«Глядзі. Жыві. Цані»
Два тыдні застаецца да старту ХХХІІ Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад», які пройдзе сёлета з 30 кастрычніка да 6 лістапада. З 3300 заявак са 108 краін свету адабралі найлепшыя кінаработы, якія будуць прадстаўлены журы і гледачам у васьмі конкурсных праграмах. Пра іншыя адметнасці сёлетняга кінафоруму, падрыхтоўку да яго і палітру кінамастацтва расказалі на сустрэчы з журналістамі арганізатары.
З любоўю з Беларусі
Падрыхтоўка да фестывалю ўжо выходзіць на сваю фінішную прамую. Яго арганізатарамі, у лік якіх уваходзіць Міністэрства культуры, Мінгарвыканкам, нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», праведзена вялікая работа, каб кожны з гасцей, удзельнікаў і гледачоў змаглі не толькі пазнаёміцца з адметнымі кінастужкамі з усяго свету, але і пражылі спатканні з кінамастацтвам з камфортам і ў бяспецы.
— Паказы пройдуць як у Мінску, так і ў рэгіёнах краіны. Пляцоўкай для цырымоній адкрыцця і закрыцця стане кінатэатр «Масква». Уся яго прастора будзе трансфармавана — з’явіцца незвычайная пляцоўка з зонамі для фатаграфавання, для інтэрв’ю, а таксама магчымасць адпачыць, пазнаёміцца з фільмам адкрыцця (ім сёлета стане кінастужка расійска-беларускай вытворчасці «Бацька Мінай. Партызанская легенда» ад рэжысёра Ігара Угольнікава), з краінамі-ўдзельніцамі, — падзялілася начальнік аддзела па кінематаграфіі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Ірына ДРЫГА. — Цырымоніі адкрыцця і закрыцця маюць свой адметны тэматычны характар. У кожнай з іх будуць традыцыйныя элементы, але ўсё гэта пройдзе ў абрамленні музычных і харэаграфічных нумароў, прысвечаных фільмам-юбілярам гэтага года. Так, цырымонія закрыцця пройдзе пад дэвізам «З любоўю з Беларусі». Галоўны пасыл тут: нагадаць яшчэ раз гасцям кінафорум, у якой цудоўнай краіне праходзіць «Лістапад». Каб у іх засталося прыемнае ўражанне і жаданне прыязджаць сюды зноў.
Традыцыйнымі застануцца сёлета і галоўныя пляцоўкі кінафоруму. Паказы пройдуць у сталічных кінатэатрах «Цэнтральны», «Беларусь», «Піянер», «Перамога», «Масква». У апошнім, акрамя галоўных цырымоній, пройдуць конкурсныя паказы кароткага метра, а таксама некаторыя знакавыя мерапрыемствы. Так, 31 кастрычніка пройдзе вечар памяці рэжысёра Віктара Турава, а 2 лістапада на гэтай лакацыі адбудзецца спецыяльны паказ, арганізаваны з партнёрамі з Расійскай Федэрацыі, і вечар памяці кінарэжысёра Тыграна Кеасаяна з паказам яго апошняй работы «Сем дзён Пятра Сямёнавіча». Акрамя гэтага, запланавана правядзенне двух круглых сталоў, дзе абмяркуюць беларуска-расійскае супрацоўніцтва ў кінасферы, а таксама тэму адукацыі ў кінавытворчасці на прасторы краін СНД. А вось у сценах «Беларусьфільма», у БДАМ і БДУКІМ запланаваны творчыя сустрэчы, майстар-класы і іншыя мерапрыемствы, якія дазволяць паглыбіцца ў тэму кінамастацтва.
Знойдзе сваё адлюстраванне ў фестывальнай праграме і Год беларускай жанчыны. Традыцыйныя Дні нацыянальнага кіно будуць прысвечаны жаночаму погляду на кінематограф (гэта будуць фільмы, створаныя рэжысёрамі-жанчынамі, альбо фільмы, прысвечаныя жанчынам з цікавым лёсам). Свае фільмы прадставіць як Беларусь, так і Расія, Казахстан, Пакістан, ёсць яшчэ жадаючыя.
— Вядома, для Мінска — вельмі пачэсна і адказна прымаць такі фестываль і быць яго суарганізатарам. Мы загадзя працавалі над падрыхтоўкай аб’ектаў, каб і госці, і гледачы змаглі ў камфортных умовах паглядзець конкурсныя праграмы, — адзначыла намеснік начальніка ўпраўлення культуры Мінгарвыканкама Святлана СІЛІЧ. — «Лістапад» — вельмі яркая культурная падзея ў жыцці сталіцы.
Выканаўчы дырэктар ХХХІІ ММКФ «Лістапад» Максім Шапавалаў адзначыў, што сёлета адна з галоўных мэт, улічваючы слоган кінафоруму «Глядзі. Жыві. Цані», — не проста прадэманстраваць найлепшыя ўзоры сусветнага кінематографа, але запрасіць нашага гледача да глыбокага перажывання экранных гісторый.
Знайсці чалавека ў сабе і побач
Гісторый на вялікім экране сёлета сапраўды пакажуць многа і самых розных. У васьмі конкурсных праграмах прадставяць дзясяткі кінастужак, кожная з якіх дазволіць пазнаёміцца гледачам з разнастайнай палітрай тэм і іх увасабленнем, мовай кіно, рэжысёрамі з розных краін свету. У праграме асноўнага конкурсу ігравога кіно будзе паказана 17 кінастужак, у конкурсе дакументальнага кіно ўбачым 18 работ, а вось для прыхільнікаў анімацыі пакажуць 50 фільмаў.
— Кожны адабраны намі фільм мае свае тоны, паўадценні, але яны пра тое, як людзі жывуць, выжываюць, як спрабуюць і мяняюць свет вакол сябе, змяняючы да найлепшага жыццё сваё і тых, хто побач, калі ім пашчасціла менш. Па тэматыцы сёлета ў нас гучаць экалогія, этнічная разнастайнасць, змена жыцця ўласнымі сіламі і фільмы пра мастацтва, — падзялілася праграмны дырэктар ХХХІІ ММКФ «Лістапад» Ларыса БЕЛАВОКАЯ.
Па 10 кінастужак запрапануюць гледачам у праграме кароткага метра і ў праграме для дзіцячай і юнацкай аўдыторыі «Лістападзік». У нацыянальным конкурсе ўбачым 11 работ беларускіх рэжысёраў. І ў конкурснай праграме «Кіно маладых» за ўвагу і любоў гледачоў паспрачаюцца 11 карцін — у іх рэжысёры сканцэнтраваліся на раскрыцці тэмы пошуку ўласнага жыццёвага шляху.
Білеты на сеансы з’явяцца ў продажы ўжо на наступным тыдні.
Алена ДРАПКО