Top.Mail.Ru

Фінал конкурсу прыгажосці для шматдзетных маці «Краса Беларусі» пройдзе 22 жніўня ў Мінску

Фінал рэспубліканскага конкурсу прыгажосці сярод шматдзетных жанчын «Краса Беларусі» пройдзе ў Мінску 22 жніўня. Пра гэта журналістам паведаміла старшыня грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Вольга Шпілеўская, паведаміла БелТА.


Сёлета больш за 270 шматдзетных маці падалі заяўкі на ўдзел у конкурсе. «Гэта нямала. Каб жанчыне вырашыцца стаць удзельніцай конкурсу, неабходны ўнутраны стрыжань і падтрымка сям’і. Я рада бачыць, што нашы мамы ганарацца шматдзетнасцю і імкнуцца яе папулярызаваць», — растлумачыла Вольга Шпілеўская.

Старшыня падкрэсліла шырокую геаграфію ўдзельніц: «Гэта не толькі сталіца і абласныя цэнтры, але і самыя аддаленыя куткі краіны. Жанчыны з усіх рэгіёнаў, у тым ліку з невялікіх населеных пунктаў, прымуць удзел у фінале. Гэта даказвае: каб быць паспяховай шматдзетнай маці — не мае значэння, дзе ты жывеш. Сярод удзельніц жанчыны абсалютна розных прафесій: ад прадстаўніц сілавых структур да працаўніц сельскай гаспадаркі».

Вольга Шпілеўская выказала надзею, што гледачамі стануць не толькі маладыя бацькі, але і моладзь. «Хацелася б, каб яны ўбачылі і пераканаліся, як выдатна, калі сям’я падтрымлівае: муж і дзеці прыходзяць за цябе хварэць», — дапоўніла старшыня.

Яна таксама падкрэсліла, што ў Беларусі прымаюцца ўсе меры для таго, каб жанчыны маглі рэалізаваць сябе як у мацярынстве, так і ў прафесійнай сферы. «Засталося толькі абудзіць жаданне ў нашых дзяўчат і, як кажа кіраўнік дзяржавы, зрабіць мацярынства і шматдзетнасць моднымі», — заключыла яна.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю