«Фэйкавыя дзверы» і аргтэхніка з завышанымі характарыстыкамі — у МАРГ падзяліліся прыкладамі з антыманапольнай практыкі, паведамляе БелТА са спасылкай на прэс-службу ведамства.
У поле зроку МАРГ апынуліся індывідуальныя прадпрымальнікі з Мазыра, якія працуюць на рынку рознічнага гандлю міжпакаёвымі і металічнымі (блокамі дзвярнымі ўваходнымі) дзвярыма, дзвярной фурнітурай.
«Па заяве ТАА „Стальная лінія“ ўстаноўлены факт наяўнасці парушэння антыманапольнага заканадаўства ў дзеяннях ІП у частцы ўказання ў рахунках-фактурах, выдадзеных для атрымання спажывецкага крэдыту ад ААТ „ААБ Беларусбанк“ „На родныя тавары“ пад 4%, інфармацыі, якая ўводзіць спажыўцоў у зман. Так, ІП, не маючы ў рэалізацыі дзвярэй вытворчасці ТАА „Стальная лінія“, для зацікаўленасці спажыўцоў у рахункі-фактуры ўносілі недакладную інфармацыю аб тавары, для набыцця якога прадастаўляецца спажывецкі крэдыт. Пры гэтым паміж таварыствам і ІП не заключаныя дагаворы пастаўкі», — адзначылі ў прэс-службе.
ІП прыцягнутыя да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу па 100 базавых велічынь кожны. Пастанова суда не ўступіла ў законную сілу.
Таксама ў МАРГ па абарону ад дзеянняў нядобрасумленнага канкурэнта пры ўдзеле ў працэдуры дзяржзакупак звярнулася ТАА «Дывергент Трэйд» у дачыненні да ВП «АльянсОфіс», якое наўмысна завысіла тэхнічныя характарыстыкі прапанаваных тавараў і шматфункцыянальных прылад, увёўшы тым самым у зман заказчыка.
«Гэтая акалічнасць дазволіла стаць пераможцам і заключыць дагаворы на пастаўку аргтэхнікі на суму больш за 75 тыс. рублёў. У ходзе расследавання паказаная заяўнікам інфармацыя пацвердзілася, такую мадэль паводзін прадпрыемства пры ўдзеле ў працэдурах дзяржзакупак выкарыстоўвала не ў першы раз. У выніку бюджэтныя сродкі выдаткоўваліся на набыццё аргтэхнікі, якая не адпавядала ўстаноўленым патрабаванням», — звярнулі ўвагу ў МАРГ.
У дзеяннях «АльянсОфіс» устаноўлены факт нядобрасумленнай канкурэнцыі. Рашэнне антыманапольнага органа не абскарджвалася. За парушэнне прадпрыемству пагражае штраф у памеры да 10% сумы выручкі ад рэалізацыі тавару.
Акрамя таго, у сувязі з неналежным выкананнем дагавора дзяржзакупкі прадпрыемства ўключана ў спіс пастаўшчыкоў (падрадчыкаў, выканаўцаў), якія часова не дапускаюцца да ўдзелу ў працэдурах дзяржзакупак, тэрмінам на два гады.