Фестываль у вёсцы Высокае ўжо з гісторыяй. Сёлета яго арганізуюць 18-ы раз. Традыцыйна «Спораўскія сенакосы» збіраюць гасцей у другую суботу жніўня. У цэлым праграма яшчэ фарміруецца, але некаторыя дэталі ўжо вядомыя: арганізатары паклапоцяцца аб забаўках для дзятвы, будзе працаваць выязны гандаль, свае вырабы гасцям прадэманструюць рамеснікі. Разыначка экафэсту — спаборніцтвы па ручным сенакашэнні і футболе на балоце.
Правілы спаборніцтваў па сенакашэнні нязменныя. Удзельнічаць могуць каманды з двух чалавек (мужчынскія, жаночыя, змешаныя). Ім трэба хутка і якасна скасіць надзел працягласцю 100 м — па 1,5 м на кожнага. Лепшым дадуць магчымасць праявіць сябе на асабістым першынстве. «З 15 ліпеня адкрываем рэгістрацыю. Яна будзе праходзіць да 1 жніўня ўключна. Цікавасць праяўлялі ўдзельнікі з Расіі: калі заявяцца, будзем толькі рады. Спадзяемся, што традыцыйна будуць жаночыя каманды. Яны заўсёды наша ўпрыгожванне. Чакаем і моладзь», — сказаў Вадзім Пратасевіч.
Участак для сенакашэння ўжо вызначаны. На бягучым тыдні работнікі заказніка пачнуць рабіць яго разметку. Такімі спаборніцтвамі прыцягваюць увагу да праблемы зарастання балот. «Спачатку мы нават не меркавалі, што нашы местачковыя спаборніцтвы перарастуць у такога кшталту фестываль. Першы раз у нас было ўсяго сем каманд. Да нас прыехалі спецыялісты заказнікаў Брэсцкай вобласці. Ужо тады выявілася спаборніцкая жылка, выказалі жаданне паўдзельнічаць мясцовыя жыхары. На наступны год зрабілі чэмпіянат адчыненым. Максімум у нас было 27 каманд. Прамой аддачы мы не атрымліваем ад сенакашэння, але гэта момант прыцягнення ўвагі грамадскасці да праблемы зарастання балот, асветы», — растлумачыў дырэктар заказніка. Ён падкрэсліў, што балота мае вялікую каштоўнасць для прыроды, яго біяразнастайнасць неабходна захоўваць.
Асаблівасць яшчэ і ў тым, што «Спораўскія сенакосы» не даюць знікнуць спрадвечна беларускай традыцыі: усё менш людзей умеюць касіць ручнымі косамі, кляпаць іх і тачыць. «Сярод нашых удзельнікаў ёсць маладыя хлопцы, якіх дзядуля спецыяльна для фестывалю навучыў касіць, падрыхтаваў косамі. Яны ўжо некалькі разоў да нас прыязджалі, нават першыя месцы займалі», — прывёў прыклад Вадзім Пратасевіч.
На фестывалі будзе цікава паназіраць і за футбольнымі баталіямі на балоце. У турніры змогуць паўдзельнічаць не больш за 12 каманд. У склад уключаны пяць палявых гульцоў і варатар, не больш за тры чалавекі могуць быць у запасе. Матч на натуральным пакрыцці доўжыцца два перыяды па 15 хвілін. У такім відзе спорту лепшая форма — адзенне, якое не шкада выпацкаць.
Фота з адкрытых крыніц