Top.Mail.Ru

Фестываль творчасці інвалідаў «Разам мы зможам больш» збярэ 180 удзельнікаў з Беларусі і Расіі

Гэта мерапрыемства праводзіцца пад эгідай Саюзнай дзяржавы з 2003 года. Першыя фестывалі праходзілі ў Расіі, але з 2017 года арганізуюцца выключна ў Магілёве. Літаральна праз тыдзень, 16 лістапада, фестываль завітае ў госці зноў. У Магілёў прыедуць творчыя дэлегацыі з усіх рэгіёнаў Беларусі і Мінска, а таксама з Расіі. Усяго мерапрыемства аб’яднае 180 чалавек з ліку людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі ва ўзросце 18+.

Як паведамілі ў Магілёўскім аблвыканкаме, першы дзень фестывалю будзе прысвечаны Беларусі, другі — Саюзнай дзяржаве, трэці — Расіі, чацвёрты, заключны, — творчым дасягненням. На працягу чатырох дзён будуць праходзіць конкурсы па 12 намінацыях — народных, акадэмічных, эстрадных і нават жэставых спеваў, харэаграфічным мастацтве, музычна-інструментальным выканальніцтве, аўтарскай паэзіі і бардаўскай творчасці, тэатральным мастацтве, мастацкім слове, арыгінальным жанры, дэкаратыўна-прыкладным і выяўленчым мастацтве. У праграме таксама майстар-класы па кірунках дэкаратыўна-прыкладной творчасці, экскурсіі, конкурсныя выступленні, канцэрты з выездам у Чавускі і Магілёўскі раёны. 

Удзельнікі прадэманструюць свае таленты пастаяльцам Расцянскага сацыяльнага пансіяната «Прыазёрны» і Магілёўскага — «Жамчужына». На працягу фестывалю ў фае Магілёўскага абласнога метадцэнтра народнай творчасці і культурна-асветнай работы будзе працаваць выстава работ дэкаратыўна-прыкладнога і выяўленчага мастацтва. Бліжэй пазнаёміцца і пасябраваць дапамогуць сумесныя экскурсіі, творчыя сустрэчы, рэпетыцыі, вечары знаёмстваў і сяброўства. Будзе магчымасць пагутарыць не толькі на творчыя тэмы. Напрыклад, тэмай круглага стала стане абмеркаванне пытання аб сацыяльнай інклюзіі і развіцці творчага патэнцыялу. Завершыцца фестываль вялікім гала-канцэртам з узнагароджаннем пераможцаў.



Па словах арганізатараў, мерапрыемства праводзіцца з мэтай выяўлення і падтрымкі найбольш яркіх і цікавых дасягненняў у галіне мастацкай творчасці сярод людзей з абмежаванымі фізічнымі магчымасцямі, умацавання пазітыўнага іміджу інвалідаў у грамадскай думцы і садзейнічання актыўнай інтэграцыі іх у жыццё сучаснага грамадства.

Нэлі ЗІГУЛЯ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю