Top.Mail.Ru

Фестываль «Вытокі» ў Светлагорску працягваецца

Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Віктар Лукашэнка, старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко ўсклалі кветкі на комплексе воінскай славы ў гонар аперацыі «Баграціён» у Светлагорскім раёне падчас другога дня спартыўна-культурнага фестывалю «Вытокi».

Комплекс рыхтуецца адчыніць дзверы пасля рэканструкцыі, якая пачалася ў сакавіку 2025 года. На тэрыторыі зявіўся цэнтр інфармацыйнага абслугоўвання, добраўпарадкавана спецыяльная пляцоўка з барэльефамі, а таксама месца для гледачоў. Дададзена новая лакацыя для размяшчэння баявой тэхнікі, а бліндаж пераабсталявалі ў інтэрактыўны цір: тут кожны наведвальнік можа віртуальна перанесціся на поле бою і адчуць дух бітваў.

Актыўна праходзіць гэты дзень для юных аматараў спорту. Дэлегацыя камісіі спартсменаў Расіі разам з беларускімі калегамі правялі майстар-класы па фігурнаму катанню, хакею, адзінаборствах, веславанню, лёгкай атлетыкі... Напрыклад, на вяслярнай базе Гомельскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву прафсаюзаў па веславанню хлопчыкі і дзяўчынкі атрымалі ўнікальны шанц — майстар-клас па веславанні на байдарках і каноэ для дзяцей правёў сам алімпійскі чэмпіён, старшыня камісіі спартсменаў НАК Беларусі (веславанне на байдарках і каноэ) Аляксандр Багдановіч:


«У нас уся краіна спартыўная, наш Прэзідэнт паказвае прыклад, і моладзь прытрымліваецца гэтай добрай справы: займаецца спортам, прытрымліваецца здаровага ладу жыцця. Мы гадуем здаровую нацыю, — падкрэсліў спартсмен. — Мы хочам у чарговы раз паказаць моладзі, што спорт — гэта выдатна. Прадстаўляем падрастаючаму пакаленню розныя яго віды, каб яны маглі паспрабаваць сябе і, магчыма, нават звязаць сваё жыццё са спортам».

У той жа час у гарадскім цэнтры культуры адбыўся практыка-арыентаваны семінар, арганізаваны Беларускай алімпійскай акадэміяй. Перад педагогамі школ і работнікамі дашкольных устаноў выступіла дырэктар Беларускай алімпійскай акадэміі Наталля Апанчук. Яна падрабязна спынілася на пытаннях выхавання і развіцця маладога пакалення. Перад прысутнымі выступілі таксама дэкан спартыўна-педагагічнага факультэта масавых відаў спорту БДУФК Ірына Гуслістава, намеснік дырэктара РНПЦ фізічнага выхавання і спорту Павел Шэсцярэнь і метадыст вышэйшай кваліфікацыі Людміла Явар. 


Перад слухачамі семінара аб навукова-метадычным і медыцынскім забеспячэнні спартыўнай падрыхтоўкі і антыдопінгавым кантролі выступілі рэктар БДУФК Сяргей Рэпкін, дырэктар РНПЦ спорту Ірына Маляваная і дырэктар НАДА Дзяніс Мужухін. А на сустрэчы «Беларусь — брэнд маладых» ў Светлагорскім гісторыка-краязнаўчым музеі прайшоў карысны майстар-клас для пачынаючых аўтараў і журналістаў — усіх тых, хто хоча навучыцца пісаць пра сваю малую радзіму, і рабіць гэта займальна і цікава. 

Аміна НАЗАРАВА 

Фота БелТА і Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі 

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю