Top.Mail.Ru

Фільм «Маміна пісьмо» не пакінуў беларускую моладзь абыякавай

Дзіця, якое яшчэ не народжана, мае права на жыццё — гэта маральная запаведзь не раз гучала падчас мерапрыемства, якое правялі Грамадскае аб’яднанне «Беларускі саюз жанчын» сумесна з Беларускай праваслаўнай царквой 31 сакавіка на базе Мінскай духоўнай акадэміі імя святога Кірылы Тураўскага.


На сустрэчы з маладзёжным актывам БСЖ быў паказаны мастацка-дакументальны фільм «Маміна пісьмо», зняты ў 2024 годзе праваслаўным тэлеканалам «Спас» (РФ) і прысвечаны абароне дзяцей да нараджэння.

— Вельмі важна задумвацца пра сэнс жыцця, пра тое, якія я здзяйсняю ўчынкі і да чаго яны прыводзяць, таму што часта памылкі людзей заснаваны на матэрыяльным, а не на духоўным поглядзе на жыццё, — звярнуўся старшыня Сінадальнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы па культуры і царкоўным мастацтве протаіерэй Іаан Задарожын да ўдзельнікаў мерапрыемства. Протаіерэй перадаў Беларускаму саюзу жанчын зварот Мітрапаліта Мінскага і Заслаўскага Веніяміна, Патрыяршага Экзарха ўсяе Беларусі.

Большасць жанчын у тым ці іншым узросце, статусе і становішчы аказваюцца перад выбарам: захаваць жыццё дзіцяці або забіць яго. Прымаючы такое рашэнне, важна не паддацца ўплыву абставін, чужога негатыўнага вопыту і захаваць жыццё яшчэ не народжанага малога, падкрэсліла намеснік старшыні БСЖ, намеснік дырэктара па медыцынскай экспертызе і рэабілітацыі РНПЦ анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М. М. Аляксандрава Іна Салдаценка.

— Будзьце заўсёды стойкія ў прыняцці свайго рашэння, — звярнулася яна да ўдзельніц сустрэчы. — Думайце пра тое, якой вы хочаце быць праз дваццаць гадоў, глядзіце ў будучыню.

У цэнтры мастацка-дакументальнага фільма «Маміна пісьмо» — жыццёвыя гісторыі дзвюх жанчын, маці і яе дарослай дачкі. Кожная з іх сутыкнулася з незапланаванай цяжарнасцю, і перад кожнай стаіць праблема выбару — захаваць жыццё дзіцяці або пазбавіцца ад яго. Стваральнікі фільма паказалі гісторыі шматлікіх жанчын, якія апынуліся ў падобнай сітуацыі, а таксама каментарыі дактароў-гінеколагаў, псіхолагаў, святароў аб праблеме абортаў, іх сацыяльных прычынах і наступствах для жанчыны.

Падчас прагляду многія ў зале выціралі слёзы. Калі экран пагас, стала відавочна: гісторыі гераінь знайшлі водгук у сэрцах гледачоў. Можна з упэўненасцю сказаць: абыякавых у зале не было.

Паказ фільма «Маміна пісьмо», які дапамагае юнакам і дзяўчатам усвядоміць, што жыццё — неацэннае, а самае дарагое для чалавека — сям’я і блізкія людзі, будзе працягнуты на розных пляцоўках.

Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю