Top.Mail.Ru
231

Фільм пра Полацкі Спаса-Еўфрасіннеўскі манастыр паказалі ў Мінскім міжнародным выставачным цэнтры

У жыхароў Мінска і гасцей Беларусі з’явілася яшчэ адна абавязковая для наведвання славутасць — Мінскі міжнародны выставачны цэнтр, які адкрыўся на вуліцы Паўліны Мядзёлкі. Там адбываюцца не толькі выставы — дзякуючы інавацыйным тэхналогіям, у цэнтры можна правесці мерапрыемства любога фармату і маштабу. Ёсць магчымасць і для дэманстрацыі кінастужак.


Таму ў межах выставы дасягненняў суверэннай Беларусі «Мая Беларусь» адбываюцца паказы Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Праграма 7 студзеня, на праваслаўнае свята Раства Хрыстова, стала адмысловай — дакументальныя стужкі пра служэнне Беларускай праваслаўнай царквы. Сярод іх — фільм, зняты на студыі «Летапіс» кінастудыі «Беларусьфільм» «Абіцель святой Еўфрасінні». Яе прадставіў аўдыторыі рэжысёр Уладзімір Луцкі, лаўрэат Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь дзеячам культуры і мастацтва, а таксама шматлікіх кінаконкурсаў. Прэм’ера фільма пра славуты полацкі манастыр адбылася падчас Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», што прайшоў напрыканцы мінулага года. Выбар тэмы невыпадковы — у гэтым годзе адзначаецца 900-годдзе Полацкага Спаса-Еўфрасіннеўскага праваслаўнага жаночага манастыра, аднаго са старэйшых цэнтраў хрысціянства на нашай зямлі. Сюжэт фільма заснаваны на «Жыціі» Еўфрасінні Полацкай, заснавальніцы манастыра. Глядач можа не толькі паглыбіцца ў белрускую гісторыю, але і далучыцца да сённяшняга жыцця абіцелі святой Еўфрасінні, паслухаць расповеды экспертаў пра таямніцы старажытных фрэсак, пра цуды, якія адбываюцца ля машчэй прападобнай Еўфрасінні, папрысутнічаць на начной службе і зазірнуць на заняткі ў нядзельную школу. 

— Гэта вельмі знакава і адказна, што фільм быў паказаны ў день светлага свята Раства Хрыстова, — кажа рэжысёр Уладзімір Луцкі. — Адзначу выдатныя тэхнічныя магчымасці і ўмовы, прадастаўленыя Мінскім міжнародным выставачным цэнтрам — ад добрай карцінкі і гуку да ўтульных крэслаў залы. Цешыць, што прысутнічала шмат дзяцей. Паказы ж вольныя, на іх бясплатна прыходзяць усе жадаючыя. Прыемна было пачуць водгукі гледачоў, якіх уразіла ўбачанае. Пасля каляднага паказу ў цэнтры стужка «Абіцель святой Еўфрасінні» адправіцца на экраны кінатэатраў краіны. Ну і, зразумела, адыграе сваю ролю ў святкаванні юбілею старажытнага манастыра.

У гэты святочны дзень былі паказаныя і іншыя стужкі, прысвечаныя служэнню Беларускай праваслаўнай царквы. Фільм «Беларусь. Здабыццё веры», зняты ў 2023-м годзе, прадставілі кіраўнік здымачнай групы Інга Бялова і намеснік старшыні Сінадальнага інфармацыйнага аддзела Беларускай праваслаўнай царквы Алег Лепешанкоў. Пра трохсерыйны дакументальны фільм «За паству і Айчыну» пра подзвіг святароў у часы Вялікай Айчыннай вайны гледачам распавяла аўтар, журналіст Белтэлерадыёкампаніі Алена Бормантава. Фільм быў зняты творчай групай агенцтва тэленавінаў Белтэлерадыёкампаніі пры садзейнічанні Камітэта дзяржаўнай бяспекі. 

Што тычыцца праграмы «Беларусьфільма» на выставе «Мая Беларусь», яна досыць раснастайная і прымеркаваная да магістральных тэм. 11 студзеня будзе паказаная кінатрылогія да 100-годдзя беларускага кіно, 12-га ў праграме «Час герояў» усе жадаючыя змогуць паглядзець стужкі «Мара чэмпіёна » і «Птушка фенікс Аляксея Талая». На 1 і 2 лютага запланаваны паказ стужак на тэму «Насустрач 80-годдзю Вялікай Перамогі», праграма 8 і 9-га лютага адрасаваная дзецям і аматарам камедый. А з 11-га лютага штодня цягам тыдня — дэманстрацыя анімацыйнага фэнтэзі па матывах славянскай міфалогіі «Песня Сірын». 

  • Уваход на ўсе сеансы вольны.
arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю