У Лунінецкім раёне на суд перададзена крымінальная справа ў дачыненні да 19-гадовага і 18-гадовага мясцовых жыхароў, якіх абвінавачваюць у махлярстве, паведамляе прэс-служба пракуратуры Брэсцкай вобласці.
Паводле звестак следства, старэйшы з іх, студэнт каледжа, прыдумаў схему «падпрацоўкі»: знаходзіў у сацсетках калекцыянераў і прапаноўваў ім старадаўнія манеты. Для гэтага ён запампоўваў фота з інтэрнэту і пераконваў пакупнікоў перавесці перадаплату на карту.
Так, жыхарка Мінскага раёна пералічыла 269 рублёў за манету наміналам 50 капеек 1900 года, якую насамрэч ніхто не збіраўся ёй адпраўляць. Усяго ў траўні 2025 года малады чалавек падмануў пяць чалавек.
Пазней ён расказаў пра сваю схему 18-гадоваму знаёмаму, і той таксама паспеў падмануць аднаго пакупніка. Неўзабаве абодвух затрымалі праваахоўнікі.
Пракуратура накіравала справу ў суд. Абвінавачаныя застаюцца пад падпіскай аб нявыездзе.