як адзін з самых шчаслівых эпізодаў свайго жыцця. Жыццё ў сельскай хаце, начлегі на сенавале, свежае казінае малако, незабыўнай прыгажосці прырода — усё гэта натхніла Уладзіміра Высоцкага на напісанне сваіх твораў.
Удзельнікі фестывалю традыцыйна збяруцца на берагах возера Літоўка.
«У першы дзень фестывалю адбудзецца конкурсная праграма, у якой прымуць удзел выканаўцы бардаўскай песні з Гродзенскай, Брэсцкай, Мінскай абласцей і сталіцы. Пакуль у нас больш за 20 заявак, іх прыём прадоўжыцца да серады, 23 ліпеня. Старшынёй журы на гэты раз у нас будзе вядомы выканаўца Уладзімір Ухцінскі», — расказала начальнік аддзела культуры Навагрудскага райвыканкама Марына Шабановіч.
Як дапоўнілі ў аддзеле культуры, на фестывалі, які праходзіць у тых жа месцах, дзе напрыканцы 60-х гадоў мінулага стагоддзя здымаўся фільм «Сыны ідуць у бой», традыцыйна гучыць шмат песень ваеннай, патрыятычнай тэматыкі.
Увечары, пасля завяршэння конкурснай праграмы, ля адкрытага мікрафона праспяваць зможа кожны жадаючы. А пасля ўзнагароджання пераможцаў да публікі выйдзе Уладзімір Ухцінскі.

Дарэчы, пастаянныя ўдзельнікі фестывалю адзначаюць, што, нягледзячы на штогадовы ўдзел, усё больш пераконваюцца ў тым, што выконваць песні Уладзіміра Сямёнавіча зусім няпроста. Сапраўдны талент выканаўцы — гэта адчуць словы і знайсці «сваё» выкананне, сваю манеру. Менавіта такое выкананне і ў гэтыя вечары можна будзе пачуць са сцэны на возеры Літоўка.
Выступяць на свяце і мясцовыя калектывы, створаныя пры ўстановах культуры: маладзёжны кавер-бэнд «Турбулет» і адроджаны гурт «I. M. D.».
27 ліпеня ўсіх прыхільнікаў творчасці Высоцкага чакаюць ужо ў Навагрудку на музычна-паэтычнай сустрэчы «Высоцкі. Голас. Гітара. Душа». Яе ўдзельнікі ўскладуць кветкі да бюста артыста, устаноўленага ў скверы, які таксама носіць імя Уладзіміра Сямёнавіча.